Конар Галагер | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 6 лютага 2000[1] (24 гады) | |
Рост | 182 см | |
Пазыцыя | паўабаронца | |
Клюбная інфармацыя | ||
Клюб | Атлетыка Мадрыд | |
Нумар | 4 | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
2019—2020 2020 2020—2021 2021—2022 2022—2024 2024— |
Чэлсі → Чарлтан Атлетык (арэнда) → Сўонсі Сіці (арэнда) → Ўэст Бромўіч (арэнда) → Крыстал Пэлас (арэнда) Атлетыка Мадрыд |
72 (8) 26 (6) 21 (0) 30 (2) 34 (8) 10 (2) |
Зборныя | ||
2021— | Ангельшчына | 21 (1) |
¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі |
Ко́нар Га́лагер (па-ангельску: Conor Gallagher; нар. 6 лютага 2000 году) — ангельскі футбаліст, паўабаронца гішпанскага клюбу «Атлетыка» і нацыянальнай зборнай Ангельшчыны.
Галагер далучыўся да акадэміі «Чэлсі» ў веку 8 гадоў[2]. У кастрычніку 2018 году склаў прафэсійны кантракт з клюбам. Ня маючы гульнявой практыкі ў першай камандзе, Галагер у жніўні 2019 году на правах арэнды далучыўся да «Чарлтан Атлетыка»[2]. Ужо ў першых сваіх шасьці матчах паўабаронца забіў тры галы, а ў першы месяц быў прызнаны найлепшым маладым футбалістам Чэмпіёншыпу[3][4]. У студзені 2020 году гулец быў адкліканы ў «Чэлсі», каб далучыцца таксама ў статусе арандаванага футбаліста да «Сўонсі Сіці»[5]. Пазней Галагер прыгадваў, што час, які ён бавіў у «Суонсі», дазволіў яму працаваць больш творча, чым гэта было да таго[6].
17 верасьня 2020 году Галагер падпісаў новы пяцігадовы кантракт з «Чэлсі» і зноў выправіўся ў арэнду ў клюб Прэм’ер-лігі «Ўэст Бромўіч Альбіён» на сэзон 2020—2021 гадоў[7][8]. 28 лістапада паўабаронца пацэліў свой першы гол у элітным дывізіёне ў хатнім матчы супраць «Шэфілд Юнайтэду». Матч скончыўся зь лікам 1:0[9]. Свой наступны сэзон ангелец правёў у складзе «Крыстал Пэлас», дзе таксама як і ў папярэднім клюбе быў гульцом асноўнага складу. Улетку 2022 году вярнуўся ў «Чэлсі», дзе замацаваўся ў першай камандзе. 6 жніўня 2022 году спартовец запачаткаваў выступы ў кашулі лёнданскага клюбу ў Прэм’ер-лізе, згуляўшы ў матчы супраць «Эвэртану»[10]. Перад сэзонам 2023—2024 гадоў «Чэлсі» адхіліў прапанову «Ўэст Гэм Юнайтэду», а сам Галагер упершыню згуляў матч у якасьці капітана каманды, рэгулярна апранаючы капітанскую повязь пры адсутнасьці Рыса Джэймза і Бэна Чылўэла[11].
У канцы сэзону 2023—2024 гадоў зьявіліся чуткі, што Галагер можа пакінуць «Чэлсі»[12]. У ліпені 2024 году «Чэлсі» пачаў перамовы з гішпанскім клюбам «Атлетыкам» аб магчымым трансфэры гульцы, а пазьней прыняў прапанову аб трансфэры[13][14]. Пасьля таго, як яму сказалі, што ён ня будзе рэгулярна выступаць у складзе новага трэнэра «Чэлсі» Энца Марэскі, пазьней футбаліст пагадзіўся на пераход[15][16]. 21 жніўня 2024 году мадрыдцы абвесьцілі, што Галагер склаў з клюбам пяцігадовы кантракт[17][18]. Паводле зьвестак The Guardian, гулец каштаваў гішпанцам у 34 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў[19].
Праз сваё паходжаньне, акрамя Ангельшчыны, Галагер меў мажлівасьць абараняць гонар Шатляндыі і Ірляндыі. 14 лістапада 2021 году футбаліст атрымаў свой першы выклік у нацыянальную зборную Ангельшчыны[20]. На наступны дзень ён згуляў свой першы матч, выйшаўшы на замену ў пераможным матчы супраць зборнай Сан-Марына, які скончыўся зь лікам 10:0[21]. 26 сакавіка 2022 году ўпершыню выйшаў у пачатковым складзе ў таварыскім матчы супраць зборнай Швайцарыі. Ангельцы здолелі атрымаць перамогу зь лікам 2:1, а Галагер зрабіў галявы пас на Люка Шоў[22].