Касьцяніцы, Касьцянка[1], Касьцяніцы камяністыя[2] (Rúbus saxátilis) — шматгадовая расьліна-меданос; від роду Маліна сямейства Ружавыя[3].
Касьцяніцы | |
Агульны выгляд расьліны з пладамі | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Расьліны |
Аддзел | Кветкавыя |
Кляса | Дзьвюхдольныя |
Сямейства | Ружавыя |
Род | Маліна |
Від | Касьцяніцы |
Бінамінальная намэнклятура | |
Rubus saxatilis L. | |
Касьцяніцы камяністыя, касьцяніцы, коцезельле[4][5], касьцянка[6][7], касьцяніка[8].
Касьцяніцы — невялікая шматгадовая травяністая расьліна вышынёю 15-30 см з прастастойнымі кветаноснымі бадылямі, укрытымі шыпамі і валаскамі[9]. Ад карэнішча адыходзяць аднагадовыя неквітучыя паўзучыя парасткі (вусы) даўжынёй да 1,5 м, якія сьцелюцца і ўкараняюцца да восені.
Лісьце чаргаванае, доўгачаранковае, трайчастае, двойчынадрэзанае, шурпатае, з жорсткімі валасінкамі[9]. Прылісткі свабодныя, яйкападобна-ланцэтныя.
Кветкі белыя з 5 вузкімі пялёсткамі, невялікія, абодваполыя, сабраныя на верхавіне бадыля па 3-10 у шчыткападобныя або парасонападобныя суквецці. Цьвіце ў траўні — чэрвені[9].
Плод — параўнальна буйная шматкасьцянка ярка-чырвонага або памяранцава-чырвонага колеру, складаецца звычайна з чатырох плодзікаў, унутры кожнага маецца буйная костка. Звычайна на кустоўі пладоў не многа[9]. Ягады сакаўныя, кісьлявыя, нагадваюць па смаку гранат. Плады сьпеюць у ліпені — жніўні.
У пладах касьцяніц утрымліваюцца вугляводы, арганічныя кіслоты, пэкцінавыя і дубільныя рэчывы, да 44 мг% вітаміна C, больш за 1000 мг% фляванойдаў, такафэроль, фітанцыды. У надземнай часткі — алькалёіды, фляваноіды, дубільныя рэчывы, рутын, аскарбінавая кісьля.
Пашыраны ва ўмеркаванай зоне Эўразіі. Шырока распаўсюджаны па ўсёй Эўропе і Азіі ад Ісьляндыі і Гішпаніі на ўсход да Кітая. Акрамя таго, былі знойдзены ў Грэнляндыі.
У Літве (Беларусі) трапляюцца ў лясох, зарасьніках хмызьняку, на лугавых схілах. У Расеі сустракаюцца ў многіх раёнах эўрапэйскай часткі (акрамя крайняга поўдня), у Сібіры і на Далёкім Усходзе. У Сярэдняй Расеі вядомая ва ўсіх абласьцях, прымеркаваная да вільготных лясоў, пераважна хваёвых. Ва Ўкраіне распаўсюджана звычайна ва ўсіх лясных, радзей лесастэпавых раёнах, у стэпавых раёнах — толькі па далінах буйных рэк.
Расьце ў іглічных, зьмешаных, радзей лісьцяных вільготных лясох, можа сустракацца на высечках і просеках. Ценетрывалая расьліна. Цьвіце ў маі, плады сьпеюць у ліпені.
Касьцяніцы могуць утвараць шчыльныя зарасьнікі, распаўсюджваючыся пры дапамозе сваіх парасткаў. Яны таксама могуць распаўсюджвацца насеньнем, так як іх плады зьядаюцца птушкамі, якія пераносяць насеньне ў іншыя месцы са сваім памётам.