Культу́ра лейкападо́бных ку́бкаў — археалягічная культура нэалітычных і энэалітычных плямён, якія ў IV — III-м тысячагодзьдзях да н. э. жылі на тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Эўропы, сучаснай Польшчы, паўночна-заходняй часткі Ўкраіны і (на позьнім этапе) паўднёва-заходняй часткі Беларусі. Назва па наяўнасьці ў кераміцы кубкаў зь лейкападобнай (канічнай) шыйкай. Насельніцтва займалася аселым земляробствам (зямлю апрацоўвала, магчыма, з дапамогай запрэжаных быкоў), жывёлагадоўляй (разводзіла быдла, сьвіней і інш.), паляваньнем. Знаходзілася на стадыі патрыярхату. Паселішчы найчасьцей разьмяшчаліся на мысах высокіх берагоў рэчак ці азёраў, некаторыя былі абаронены равамі і валамі. Жытло — невялікія прамавугольныя ў пляне зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы слупавой канструкцыі сярэднім памерам 5х4 м. Будавалі таксама вялікія жытлы даўжынёй да 80 м зь некалькімі памяшканьнямі даўжынёй да 3 м кожнае. Унутры жытлаў разьмяшчаліся глінабітныя агнішчы, побач — гаспадарчыя ямы з абмазанымі глінай сьценкамі дыямэтрам 1,2 м. Пахавальны абрад — трупапалажэньне ў бескурганных могільніках, сустракаюцца мэгалітычныя збудаваньні памерам да 130 х15х3 м зь некалькімі пахаваньнямі пад кожным.
Насельніцтва вырабляла касьцяныя і рагавыя сякеры, матыкі, праколкі, верацёнападобныя наканечнікі дзідаў, кінжалы, лашчылы. Сярод крамянёвых прыладаў працы скошаныя нажы, разцы, праколкі, сьвердлы, клінападобныя чатырохгранныя і сьвідраваныя з грыбападобным абухом сякеры, пласьцінападобныя сярпы, трохвугольныя наканечнікі стрэл і інш. Зрэдку трапляюцца медныя вырабы. Посуд прадстаўлены глінянымі біканічнымі гаршкамі з высокім канічным горлам і вушкамі, невялікімі гаршкамі з налепамі або борцікам пад венцам, амфарамі з вузкім горлам, друшлякамі. Посуд упрыгожвалі зыгзагам пад венцам, косымі насечкамі, пальцавымі ўцісканьнямі, адбіткамі зубчатага штампа ці шнура, простымі геамэтрычнымі ўзорамі. З гліны выраблялі таксама прасьліцы, грузікі, рытуальныя сякеркі. Ва ўсходняй частцы арэала (Валынь і Берасьцейшчыны) помнікі культуры лейкападобных кубкаў зьявіліся ў сярэднім нэаліце (3,5 — 2,5 тыс. гадоў да н. э.). Іх уплыў на мясцовыя нэалітычныя культуры Палесься прасочваецца да вусьця Прыпяці (Цытыльле Маларыцкага, Пішча Любомльскага, Мнёва Чарнігаўскага раёнаў і інш.). Вядома каля 50 паселішчаў, якія дасьледавалі А. Н. Цынкалоўскі, Ю. М. Захарук, Н. А. Пелешчышын. На думку некаторых навукоўцаў, плямёны культуры лейкападобных кубкаў маюць дачыненьне да этнагенэзу старажытных германцаў.