Малдаўская кірыліца

Малда́ўская кіры́ліца — адзін з двух альфабэтаў (другі — лацінка), які выкарыстоўваецца для запісу малдаўскай (румынскай) мовы.

Сучасная малдаўская кірыліца мае 31 літару:

Малдаўскі кірылічны альфабэт
А а Б б В в Г г Д д Е е Ж ж Ӂ ӂ З з И и
Й й К к Л л М м Н н О о П п Р р С с Т т
У у Ф ф Х х Ц ц Ч ч Ш ш Ы ы Ь ь Э э Ю ю Я я

У расейскіх уласных імёнах захоўваюцца таксама Ё ё, Ъ ъ і Щ щ.

Большасьць літараў малдаўскай кірыліцы мае тое ж гукавае значэньне, што і ў беларускай, за наступнымі невялікімі адрозьненьнямі:

  • Г г — выбухное;
  • Ӂ ӂ вымаўляецца як Дж дж у беларускай;
  • И и — тое ж, што І і ў беларускай;
  • Е е пасьля зычных чытаецца як беларускае Э э, пасьля галосных, мяккага знака і ў пачатку слова — як Е е (зь ётацыяй);
  • У у не пад націскам пасьля галосных чытаецца як беларускае Ў ў;
  • Э э азначае гук якога ў беларускай няма (вымаўляецца прыкладна як наша а не пад націскам).

На кірыліцы напісаныя першыя тэксты на малдаўскай (румынскай) мове, якая развівалася пад значным уплывам гутарковай украінскай мовы і канцылярскай мовы ВКЛ (старабеларускай). Першую друкаваную кнігу ў Малдаўскім княстве на кірыліцы «Евангелле настаўніцкае» («Картя дэ ынвенцатурэ» (1643) стварыў выхадзец з ВКЛ Самуіл Рагаля. Кірыліца шырока ўжывалася да 1860 году. Сучасная малдаўская кірыліца была распрацаваная ў 1920-х гадох (канчатковы варыянт зацьверджаны ў 1967 годзе) на базе расейскага альфабэту і ўжывалася спачатку ў Малдаўскай АССР (1926—1940), потым у Малдаўскай ССР (1940—1989). Пастановай ад 31 жніўня 1989 году ўрад Малдаўскай ССР зацьвердзіў пераход на лацінку, але ў Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы кірыліца ўжываецца і дагэтуль. Таксама кірыліца даволі шырока ўжываецца ў Інтэрнэце.