Латгалія

Латгалія на мапе гістарычных абласьцей Латвіі.

Латга́лія (лат. Latgale; латгал.: Latgola) — усходні край Латвіі. Займае прыкладна ¼ частка тэрыторыі краіны. Улучае 6 раёнаў з цэнтрамі: Балві, Люцын, Рэжыца, Прэйлі, Дзьвінск, Краслава. Насельніцтва — латгальцы, расейцы, латышы, палякі, беларусы, габрэі.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 11 жніўня 1920 году бальшавікі забралі з складу Беларускай ССР і перадалі Латвіі Дзьвінск, найбуйнейшы горад Віцебскай губэрні, а таксама паўночна-заходнюю частку Віцебскай губэрні (Дзьвінскі, Люцынскі, Рэжыцкі паветы і 2 воласьці Дрысенскага павету). Ужо 25 сакавіка 1921 году ў Дзьвінску ўтварылася беларускае культурна-асьветніцкае таварыства «Бацькаўшчына»; сярод вынікаў працы таварыства было заснаваньне Дзьвінскай беларускай гімназіі.

У 1924—1925 гадох латвійская паліцыя сфабрыкавала матэрыялы пра «спробы далучэньня Латгаліі і часткі Ілукштанскага павету да БССР», па чым былі арыштаваныя і зьвінавачаныя ў дзяржаўнай здрадзе многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, настаўнікі, сябры таварыства «Бацькаўшчына»[1]. Хоць суд і апраўдаў беларусаў, але па гэтым былі ліквідаваныя многія беларускія культурніцка-адукацыйныя ўстановы. Неўзабаве латвійскі ўрад зачыніў усе беларускія адукацыйныя ўстановы былой Дзьвіншчыны.

Сэпаратысцкія настроі ў Латгаліі праяўляліся і пазьней: напрыклад, Язэп Гайлевіч, вікарый у касьцёле Панны Марыі ў Дзьвінску, зьвінавачваўся латыскімі ўладамі ў плянах далучыць Латгалію да Польшчы.

У пачатку XXI стагодзьдзя зноў паўстала пытаньне пра асобы статус Латгаліі і, нават пра выхад латгальскіх земляў з складу Латвіі. У жніўні 2011 году Паліцыя бясьпекі Латвіі распачала крымінальную справу паводле факту пашырэньня ўлётак, якія заклікалі вярнуць Расеі Латгалію[2]. У 2015 годзе прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці сталі папулізаваць ідэю Латгальскай Народнай Рэспублікі. У студзені 2015 году ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук была апублікаваная выява сьцягу Латгальскай Народнай Рэспублікі, а таксама мапа Латвіі без Латгаліі. У лютым 2015 году Паліцыя бясьпекі Латвіі распачала чарговую крымінальную справу ў дачыненьні прыхільнікаў самастойнасьці Латгаліі[3]. Некаторыя латвійскія палітычныя дзеячы лічаць, што пазбаўленьне ад Латгаліі стане для латыскіх нацыяналістаў адзінай магчымасьцю захаваць уладу на тэрыторыі астатняй Латвіі[4].

Ідэя сэпаратызму Латгаліі падаграецца таксама звонку: 3 лютага 2016 году тэлекампанія «Бі-бі-сі» паказала фільм «Трэцяя сусьветная вайна: у камандным пункце» (World War Three: Inside the War Room), у якім па захопе Дзьвінску прарасейскімі паўстанцамі і ўмяшаньня амэрыкана-брытанскай кааліцыі сусьвет аказваецца на мяжы глябальнай ядзернай катастрофы[5].

На тэрыторыі колішняга Інфлянцкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага сфармалавася этнаграфічная група ліцьвінаў — беларусы-каталікі, якія размаўляюць на беларускай мове[6].

  1. ^ Беларускі працэс у Латвіі. 1925. Рыга
  2. ^ У Латвіі завялі справу пра заклікі вярнуць Латгалію Расеі (рас.)
  3. ^ У Латвіі распачалі крымінальную справу за сьцяг «Латгальскай народнай рэспублікі»(недаступная спасылка) (рас.)
  4. ^ Уладзімер Ліндэрман. Пра праект «Латгальская Народная Рэспубліка»(недаступная спасылка) (рас.)
  5. ^ Заход на Трэцюю сусьветную. Ці можа Латгалія стаць прычынай ядзернай вайны паміж Расеяй і НАТА (рас.)
  6. ^ Галиопа В. А. Этнолокальноконфессиональные группы старожильческого населения современного латгальского приграничья: (Материалы к этноконфессиональной карте российско-латвийского пограничья) // Этноконфессиональная карта Ленинградской области и сопредельных территорий — 2. Третьи Шёгреновские чтения. Сб. статей. — СПб., 2009. С. 45.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]