Крыжавік

Крыжавік
эўрапейскі садовы павук
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпСуставаногія
КлясаПавукападобныя
АтрадПавукі
ПадатрадАранэаморфныя павукі
СямействаПавукі-колапрады
РодКрыжавікі
ВідКрыжавік
Бінамінальная намэнклятура
Araneus diadematus

Крыжавік, эўрапейскі садовы павук (па-лацінску: Araneus diadematus) — распаўсюджаны ў Эўропе і Паўночнай Амэрыцы від павукоў-колапрадаў. Пражывае ў лясох і садох, а таксама ў адкрытых мясьцінах, калі яны ня цалкам абязьлесеныя.

Крыжавік у цемры

Сваю назву атрымаў за плямістыя пазнакі на сьпіне, якія складаюцца зь пяці ці болей кропак, што ўтвараюць крыж. Белыя кропкі ўтвараюцца з каморак, запоўненых гуанінам, староньнім прадуктам пратэінавага мэтабалізму[1]. Колер астатняга цела можа вар’явацца ад жаўтавата-карычневага да амаль чорнага.

Цела складаецца з двух аддзелаў: галавагрудзяў і бруха. На верхнім баку галавы знаходзяцца восем простых вочак, а на ніжнім, вакол роту, дзьве пары сківіцаў.

Дарослыя саміцы маюць даўжыню ад 6,5 да 20 мм, самцы — 5,5—13 мм[2].

Жыцьцядзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Саміца з кроплямі расы
Саміца

Крыжавікі звычайна жывуць да 3 гадоў.

Павуціну сплятаюць у асноўным на галінах дрэваў і хмызьнякоў. Яна характэрнай вельмі правільнай круглявай формы, моцна напятая і, як правіла, мае каля трыццаці прамянёў. Дыямэтар павуціньня можа дасягаць 45 см. На ім павукі зазвычай разьмяшчаюцца галавой долу, чакаючы сваёй здабычы. Пасьля таго, як ахвяра трапіла ў сетку, павук забівае яе сваёй атрутай і выдзяляе ў яе цела стрававальныя сокі. Здабыча абгортваецца павуціньнем і пакідаецца на пэўны час, за які ўнутраныя органы ахвяры пераварваюцца. Уночы крыжавікі зьядаюць свой «улоў» разам з павуціньнем. Па назіраньнях, усё гэта адбываецца цягам некалькіх хвілінаў. Зранку сплятаеццца новае павуціньне[3].

Дарослыя самцы не плятуць павуціньне, увесь свой час праводзячы ў пошуку партнэркі для спарваньня. Знаходзячы павуціньне падыходзячай саміцы, чапляюць да яго сваю ўласную нітку, якая служыць сродкам зносінаў: напінаючы яе, бы струну, самец перадае гукавыя ваганьні саміцавай павуціне.

Так цягнецца да тае пары, пакуль ён не пераканае саміцу наблізіцца да ягонае ніці. Тады пачынаецца полавы акт, які звычайна паўтараецца некалькі разоў. Найчасьцей саміца пасьля гэтага забівае самца.

Яйкі крыжавікі адкладаюць увосень, хаваючы іх у сплецены з павуціньня капшук. Саміца замацоўвае яго пад карой, камянямі, у шчылінах і некалькі тыдняў вартуе яго, пасьля чаго памірае. Увесну з капшуку выходзяць маладыя павучкі. У двухтыднёвым узросьце яны ўжо пачынаюць будуваць уласнае павуціньне, а полавай сьпеласьці дасягаюць напрыканцы лета.

Крыжавік даволі спакойны, і яго цяжка справакаваць на атаку.

Атрута павука таксічная для бесхрыбетных і хрыбетных жывёлаў. Тэрмалабільны гемалізін, які ўваходзіць у яе склад, дзейнічае на эрытрацыты труса, пацука, мышы, чалавека, у той час як эрытрацыты марской сьвінкі, каня, авечкі і сабакі да яго ўстойлівыя. Аднак для чалавека ўкус павука-крыжавіка ледзь адчувальны і абсалютна бясшкодны[3]. У скрайнім выпадку на далікатных участках скуры можа адбыцца амярцьвеньне тканак у выглядзе двух маленькіх кропак і прыпухласьць[4].

Поўны паралюш нэрвова-цяглічнай перадачы ў саранчы разьвіваецца праз 35 хвілін, а ў жабы — праз 15 хвілін пасьля дадаваньня ў амывальную рошчыну гамагенату атрутных залозаў павука ў канцавой канцэнтрацыі залозы ў 2 мл. На сынапсісы хрыбетных атрута дзейнічае зваротна, у адрозьненьне ад незваротнага эфэкту на сынаптычны апарат бесхрыбетных.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Rainer F. Foelix Biologie der Spinnen. — Stuttgart: Thieme, 1992. — ISBN 3135758028
  2. ^ Cross Orbweaver, Penn State Entomology
  3. ^ а б Cross Spider, Washington NatureMapping Project
  4. ^ Ядовитые животные. Паук-крестовик (рас.) Праверана 22 лістапада 2010 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Araneus diadematusтаксанамічная інфармацыя