Кузьма Кісялёў | ||||
па-беларуску: Кузьма Венедыктавіч Кісялёў | ||||
1-ы міністар замежных справаў Беларускай ССР | ||||
---|---|---|---|---|
30 сакавіка 1944 — 14 траўня 1966 | ||||
Прэм’ер-міністар: | Панцеляймон Панамарэнка, Аляксей Кляшчоў, Кірыла Мазураў, Мікалай Аўхімовіч, Ціхан Кісялёў | |||
Папярэднік: | Аляксандар Чарвякоў | |||
Наступнік: | Анатоль Гурыновіч | |||
Першы намесьнік старшыні СНК БССР | ||||
сьнежань 1943 — сакавік 1958 | ||||
Прэм’ер-міністар: | Іван Былінскі | |||
1-ы старшыня Ўльянаўскага аблвыканкаму | ||||
19 студзеня 1943 — сьнежань 1943 | ||||
Прэм’ер-міністар: | Іван Хахлоў, Аляксей Касыгін | |||
Наступнік: | Яўген Яўсееў | |||
6-ы старшыня Савету народных камісараў БССР | ||||
28 ліпеня 1938 — 28 чэрвеня 1940 | ||||
Папярэднік: | Апанас Кавалёў | |||
Наступнік: | Іван Былінскі | |||
10-ы народны камісар аховы здароўя БССР | ||||
чэрвень 1937 — 28 ліпеня 1938 | ||||
Прэм’ер-міністар: | Апанас Кавалёў | |||
Папярэднік: | Павал Бурачэўскі | |||
Наступнік: | Іван Новікаў | |||
Асабістыя зьвесткі | ||||
Нарадзіўся: |
1 лістапада 1903 в. Лабковічы, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя | |||
Памёр: |
4 траўня 1977 Менск, Беларуская ССР, СССР | |||
Партыя: | Камуністычная партыя Беларусі | |||
Дзеці: | сын Васіль Кісялёў, дачка Алена Круглік[1] | |||
Бацька: | Венядзікт Кісялёў | |||
Адукацыя: | Варонескі ўнівэрсытэт (1928), Камуністычны ўнівэрсытэт імя Сьвярдлова (1933), Усесаюзны інстытут экспэрымэнтальнай мэдыцыны (1936, асьпірантура) | |||
Узнагароды: |
|
Кузьма́ Венядзі́ктавіч Кісялё́ў (1 лістапада [ст. ст. 20 кастрычніка] 1903, в. Лабковічы, цяпер Крычаўскі раён, Магілёўская вобласьць, Беларусь — 1977, Менск, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч і дыплямат Беларускай ССР.
Кандыдат мэдычных навук (1936), надзвычайны і паўнамоцны амбасадар (1944). Дзясяты народных камісар аховы здароўя Беларускай ССР (1937—1938), 6-ы старшыня Савету народных камісараў БССР (1938—1940), 1-ы міністар замежных справаў БССР (1944—1966)[2].
Нарадзіўся ў хрысьціянскай сям’і вясковага пастуха Венядзікта Кісялёва і хатняй гаспадыні. Меў 10 братоў. У дзяцінстве скончыў царкоўна-прыходзкую школу. У юнацтве пасьля хваробаў у жывых засталося 5 братоў і сясьцёр[3]. У 1918 годзе паступіў у Крычаўскую вучэльню на настаўніка[4]. У 1919—1922 гадах зь 15 гадоў быў сакратаром Маляціцкага валаснога камітэту камсамолу (Чэрыкаўскі павет, Гомельская губэрня). У 1922 годзе запісаўся ў Чырвоную армію. У верасьні 1922 году паступіў у Смаленскі ўнівэрсытэт паводле накіраваньня камітэту камсамолу Мсьціслаўскага павету, дзе абраўся сакратаром камсамольскай суполкі мэдычнага факультэту. У студзені 1923 году разам з аднакурсьнікамі перавёўся на мэдычны факультэт(ru) Варонескага ўнівэрсытэту(ru) (Расейская СФСР), які скончыў у 1928 годзе па спэцыяльнасьці лекар-нэўрапатоляг. У 1928—1930 гадах працаваў ардынатарам клінікі нэрвовых хваробаў пры мэдычным факультэце Варонескага ўнівэрсытэту. У верасьні 1930 году паступіў у Інстытут філязофіі і прыродазнаўства Камуністычнага ўнівэрсытэту імя Сьвярдлова ў Маскве, які скончыў у 1933 годзе. У 1932—1937 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам Усесаюзнага інстытуту экспэрымэнтальнай мэдыцыны спачатку ў Ленінградзе, а з 1934 году — у Маскве. Тамсама ў Маскве ў 1936 годзе скончыў асьпірантуру і абараніў кандыдацкую дысэртацыю на навуковую ступеню кандыдата мэдычных навук па тэме «Аб зьмяненьні нэрвовых вузаў цыліярнага і гасерава вузлоў пры артэрыясклерозе мозга». У чэрвені 1937 году сакратар Цэнтральнага камітэту Ўсесаюзнай камуністычнай партыі Андрэй Андрэеў, які быў родам са Смаленскай губэрні, выклікаў яго да сябе і прапанаваў накіраваць у Беларусь у якасьці наркаму аховы здароўя[4].
Ад чэрвеня 1937-га па ліпень 1938 году займаў пасаду 10-га народнага камісара аховы здароўя Беларускай ССР. Зь ліпеня 1938-га па чэрвень 1940 году быў 6-м старшынём Савету народных камісараў БССР. Адначасна ў ліпені 1938 году абраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 1-га скліканьня. Заставаўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР па 6-е скліканьне да 1967 году. Таксама ў 1938—1966 гадах быў сябрам Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі. 24 сакавіка 1940 году абраўся дэпутатам Савету Саюзу Вярхоўнага Савету СССР 1-га скліканьня ад Вялейскай вобласьці БССР. Заставаўся дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР па 4-е скліканьне да 16 сакавіка 1958 году. Ад чэрвеня 1940-га па студзень 1943 году працаваў намесьнікам кіраўніка Ўсесаюзнага інстытуту экспэрымэнтальнай мэдыцыны і кіраўніком Дзяржаўнага мэдычнага выдавецтва[2]. Таксама падчас Нямецка-савецкай вайны атрымаў паўнамоцтвы вызваляць з канцэнтрацыйных лягераў інжынэраў для пашырэньня вытворчасьці рэактыўных гарматаў «Кацюша». У выніку вызваліў звыш 400 чалавек і атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР у савецкім тыле[3]. Са студзеня па сьнежань 1943 году быў 1-м старшынём Ульянаўскага аблвыканкаму (РСФСР). Са сьнежня 1943-га па сакавік 1958 году — першы намесьнік старшыні СНК БССР (ад 15 сакавіка 1946 году — Савету міністраў БССР). Ад сакавіка 1944-га па травень 1966 году быў 2-м народным камісарам (ад сакавіка 1946-га — 1-м міністрам) замежных справаў БССР. Меў ранг надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара.[2]. У красавіку 1945 году ўзначаліў дэлегацыю БССР на Сан-Францыскай канфэрэнцыі (штат Каліфорнія, ЗША), дзе 26 чэрвеня 1945 году падпісаў Статут ААН[5]. Таксама падчас канфэрэнцыі на яго патрабаваньне замянілі таблічку за памылковай назвай дзяржавы «Белая Расея» на «Беларуская ССР». З гэтай нагоды сабраў прэс-канфэрэнцыю, што пашырыла слушны ўжытак назвы Беларусь у друку ЗША. У 1946—1965 гадах узначальваў дэлегацыю БССР на паседжаньнях Генэральнай асамблеі ААН. Увёў звычай браць у склад дэлегацыі пісьменьнікаў, сярод якіх былі Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Якуб Колас і Іван Шамякін. У 1946 годзе на яго прапанову ў ААН зацьвердзілі Пастанову аб непрымяненьні тэрміну даўнасьці да нацысцкіх злачынцаў Другой сусьветнай вайны. Таксама ў 1946 годзе падпісаў ад БССР дакумэнт аб стварэньні дзяржавы Ізраіль. 10 лютага 1947 году на чале дэлегацыі БССР падпісаў Парыскія мірныя дамовы з Баўгарыяй, Вугоршчынай, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй па выніках Парыскай мірнай канфэрэнцыі 1946 году[2]. Паводле сьведчаньня памочніка капітана карабля Яўгена Куніцына, які дастаўляў дэлегацыю СССР у Нью-Ёрк для ўдзелу ў працы Генасамблеі ААН, размаўляў зь 1-м прадстаўніком СССР у ААН Андрэем Грамыкам на беларускай мове[3].
21 сьнежня 1949 году атрымаў адзін зь 70 тканых партрэтаў старшыні Савету міністраў СССР Ёсіфа Сталіна з подпісам 70-гадовага юбіляра. Гэты партрэт быў адным з двух у Беларускай ССР. Другі партрэт дастаўся старшыні СНК БССР Панцеляймону Панамарэнку. У 1951 годзе ўсіх дыпляматаў МЗС БССР арыштавалі ўначы. Тады Кузьма Кісялёў зьехаў у Маскву, дзе на асабістай сустрэчы са Сталіным у Крамлі пісьмова паручыўся за кожнага арыштаванага дыплямата. Наступным ранкам усе дыпляматы былі на працы ў МЗС. У верасьні 1952 году Цэнтральны камітэт Кампартыі Савецкага Саюзу прапанаваў яму пасаду сакратара па кадрах. Аднак Кісялёў адмовіўся, бо пасада прадугледжвала ўдзел у рэпрэсіях ў рамках «барацьбы з касмапалітызмам» і «справы лекараў». У выніку падчас працы савецкім чыноўнікам не падпісаў ніводнага сьпісу для арышту і расстрэлу. У кастрычніку 1952 году ХІХ зьезд КПСС зацьвердзіў на гэтай пасадзе Леаніда Брэжнева, які стаў сябрам Палітбюро. У 1955 годзе прапанаваў ураду БССР стварыць анкалягічную лякарню, бо сьмяротнасьць ад раку перавысіла некалькі тысячаў. У вёсцы Бараўляны на поўначы Менскага раёну ўзьвялі 1-ы паверх лякарні і перанесьлі далейшае будаўніцтва на наступную пяцігодку. Тады на пачатку 1958 году Кузьма Кісялёў самавольна ўставіў у сваю прамову ў ААН 2 абзацы, у якіх згадаў будаўніцтва анкалягічнай лякарні ў Беларусі, на якое запрасіў кіраўніцтва ААН. У выніку ўрад СССР вылучыў сродкі на датэрміновую аднову будоўлі лякарні, бо на яе прыляцеў паглядзець генэральны сакратар ААН Даг Гамаршэльд. Аднак у сакавіку 1958 году Цэнтральны камітэт Кампартыі СССР адмовіўся вылучыць Кісялёва на выбары ў Вярхоўны Савет СССР 5-га скліканьня за самавольную заяву ў ААН. За гэта ж яго зьнялі зьнялі з пасады першага намесьніка старшыні Савету міністраў Беларускай ССР. Пасьля зьняцьця з пасады ён заявіў дома дзецям: «пасты прыходзяць і сыходзяць, а лякарні застаюцца». Разам з тым, у чэрвені 1960 году анкалягічную лякарню пад Менскам дабудавалі. У 1960 годзе ў Камітэце ААН па дэкалянізацыі Афрыкі падтрымаў мірнае здабыцьцё незалежнасьці 17-ю краінамі мацерыка, за што кожны год стаў атрымліваць 17 тэлеграмаў у дзень іх незалежнасьці. У 1965 годзе атрымаў мэдаль «Вогнішча веры» з рук рымскага папы Паўла VI за дазвол на адкрыцьцё касьцёлаў у Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях Беларускай ССР у 1956—1958 гадах, калі займаў пасаду 1-га намесьніка старшыні Савету міністраў БССР[3]. У 1966—1977 гадах працаваў дарадцам у Савеце міністраў БССР[4]. У 1974 годзе выдаў па-расейску «Запіскі савецкага дыплямата». Пасьля сьмерці Сталіна даў яму наступнае апісаньне: «Каўкаскі бандыт — хітры, каварны, жорсткі, але пры гэтым дальнабачны палітык і вельмі верны камуніст». Пры яго пахаваньні ў 1977 годзе на Ўсходніх могілках Менску перакрывалі праспэкт Леніна ад плошчы Якуба Коласа да парку Чалюскінцаў для праезду жалобнага картэжу[3].
У Менску зь сям’ёй жыў у кватэры на Камароўцы.
У роднай вёсцы Лабковічы Крычаўскага раёну (Магілёўская вобласьць) яго імя носіць сярэдняя школа[4].