Магічны рэалізм — літаратурны кірунак, які характарызуецца зьяўленьнем магічных элемэнтаў у рэалістычным тэксьце. Найвялікшы ўздым гэтага кірунку адбыўся ў Паўднёвай Амэрыцы ў другой палове 20 стагодзьдзя. Зьвязваецца ён перш за ўсё са славутым раманам Габрыеля Гарсіі Маркеса «Сто гадоў самоты», які лічыцца падставовым творам магічнага рэалізму.
Магічны рэалізм як мастацкі кірунак рэалізаваўся ў прозе, паэзіі, выяўленчым мастацтве, а таксама ў кінэматаграфіі.
Тэрмін «магічны рэалізм» быў упершыню выкарыстаны нямецкім літаратурным крытыкам Францам Ро для апісаньня рэалізму амэрыканскіх аўтараў 20-х гадоў, які ўтрымліваў рысы іррэальнага і фантастычнага. Тэрмін стаўся папулярным у 20 стагодзьдзі ў такіх аўтараў, як Міхаіл Булгакаў ці Эрнст Юнгер, а таксама ў шматлікіх паўднёваамэрыканскіх пісьменьнікаў (Борхэс, Маркес, Альендэ і іншых).
У выяўленчым мастацтве гэты тэрмін часта быў узаемна замяняльным з тэрмінам «постэкспрэсыянізм».