Карсыканская мова

Карсыканская мова
Corsu, Lingua corsa
Карсыканскія дыялекты
Ужываецца ў Францыі, Італіі
Рэгіён Корсыка, поўнач Сардыніі
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Дапаможная мова ў Францыі
Статус: 4 Адукацыйны[d][1]
Пісьмо лацінскае пісьмо
Коды мовы
ISO 639-1 co
ISO 639-2(Б) cos
ISO 639-2(Т) cos
ISO 639-3 cos

Карсыка́нская мова (саманазва: corsu, lingua corsa; вымаўл. [ˈkɔrsu]) — адна з моваў у складзе італа-далматынскае падгрупы раманскае групы індаэўрапейскае моўнае сям’і, на якой размаўляюць на востраве Корсыка (Францыя) і поўначы востраву Сардынія, Італія. Па пераходзе Корсыкі ў склад Францыі ў 1768 годзе на востраве паступова ўзрастала выкарыстаньне францускае мовы, у выніку чаго прыкладна ў сярэдзіне ХХ ст. усе карсыканцы набылі веды францускае мовы, паводле стану на 1990 год прыкладна 50% карсыканцаў мелі некаторую ступень валоданьня карсыканскай мовай і прыблізна 10% выкарыстоўвалі мову як мову асноўных зносінаў[2]. Паводле інфармацыі лінгвістычнага парталу Ethnologue колькасьць носьбітаў карсыканскае мовы ў Францыі складае 30 тыс чал.[3], 125 тыс. чал. маюць некаторыя веды мовы.

Колькасьць носьбітаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкарыстаньне карсыканскае мовы на Корсыцы зьніжаецца ў параўнаньні з ужываньнем францускае мовы. Так, зьвесткі 1980 году сьведчаць пра пэўную ступень валоданьня мовай сярод 70% насельніцтва востраву, у той час як у 1990 годзе гэтая дзеля зьнізілася да 50%; як мову асноўных зносінаў карсыканскую выкарыстоўвала 10% ад насельніцтва Корсыкі[2]. Гэтыя зьвесткі ня ўлічваюць носьбітаў блізкіх да карсыканскай мовы дыялектаў, распаўсюджаных на поўначы суседняга востраву Сардынія. Партал Ethnologue падае дадзеныя пра наяўнасьць па 100 тыс носьбітаў галюрскага й сасарскага дыялектаў, якія, зрэшты, разглядаюцца парталам як дыялекты сардынскае мовы[4][5].

ЮНЭСКО адносіць карсыканскую мову да катэгорыі моваў, што знаходзяцца пад патэнцыйнай пагрозай зьнікненьня з прычыны наяўнасьці ў мовы вялікай колькасьці носьбітаў дзіцячага ўзросту, але адсутнасьці афіцыйнага статусу або прэстыжу[6]. Разам з тым, францускія ўлады прадпрымаюць пэўныя захады па захаваньні карсыканскае мовы.

У 1991 годзе было анансавана пра падтрымку карсыканскае мовы з боку ўраду, у якой адну з галоўных роляў прыняў Карсыканскі ўнівэрсытэт Паолі Паскаля[7].

Карсыканская мова выкладаецца вызначаную колькасьць гадзінаў у малодшых клясах школаў Корсыкі і, у якасьці факультатыву, у сярэдняй школе[8], мова зьяўляецца абавязковай у Карсыканскім унівэрсытэце. У шэрагу выпадкаў мова можа выкарыстоўвацца ў судох ды іншых органах дзяржаўнага кіраваньня. Рада па культуры Карсыканскай асамблеі выступае за пашырэньне ўжытку карсыканскае мовы, напрыклад, на шыльдах.

Паходжаньне карсыканскіх пісьмовых працаў прасочваецца прыкладна ў часы XVII ст.[9] Нягледзячы на гэта, гісторыя пісьмовай карсыканскай мовы можа адлічвацца ад ХІІІ ст. па зьяўленьні царкоўных і прававых дакумэнтаў, якія складаліся царкоўнымі служыцелямі. Першым падобным дакумэнтам лічыцца купчая зь мястэчка Патрымоніё, якая датуецца 1220 годам[10].

Як мяркуе антраполяг Д. Вэрдоні, сучасная карсыканская літаратура зьяўляецца адной з значных частак карсыканскай ідэнтычнасьці[11]. У другой палове ХХ ст. у карсыканамоўным асяродзьдзі назіраўся ўздым музычнае творчасьці[12]. Існуюць сучасныя аўтары, якія таксама выкарыстоўваюць для сваіх твораў карсыканскую мову[13]. Карсыканамоўныя творы выходзілі таксама цягам XVIIIХІХ стст., аўтары якіх пісалі таксама і на іншых мовах.

У вуснай літаратурнай традыцыі адзначаліся баляды, якія паходзяць зь мясцовых рытуальных абрадаў[14]. Найбольш выбітнымі выканаўцамі гэтага жанру сталі Марыёла дэла П’яцоле ды Клярында Франзэчы, якія жылі ў XVIII ст.

Прыкладна да сярэдзіны І ст. н. э. сучасьнікі (напрыклад, Сэнэка) адзначалі, што жыхары Корсыкі ня мелі дачыненьня да лацінянаў і размаўлялі на незразумелай ім мове. Мова гэтага насельніцтва, верагодна, пакінула свой субстрат, які захаваўся ў тапаніміцы і некаторых словах галюрскага дыялекту. У другой палове V ст. н. э. востраў акупавала племя вандалаў, у гэты пэрыяд фіксуюцца раньнехрысьціянскія дакумэнты, складзеныя на лаціне.

У наступным на Корсыцы адзначаецца прысутнасьць італьянскіх дыялектаў. Гэтыя дыялекты паходзяць ад вульгарнае лаціны, гэтыя дыялекты (у прыватнасьці, тасканскі) далі пачатак раньнім формам карсыканскае мовы. Даўжэйшым пэрыядам адзначалася панаваньне над Корсыкай Генуі, аднак у цэлым карсыканскія лінгвістычныя рысы не спалучаюцца з рысамі генуэскага дыялекту.

Па ўзмацненьні ролі францускае мовы карсыканская мова ўмоўна набыла дзьве формы, галізаваную (то бок, з пэўнай дзеляй францускага ўплыву ў тых ці іншых рысах) і пурыстычную, зь якой выдаляліся францускія моўныя элемэнты[15].

Карсыканская мова вызначанаю колькасьцю характарыстык збліжаецца з раманскімі мовамі й дыялектамі Апэнінскага паўвостраву, што дае падставу некаторым лінгвістам разглядаць карсыканскую мову як адзін з цэнтральна-паўднёвых дыялектаў нароўні з тасканскім, нэапальскім, сыцылійскім і г. д.[16] або як ідыём, які цесна зьвязаны з тасканскім дыялектам італьянскае мовы.

У сваю чаргу, карсыканская мае ўласны дыялекты падзел. Маўленьне востраву Корсыка падзяляецца на дзьве дыялектныя групы, распаўсюджаныя на поўначы й поўдні востраву. Дыялект адміністрацыйнага цэнтру Корсыкі гораду Аяча звычайна апісваецца як дыялект з рысамі, пераходнымі між паўночнай і паўднёвай дыялектнымі групамі. Асабілвым чынам вылучаюцца дыялекты Кальві (паўночны захад востраву) і Баніфача (поўдзень), якія збліжаюцца зь лігурыйскай мовай, распаўсюджанай у Лігурыі (паўночны захад Італіі).

На поўначы востраву Сардынія распаўсюджаныя галюрскі й сасарскі дыялекты. Гэтыя дыялекты могуць лічыцца, апрача як дыялектаў карсыканскай, дыялектамі сардынскай мовы або асобнымі мовамі. Апошні пункт гледжаньня ўскосна падмацоўваецца ўладамі Сардыніі, якія прызнаюць галюрскі й сасарскі як мовы, роўныя зь іншымі мовамі востраву[17].

У пісьмовай карсыканскай мове выкарыстоўваецца лацінскі альфабэт з 22 літараў, якія прымяняюцца для запісу ўласна карсыканскіх словаў. У альфабэтным складзе існуюць літары k, w, x, y, аднак яны сустракаюцца ў толькі запазычаньнях. У альфабэтны пералік таксама ўключаюцца дыграфы й трыграфы chj, ghj, sc, sg, якія лічацца асобнымі літарамі і ўжываюцца пасьля літараў c, g, s адпаведна.

Апрача традыцыйных літараў могуць выкарыстоўвацца дыякрытычныя знакі. Прыкладам, гравіс (`) адлюстроўвае неперадапошні націск слова, у навуковай літаратуры можа выкарыстоўвацца трэма для адрозьненьня некалькіх асобных галосных ад дыфтонгу (якія звычайна пазначаюцца дзьвюмал ітарамі для галосных гукаў). У старых пісьмовых дакумэнтах могуць сустракацца акут (´) над націскным e і цыркумфлекс (ˆ) над націскным o, якія пазначаюць, адпаведна, фанэмы /e/ ды /o/. Літара i, як і ў італьянскай мове, не нясе гукавай нагрузкі ў дыграфах і трыграфах: напрыклад, sciarpa пазначае вымаўленьне [ˈʃarpa]. У некаторых словах гэтая літара не нясе гукавай нагрузкі ў ініцыяльнай пазыцыі: istu — [ˈstu].

Лінгвістычныя рысы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Галосныя:

Гукавы лад карсыканскае мовы мае прынамсі шэсьць фанэмаў. Галосныя могуць назалізавацца (набываць насавое вымаўленьне) перад n або gn, перад p або b яны, як правіла, асымілююцца да /m/. На пісьме падобныя галосныя пазначаюцца спалучэньнем кшталту «літара для галоснага» + n/m/gn. Ніжэй прыведзены пералік галосных гукаў карсыканскае мовы ўключна з аляфонамі. Апісаньне гукаў ажыцьцяўленае паводле міжнароднага фанэтычнага альфабэту.

Маецца прынамсі 25 зычных гукаў. Як і ў іншых раманскіх мовах, некаторыя зь іх, а менавіта /ɲ/ ды /ʎ/, могуць паўставаць толькі ў сьцячэньнях зычных /ɲj/ і /ʎj/ адпаведна. Ніжэй прыведзены інвэнтар зычных у карсыканскай мове.

  Білябіяльныя Лябіядэнтальныя Альвэалярныя Палята-альвэалярныя Палятальныя Вэлярныя Лябіялізаваныя вэлярныя
Выбухныя p  b   t  d     k  ɡ   ɡʷ
Афрыкаты     ts  dz t͡ʃ  d͡ʒ      
Фрыкатывы   f  v s ʃ  ʒ      
Насавыя m   n   ɲ    
Дрыжачыя     r        
Апраксыманты         j   w
Лятэральныя     l   ʎ    
  1. ^ а б Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ а б Le Corse en France (фр.) Euromosaic Праверана 27 лютага 2014 г.
  3. ^ Corsican | Ethnologue
  4. ^ Sardinian, Gallurese | Ethnologue
  5. ^ Sardinian, Sassarese | Ethnologue
  6. ^ Tapani Salminen. UNESCO Red Book on Endagered Languages: Europe: // helsinki.fi. — 1993-1999.
  7. ^ Daftary, Farimah. Insular Autonomy: A Framework for Conflict Settlement? A Comparative Study of Corsica and the Åland Islands. — European Centre For Minority Issues, 2000. — С. 10-11.
  8. ^ Michel Barat. Dispositif académique d’enseignement de la langue corse dans le premier degré – année scolaire 2010-2011. — Ajaccio: 2010.
  9. ^ The Corsican language (анг.) Transcript Праверана 27 лютага 2014 г.
  10. ^ Scalfati, Silio P. P. Latin et langue vernaculaire dans les actes notariés corses XIe-XVe siècle. — La langue des actes. XIe Congrès international de diplomatique. — 2003.
  11. ^ Verdoni, Dumenica. Etat/identités: de la culture du conflit à la culture du projet"\. — Centru Culturale Universita di Corsica, 2008.
  12. ^ Magrini, Tullia. Music and Gender: Perspectives from the Mediterranean. — University of Chicago Press, 2003. — С. 53. — ISBN 0-226-50166-3
  13. ^ Corsican Literature Today (анг.) Transcript Праверана 27 лютага 2014 г.
  14. ^ Stephen Wilson. Feuding, Conflict and Banditry in Nineteenth-Century Corsica. — Cambridge University Press, 2003. — 576 с.
  15. ^ Blackwood, Robert J. 23 // Corsican distanciation strategies: Language purification or misguided attempts to reverse the gallicisation process?. — Multilingua – Journal of Cross-Cultural and Interlanguage Communication, 2004. — Т. 3. — С. 233-255.
  16. ^ Italian Language
  17. ^ Legge Regionale 15 ottobre 1997, n. 26 (італ.). Regione Autonoma della Sardegna. Праверана 27 лютага 2014 г.
  • Jaffe, Alexandra. Ideologies in Action: Language Politics on Corsica. — Walter de Gruyter, 1999. — ISBN 3-11-016445-0

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]