Картаген мусіць быць разбураны

Маркус Порцыюс Катон, вядомы сваімі выступамі ў Сэнаце з заклікам да разбурэньня Картагену

«Картаге́н му́сіць быць разбу́раны» (па-лацінску: Carthago delenda est) ці «Акрамя таго, я мяркую, што Картаген мусіць быць разбураны» (лац. Ceterum censeo Carthaginem delendam esse) — лацінскі крылаты выраз, які азначае настойлівы заклік да барацьбы з ворагам ці перашкодаю. У шырэйшым сэнсе — сталае вяртаньне да аднаго і таго ж пытаньня, не зважаючы на агульную тэматыку абмеркаваньня.

І дабіўся-ткі свайго

У працы «Жыцьцё Катона Старэйшага» старажытнагрэцкі жыцьцяпісец Плютарх згадвае, што рымскі вайскавод і дзяржаўны дзяяч Катон Старэйшы, непрымірымы вораг Картагену, сканчаў усе свае прамовы (безуважна ад іхняе тэматыкі) ў сэнаце фразай: «Акрамя таго, я мяркую, што Картаген мусіць быць разбураны» (лац. Ceterum censeo Carthaginem esse delendam). Разнастайныя формы выразу таксама сустракаюцца ў некаторых іншых старажытных крыніцах[1].

Нягледзячы на посьпех першай і другой Пунічных войнаў, у якіх Рым змагаўся зь фінікійскім местам-дзяржавай Картагенам за панаваньне ў Міжземным моры, рымляне атрымалі шэраг крыўдных паразаў ад Картагену і баяліся ейнага адраджэньня, што прывяло да жаданьня поўнай перамогі і адпомсты ўсіх стратаў. Акрамя таго, Картаген хутка аднаўляўся і па-ранейшаму ствараў значную канкурэнцыю рымскаму гандлю. Гэта і прывяло да зьяўленьня настойліва паўтаранага закліку.

У рэшце рэшт падчас трэцяй Пунічнай вайны паўмільённае места Картаген было цалкам зьнішчанае, а жыхары, якія засталіся жывыя, прададзеныя ў рабства. Месца, дзе разьмяшчалася места, было засыпанае сольлю. Аднак надалей рымляне зноў засялілі Картаген, які стаў галоўным местам рымскай Афрыкі і адным з найбуйнейшых местаў імпэрыі ўсутыч да арабскага заваяваньня. Цяпер на тым месцы, дзе знаходзіўся Картаген, разьмяшчаецца прадмесьце Тунісу.

  1. ^ Charles E. Little. The Authenticity and Form of Cato's Saying "Carthago Delenda Est"  (анг.) // The Classical Journal. — 1934. — Т. 29. — № 6. — С. 429—435.