Кіеўскі сынопіс («ΣYΝΟΨΙΣЪ, или Краткоє собраніє ω(т) Различны(х) лѣтописце(в)…») — кампілятыўны агляд рускай і ўсходнеэўрапейскай гісторыі, складзены ў другой палове XVII стагодзьдзя і ўпершыню выдадзены ў 1674 годзе ў друкарні Кіева-Пячэрскай лаўры. Лічыцца першым кароткім нарысам гісторыі Ўкраіны.
Пачынаецца з старажытных славянаў і ўзыходзіць да другой паловы XVII ст., надаючы асаблівую ўвагу Русі. У дадатку зьмяшчаецца сьпіс (росьпіс) князёў, гетманаў і мітрапалітаў[1].
Няма пэўнасьці пра аўтара, хоць часьцей яго прымяркоўваюць да архімандрыта Інакенція Гізеля.
Перавыдаваўся ў 1678 і 1680 гадох з значнымі дапаўненьнямі. За ўвесь час да сярэдзіны ХІХ ст. перавыдаваўся каля 30 разоў.
Выкарыстоўваўся як падручнік з гісторыі ня толькі ва Ўкраіне, Літве і Маскоўскай дзяржаве, але і ў Сэрбіі, Малдове, Баўгарыі[2].
Адзначаў, што ў Эўропе «…Татары Перакопскія, Славяне, Русь, Масква, Польшча, Літва, Мазоўша, Жмудзь, Курляндыя, Ліфлянты або Лівонія, Прусы…»[3], прытым сярод «нашых прашчураў славенарасійскіх» пералічваў адно «Масква, Росы, Палякі, Літва, Памаране, Валынцы»[4].