Лэн (па-швэдзку: län, па-фінску: lääni) — буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Швэцыі, якая прыкладна адпавядае беларускаму вобласьць. Зараз Швэцыя падзелена на 21 лэн. Іх ня варта блытаць зь ляндскапамі.
У XIII стагодзьдзі Біргер ярль і Магнус Лядулёс уводзяць так званыя замкавыя лэны. Лэны ў сучасным паразуменьні зьявіліся пасьля рэформы 1634 году. Апасьля 1810 году зьменаў у сыстэме тэрытарыяльнага падзелу Швэцыі амаль не было: толькі ў 1968 годзе горад Стакгольм быў аб’яднаны з лэнам Стакгольм, прыняўшы назву апошняга, у 1997 годзе лэны Мальмёгус і Крыстыянстад утварылі адзіны лэн Сконэ, а ў 1998 годзе з трох лэнаў — Гётэборг і Богуслэн (назва аднаго лэну), Эльфсборг і Скараборг быў створаны лэн Вэстра Ёталянд.
У 2007 годзе было вырашана скасаваць у будучым сучасную сыстэму лэнаў, стварыўшы ад 6 да 9 рэгіёнаў, па прыкладу, як гэта было зроблена ў Даніі й Фінляндыі. Канчатковае рашэньне плянавалася вынесьці ў 2010 годзе, каб ажыцьцявіць рэформу ў 2014. Але ўзьніклі некаторыя праблемы: лэн Стакгольм не жадае аб’ядноўвацца з кім бы тое ні было, а суседнія зь ім лэны наадварот, бачаць сваю будучыню ў адным рэгіёне са сталіцаю.