Лясныя браты

Лясныя браты (па-эстонску: metsavennad, па-латыску: mežabrāļi, па-летувіску: miško broliai) — агульная назва партызанскага супраціву ў краінах Прыбалтыкі супраць савецкай акупацыі, распачатай паводле Пакту Молатава-Рыбэнтропа. Гэты рух налічваў каля 170 тысячаў чалавек, зь іх 50 тысячаў загінулі ці прапалі бязь вестак.

У сучаснай гістарыяграфіі Летувы, Латвіі й Эстоніі гэты рух характарызуецца як нацыянальна-вызваленчы, у савецкай і сучаснай расейскай — як прафашысцкі. Аналягічны рух супраціву ў гэты пэрыяд існаваў таксама ў Заходняй Украіне (УПА), Заходняй Беларусі (БКА), Польшчы й Румыніі.

Назва «лясныя браты» была ўзятая ад латыскіх партызанаў-рэвалюцыянэраў, якія дзейнічалі ў пэрыяд Расейскай рэвалюцыі 1905-07 гадоў.[1].

У Эстоніі рух супраціву налічваў да 15 тысячаў мужчынаў на працягу 1944—1953 гадоў. Актыўна лясныя браты дзейнічалі ў раёнах Пярнумаа й Ляянэмаа, Тартумаа й Іда-Віру. За пэрыяд з 1944 — па 1947 яны зьдзейсьнілі 773 узброеных напады, зьнішчыўшы каля 1000 байцоў савецкіх спэцслужбаў.

У Латвіі шэрагі лясных братоў у значнай ступені складаліся з былых воінаў латыскага легіёну СС[2]. Агульная колькасьць партызанаў налічвала да 10 тысячаў, яшчэ 20 тысячаў чалавек актыўна дапамагалі партызанам правіянтам і прыстанішчам[3][4]. Да 1947 Цэнтральнае камандаваньне латыскага супраціву мела штаб-кватэру на вуліцы Матыса ў Рызе[4].

Латыскім партызанам удалося зьнішчыць ад 1,5 тысячаў (паводле савецкіх крыніцаў[5]) да 3 тысячаў (паводле латыскіх крыніцаў[3]) чэкістаў, байцоў карных батальёнаў і партыйных актывістаў. За гэта тысячы партызанаў былі арыштаваныя і больш за дзясятак тысячаў чальцоў сем’яў і тых, хто падтрымліваў партызанаў — дэпартаваныя.

У Летуве партызанскі супраціў быў найбольш моцным сярод краінаў Прыбалтыкі, асобныя рэгіёны кантраляваліся паўстанцамі да 1949 году[6]. Пазьбягаючы прамых сутыкненьняў з чырвонаармейцамі й войскамі НКВД, летувіскія партызаны эфэктыўна змагаліся мэтадам сабатажу, засадаў і забойстваў асобных камуністычных дзеячоў[7]. Кіраўніком лясных братоў у Летуве быў Ёнас Жэмайтіс-Вітаўтас, імем якога ў 1998 годзе была названая вайсковая школа ў Коўне.

Крыніцы й заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Малая Советская Энциклопедия. Том червертый: Ковальская—Массив.— М.: Акционерное об-во «Советская Энциклопедия», 1929.— С. 607.
  2. ^ Plakans, Andrejs. The Latvians: A Short History, 155. Hoover Institution Press, Stanford, 1995.
  3. ^ а б Музэй акупацыі Латвіі
  4. ^ а б Laar, p. 24
  5. ^ Plakans, p. 155
  6. ^ Kaszeta, Daniel J. Lithuanian Resistance to Foreign Occupation 1940—1952, Lituanus, Volume 34, No. 3, Fall 1988. ISSN 0024-5089
  7. ^ Dundovich, E., Gori, F. and Guercett, E. Reflections on the gulag. With a documentary appendix on the Italian victims of repression in the USSR, Feltrinelli Editore IT, 2003. ISBN 88-07-99058-X