| |
Эдфрыт | |
Ліндысфарнскае Эвангельле, 715—720 | |
Велень. | |
Брытанская бібліятэка, Лёндан |
Ліндысфарнскае Эвангельле (па-ангельску: Lindisfarne Gospels) — ілюмінаванае рукапіснае Эвангельле, якое паходзіць з кляштару ў Ліндысфарне (Нортамбэрлэнд, Ангельшчына) і датаванае прыкладна 715—720 рокамі. Цяпер захоўваецца ў лёнданскай Брытанскай бібліятэцы[1]. Ліндысфарнскі рукапіс — адзін з найвыбітнейшых узораў унікальнага ірляндзка-саксонскага стылю, які спалучае ў сабе элемэнты міжземнаморскага, англа-саксонскага ды кельцкага мастацтва[2].
Магчымым аўтарам Ліндысфарнскага Эвангельля лічыцца манах на ймя Эдфрыт(d), які ў 698—721 роках быў у Ліндысфарне біскупам[3]. Эвангельле добра праілюстравана ў астраўным стылі і пачаткова было ўкладзена ў танкаскуры абклад(d) з каштоўных камянёў ды мэталаў, выраблены Більфрытам Анахарэтам(d) у VIII стагодзьдзі. З нападам вікінгаў абклад страчаны, а ў 1852 выраблены новы[4]. Тэкст, напісаны астраўным пісьмом(d), захаваўся найлепш за якія-кольвек іншыя астраўныя рукапісы гэтага пэрыяду.
Пасьля наезду вікінгаў манахі сышлі зь Ліндысфарну прыкладна ў 875 року, забраўшы з сабой рэліквіі, сьвятыні і кнігі, у тым ліку Ліндысфарнскае[5] і Катбэртава(d) Эвангельлі, і пасяліліся ў чэстэрскім(d) кляштары. Тут у X стагодзьдзі тэкст рукапісу быў перакладзены на стараангельскую мову і запісаны між радкамі кодэксу. Такім чынам, гэты першы вядомы пераклад Дабравесьця ангельскай мовай[6]. Перакладнік, манах Олдрэд Перапісчык, на каляфоне пазначыў імёны чатырох стваральнікаў рукапісу: Эдфрыта Ліндысфарнскага як уласна пісца; пераплётчыка Этэльвальда Ліндысфарнскага; стваральніка арнамэнта Більфрыта Анахарэта; урэшце, самога сябе як перакладчыка на англасаксонскую.
Імаверна, падчас Т’юдаравага роспуску кляштараў Эвангельле было вывезенае з Дарэмскай катэдры і ў XVII стагодзьдзі выкупленае сэрам Робэртам Котанам. Па ягонай сьмерці зборы перададзеныя ў Брытанскі музэй і склалі аснову будучай Брытанскай бібліятэкі[7].
Рукапіс зьмяшчае чатыры Дабравесьці. Як зазначыў на каляфоне Олдрэд, Ліндысфарнскае Эвангельле створанае на ўшанаваньне Бога і сьвятога Катбэрта(d). Імаверна, яно было напісанае па Катбэртавым сконе ў 687 і да сьмерці Эдфрыта ў 721 року[5].
Кодэкс налічвае 516 старонак, зробленых зь веленю(d), тэкст напісаны цёмна-карычневым, амаль чорным атрамантам. Аркушы зьбіраліся па восем у сшытку(d). Пазьней рукапіс быў сшыты багатым абкладам.
Кодэкс захаваўся ў непашкоджаным стане, ня лічачы арыгінальнага абкладу.