Літасфэ́ра (ад грэц. λίθος — камень і σφαίρα — сфэра) — цьвёрдая абалонка Зямлі. Складаецца з зямной кары і верхняй часткі мантыі, да астэнасфэры, дзе хуткасьці сэйсмічных хваль паніжаюцца, што сьведчыць пра зьмену плястычнасьці парод.
Літасфэра разьбіта на блёкі — літасфэрныя пліты, якія рухаюцца па адносна плястычнай астэнасфэры. Вывучэньню й апісаньню гэтых рухаў прысьвечаны падзел геалёгіі аб тэктоніцы пліт.
Літасфэра пад акіянамі й кантынэнтамі значна адрозьніваецца. Літасфэра пад акіянамі зьведала мноства этапаў частковага плаўленьня ў выніку ўтварэньня акіянічнай кары, яна моцна зьбедненая лёгкаплаўкімі рэдкімі элемэнтамі і ў асноўным складаецца з дунітаў і гарцбургітаў.