![]() Крыштап Жыгімонт Пац | |
![]() Герб «Газдава» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1621 |
Памёр | 10 студзеня 1684 |
Пахаваны | |
Род | Пацы |
Бацькі | Стэфан Пац Ганна з Дусяцкіх |
Жонка | Кляра Ізабэла дэ Майлі |
Дзеці | Сын (памёр у маленстве) |
Дзейнасьць | дыплямат, дзяржаўны дзяяч, палітык |
Крыштап Жыгімонт Пац (1621 — 10 студзеня 1684) — вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Харунжы (1646—1856), падканцлер (1656—1658) і канцлер вялікі літоўскі (з 1658).
Быў старостам ковенскім, пінскім і астрынскім, адміністратарам Гарадзенскай і Аліцкай эканоміяў.
Зігімунд, Зігімунт, Зігісмунд або Зігісмонд, пазьней Зыгмунд, Зыгмант або Жыгмант (Sigimund, Sigimunt, Sigismund, Sigismondus[3], Siegmund, Zygmont[4], Żygmont[4]) — імя германскага паходжаньня[5]. Іменная аснова сіг- (зыг-, зег-) (імёны ліцьвінаў Зігібут, Зыгел, Зыгер; германскія імёны Sigibot, Sigel, Siger) паходзіць ад гоцкага і бургундзкага sigus 'перамога'[6], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Скірмунт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sciremunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[7] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[6]. Такім парадкам, імя Жыгімонт азначае «перамога гарлівасьці»[8].
Адпаведнасьць імя Жыгімонт германскаму імю Sigimund сьцьвердзілі францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[9], і амэрыканскі лінгвіст Альфрэд Зэн[10].
З шляхецкага роду Пацаў гербу «Газдава», сын Стэфана, падканцлера вялікага літоўскага, і Ганны з Дусяцкіх.
Навучаўся ў Кракаве, Падуі і Лейдэне. У Рыме дамогся дазволу запрасіць у Пажайск камэдулаў, дзе фундаваў іхны кляштар. Служыў у францускай, гішпанскай і галяндзкай арміях, атрымаў шэраг дзяржаўных пасадаў. У 1651 року на чале ўласнай гусарскай харугвы браў удзел у вайне супраць казакоў ва Ўкраіне. Быў адным з творцаў Аліўскай дамовы (1660 рок) паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй.
Падтрымліваў прымірэньне Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай і складаньня зь ёй хаўруса супраць Турэччыны, інсьпіраваў падпісаньне Андросаўскага замірэньня (1667 рок) і потым зьвязу з Маскоўскай дзяржавай.
Быў зацятым супернікам Радзівілаў. Дамагаўся гвалтоўнай ліквідацыі канфэдэратаў у войску[11].
Карыстаўся вялікім даверам караля і ўвесь свой час праводзіў пераважна ў кампаніі манарха. Прытрымліваўся францускай арыентацыі і праекту абараньня караля і вялікага князя пры жыцьці папярэдніка, але ў 1667 року перайшоў да прааўстрыйскай шляхецкай групоўкі. На выбарах караля падтрымаў кандыдатуру Міхала Вішнявецкага (1669 рок), выступіў супраць абраньня Яна Сабескага (1674 рок). У канцы жыцьця страціў палітычны ўплыў[12].
У шлюбе з Клярай Ізабэлай дэ Майлі (1654 рок) меў сына, які памёр у маленстве.