Ляпля́ндыя, ці Лапа́ршчына[1] (саамск.: Sápmi, Sámeednam, па-фінску: Lappi, па-швэдзку: Lappland і па-нарвэску: Lapland) — назва культурнага рэгіёна, які традыцыйна засяляюць саамы (лопары, ляпляндцы). Разьмешчаная ў Паўночнай Эўропе (поўнач Фенаскандыі). Ляпляндыя ніколі не зьяўлялася адной дзяржавай; у цяперашні час яна падзеленая паміж чатырма дзяржавамі: Нарвэгіяй, Швэцыяй, Фінляндыяй і Расеяй (Кольскі паўвостраў).
Швэдзкая Ляпляндыя ўяўляе сабой пласкагор’е, прарэзанае шматлікімі рачнымі далінамі й горнымі цясьнінамі, што ідуць пераважна ў паўднёваўсходнім кірунку; паўночная і заходняя часткі яго занятыя адгор’ямі Келенскага хрыбта. За гэтай горнай краінай варта тэраса, усеяная азёрамі й балотамі, а за ёй — прыморская паласа, пакрытая шырокімі хваёвымі лясамі й выдатнымі пашамі. У апошняй засяроджанае аселае насельніцтва, тады як горы наведваюцца амаль выключна вандроўнымі саамамі.
Нястромкія, парослыя лесам горы (па-швэдзку: fjäll, па-нарвэску: fjell) паступова «паднімаюцца» з усходу на захад і дасягаюць на швэдзка-нарвэскай мяжы 2000 мэтраў (Кебнэкайсэ, Сарэк, Ака).
Па тэрыторыі Ляпляндыі працякаюць такія вялікія рэкі, як Турнэа, Муоніа, Кэміёкі, Оўлуёкі, Калікс Эльв, Люле Эльв, Пітэ Эльв, Тулома, Івалоёкі.
Па даволі значных, амаль раўналежна разьмешчаных рачных далінах швэдзкая Ляпляндыя падзяляецца на 5 гістарычных частак (Lappmark): Турнэа, Люлеа, Пітэа, Люксэле і Осэле. У першай зь іх разьмешчаная найвышэйшая вяршыня Швэцыі — Кебнэкайсэ (2111 м).
На тэрыторыі рэгіёна раскінулася тундра зь вечнай мерзлатой, высланая лішайнікамі й карлікавымі бярозамі, а таксама марошкай — улюбёным дэсэртам фінаў.
Саамскі нацыянальны парк — найбуйнейшы нацыянальны парк у Эўропе.
На тэрыторыі Ляпляндыі, падзеленай паміж чатырма краінамі, разьмешчаныя адміністрацыйныя адзінкі:
Найбуйныя гарады: Кіруна, Раваніемі, Ёкмок, Арвідс’яўр, Торніа, Інары, на Кольскай паўвысьпе горад Мурманск, які зьяўляецца найбуйнейшым горадам рэгіёну.
На тэрыторыі Ляпляндыі выяўленыя сьляды паляўнічай і рыбалоўчай дзейнасьці чалавека, якія адносяцца да нэаліту. Прыкладна ў 100 г. да н. э. Ляпляндыю засялялі саамы, якія былі выцесненыя швэдамі далей на поўнач у XVII стагодзьдзі. Жыхары Паўночнай Ляпляндыі плацілі даніну расейскім і нарвэскім манархам. Паўднёвая частка Ляпляндыі да 1809 г. прыналежыла Швэцыі. У наступныя гады тэрыторыя цяперашняй Фінляндыі, а зь ёй і тэрыторыя фінскай Ляпляндыі, уваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі. Адпаведна, з 1809 г. паўднёвая Ляпляндыя была падзеленая на заходнюю (швэдзкую) і ўсходнюю (фінскую) часткі. У 1917 г. пасьля кастрычніцкага перавароту Фінляндыя атрымала незалежнасьць.