Нарадзіўся ў Малых Сватанёвіцах, у хуткім часе з бацькамі пераехаў ва Упіцэ. Вучыўся ў гімназіі ў Градцы Кралавэ, а пазьней у Брне, куды мусіў перавесьціся праз антывугорскую дзейнасьць. У 1915 годзе скончыў філязофскі факультэт Карлавага ўнівэрсытэта ў Празе, пасьля вывучаў філязофію ў Бэрліне і Парыжы. Праз хваробу ня быў прызваны ў войска і ня ўдзельнічаў у баях першай сусьветнай вайны. Аднак гэтая вайна вельмі паўплывала на сьветабачаньне пісьменьніка.
Пасьля сканчэньня навучаньня некаторы час працаваў дарэктарам у шляхецкай сям’і, але хутка заняўся журналістыкай. Працаваў рэдактарам у некалькіх часопісах: «Národní listy» (1917—1921), «Nebojsa» (1918—1920) і «Lidové noviny» (з 1921 году).
Літаратурную творчасьць пачаў перад першай сусьветнай вайной, спачатку пісаў разам з братам Ёзэфам, які быў перш за ўсё мастаком. На яго творчасьць вельмі паўплывала філязофская і эстэтычная адукацыя, перш за ўсё прагматызм і экспрэсіянізм, а таксама навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Шмат у якіх творах Чапэк выказваў непакой, што тэхніка будзе мець уладу над чалавекам.
Адметнай рысай творчасьці Карэла Чапэка зьяўляецца выкарыстаньне надзвычай багатага слоўнікавага запасу, выкарыстаньне нязвыклых словаў і разьвітыя сынтасксычныя канструкцыі. Чапэку належыць аўтарства слова «робат», якое зь ягонай п’есай «R.U.R» распаўсюдзілася па ўсім сьвеце.
У творах Чапэка рэалізуецца індывідуалістычны падыход, і, значыць, прызнаньне моцы індывідуўма, суб’ектыўнасьці праўды.
Опус Карэла Чапэка вельмі вялікі. Ягоныя творы падзяляюць на дзьве тэматычныя групы:
Творы, прысьвечаныя вывучэньню ўнутранага жыцьця асобы, з дапамогай якога Чапэк намагаецца спазнаць чалавека.
Утапічныя творы, у якіх Чапэк аналізуе грамадзкія праблемы. У некаторых творах адчувальны непакой ад надыходзячага фашызму. Гэтыя творы — прадвесьце чэскай навуковай фантастыкі.
Журналісцкая праца Карэла Чапэка зьвязаная перш за ўсё з газэтай «Lidové noviny» («Народная газэта»), дзе ён у пэўным сэньсе працягваў справу Яна Нэруды. Напісаў вялікую колькасьць фэльетонаў і калёнак.
«Зьзяйныя глыбі» (Zářivé hlubiny, 1916) — кніжнае выданьне апавяданьняў, друкаваных у часопісах у суаўтарстве з братам Ёзэфам.
«Божыя мукі» (Boží muka, 1917) — філязофскія апавяданьні, прысьвечаныя вывучэньню таямніцы чалавечай душы і лёсавызначальных выпадковасьцяў у жыцьці чалавека (у суаўтарстве зь Ёзэфам Чапэкам).
«Сад Краканоша» (Krakonošova zahrada, 1918) — кніжнае выданьне малых празаічных твораў, друкаваных у часопісах (у суаўтарстве з братам Ёзэфам) у 1908—1911 гадох.