ЛГБТ (усё часьцей цяпер выкарыстоўваецца форма ЛГБТК+; па-ангельску: LGBTQ+) — акронім, які выкарыстоўваецца для абазначэньня супольнасьці лесьбіек (Lesbian), геяў (Gay), бісэксуалаў і бісэксуалак (Bisexual) і трансгендараў (Transgender)[1]. Тэрмін утвораны як акронім азначаных словаў. Тэрмін выкарыстоўваецца з 90-х гадоў XX стагодзьдзя і зьяўляецца адаптацыяй абрэвіяцыі «ЛГБ», якая ў пэрыяд сярэдзіны-канца 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя стала замяняць слова «гей-супольнасьць», наконт якога існавала меркаваньне, што слова не прадстаўляе ўсіх тых, хто адносіцца да сэксуальных мяншыняў[2].
Такім парадкам, з цягам часу акронім «ЛГБТ» дапоўніўся іншымі літарамі або знакам «+», каб уключыць іншыя варыянты гендэрнай ідэнтычнасьці, сэксуальных характарыстыкаў або сэксуальнай арыентацыі, такія як асэксуальнасьць, пансэксуальнасьць, небінарнасьць і інш. Таму цяпер дакладней і карэктней ужывать варыянт акроніму — ЛГБТК+[3]. Абрэвіяцыя ЛГБТ, пазьней ЛГБТК+ была прынятая ў якасьці саманазвы для людзей, аб'яднаных паводле сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасьці, большасьцю грамадзкіх арганізацыяў і СМІ спачатку ў Злучаных Штатах Амэрыкі і некаторых іншых англамоўных краінах, а пазьней і ў большасьці краінаў сьвету[4].
Да 1960-х гадоў у ангельскай мове не існавала тэрміна, які б абазначаў людзей, чыя арыентацыя адрозьніваецца ад гетэрасэксуальнай і пры гэтым не нясе нэгатыўнага адценьня. Самы нэўтральны тэрмін — трэці пол (англ. third gender) быў прапанаваны ў 1860-х гадах, але так і не прыжыўся[5].
Першым шырока ўжываным тэрмінам стаў гомасэксуал (англ. homosexual). Аднак яго лічылі нэгатыўным адценьнем і, як правіла, замянялі: у 1950-1960-я гады на гамафіл, а потым у 1970-я гады на гей (англ. gay). У 1970-я гады для многіх лесьбіек на першым месцы стаяла пытаньне роўнасьці. Яны разглядалі гендэрныя стэрэатыпы як патрыярхальны перажытак. Лесьбійкі-фэміністкі пазьбягалі мадэляў для перайманьня, якія былі распаўсюджаныя ў гей-барах. З ростам актыўнасьці фэмінісцкага руху ўсё часьцей стала сустракацца словазлучэньне «геі і лесьбійкі». Пазьней да іх далучыліся транссэксуалы і бісэксуалы[6].
У канцы 1970-х і пачатку 1980-х гадоў, пасьля таго, як эўфарыя Стоўнвалскіх беспарадкаў скончылася, адбылася зьмена ва ўспрыманьні. Многія геі і лесьбійкі перасталі ўспрымаць бісэксуалаў і транссэксуалаў як раўнапраўных сяброў ЛГБТ-супольнасьці[7].
Толькі ў 1990-я гады бісэксуалы і транссэксуалы нарэшце стварылі адзіную супольнасьць з геямі і лесьбійкамі. Прыкладна ў гэты пэрыяд тэрмін, які абазначае супольнасьць, стаў абрэвіяцыяй ЛГБТ, пазьней ЛГБТК+[8].
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|