Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на летніх Алімпійскіх гульнях 2024 году ладзіліся з 1 па 11 жніўня на чатырох розных спартовых аб’ектах. Енскі мост быў задзеяны дзеля спартовай хадзьбы, ратуша Атэль-дэ-Віль і Дом інвалідаў былі скарыстаныя як стартавыя і фінішныя пункты маратонскіх забегаў, а на Стад дэ Франс ладзіліся лёгкаатлетычныя спаборніцтвы. Упершыню ў гісторыі Алімпійскіх гульняў колькасьць мэдалёвых дысцыплінаў была аднолькавай для мужчынаў і жанчынаў. Дзеля гэтага была далучаная да праграмы зьмяшаная эстафэта па хадзьбе на маратонскую дыстанцыю, замяніўшы мужчынскую хадзьбу на 50 кілямэтраў[1]. Былі разыграныя 48 камплектаў мэдалёў.
Яшчэ адной істотнай зьменай у праграме лёгкай атлетыкі ёсьць фармат суцяшальнага раўнду ўва ўсіх індывідуальных бегавых дысцыплінах ад 200 да 1500 мэтраў і бар’ерных дысцыплінах, як то 110 мэтраў сярод мужчынаў, 100 мэтраў сярод жанчынаў і 400 мэтраў для абодвух, што сталася выдатнай магчымасьцю для бегуноў і бягухаў атрымаць другі шанец на выхад у паўфінал. Гэты фармат замяніў ранейшую сыстэму, у якой спртоўцы прасоўваліся наперад паводле лепшага агульнага часу (q), за выключэньнем тых, хто кваліфікаваўся наўпрост ў забегах першага кола[2].