Манапо́лія (па-грэцку: μονο (mono) — «адзін» і па-грэцку: πωλέω (poleo) — «прадаваць») — выключнае (так званае «манапольнае») права ў якой-небудзь сфэры дзейнасьці дзяржавы або арганізацыі. У эканоміцы манаполія зьявілася, калі манархі даравалі вызначанаму купцу (рамесьніку, цэху) прывілей на вытворчасьць або гандаль вызначаным таварам. Фірма, якая працуе ва ўмовах манаполіі, кантралюе рынак (галіну) цалкам або ў значнай ступені.
Антыманапольнае заканадаўства шматлікіх краінаў разглядае кантраляваньне адной фірмай 30-70% рынку як манапольнае становішча і ўводзіць розныя санкцыі: рэгуляваньне коштаў, прымусовы падзел фірмы й г.д.
Праявы: уздым цаны, скарачэньне вытворчасьці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка збыту, рэклямы і якасьці тавару. Мае дастатковы запас грошай і маёмасьці для ўкараненьня вынікаў распрацоўкі, павелічэньня прыбытку, паніжэньня выдаткаў вытворчасьці за кошт буйнога абсягу выпуску тавара, выкарыстаньня больш дасканалых сродкаў працы і кваліфікаванай працоўнай сілы. Аднак можа прывесьці да застою. Прычына: уплыў маштабу (ашчаджэньне праз пашырэньне вытворчасьці), заканадаўчая перашкода стварэньню (уваходу) новага прадпрыемства ў галіне, ліцэнзійнае і патэнтнае абмежаваньне, несумленныя паводзіны ўдзельніка рынку і імкненьне атрымаць звышпрыбытак. Абмежавальнікамі манаполіі ёсьць выдаткі і рынкавы попыт, што замінае адвольна павышаць цану на тавар. Урад можа перашкодзіць узьнікненьню і ўмацаваньню манаполіі праз заканадаўства. У выпадку натуральнай манаполіі ў забесьпячэньні вадой, прыродным газам і электраэнэргіяй урад можа прыбягаць да пераводу прадпрыемства ў дзяржаўную ўласнасьць[1].
У 3-м разьдзеле Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году зьмяшчаўся артыкул 51 «Аб манаполіі, гэта значыць нявыдачы адной асобе ў арэнду і кіраваньне даходаў, якія належаць усёй рэчы паспалітай». Паводле 51-га артыкула Статуту, «падаткаў і пабораў ніякіх на маёнтках нашых… і радаў духоўных і сьвецкіх, таксама мытаў новых у местах нашых… у Літве і ва ўсіх землях панства нашага, складаць і ўстанаўліваць не павінныя без дазволу ўсіх станаў на Сойме вальным, ані таксама манаполію гэтых даходаў якія з панстваў нашых… літоўскіх паходзяць, устанаўліваць і дапускаць не павінныя. А хто б адважыўся, нягледзячы на гэтую пастанову, лісты нашыя з Канцылярыі нашай атрымаць, той павінны быць пакараны штрафам у скарб наш земскі ста копамі грошаў. А такія лісты нашыя ніякая сілы не павінныя мець, і тая асоба тым валодаць ня будзе магчы»[2].
Паводле 33-га артыкула Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году, «Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб’яднаньнямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца»[3]. 16 сьнежня 2002 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб натуральных манаполіях». Паводле 3-га артыкула Закону, «Сфэрамі натуральных манаполіяў прызнаюцца: траспартаваньне нафты і нафтапрадуктаў па магістральных трубаправодах; транспартаваньне газу па магістральных і разьмеркавальных трубаправодах; перадача і разьмеркаваньне электрычнай і цеплавой энэргіі; цэнтралізаванае водазабесьпячэньне і водаадвядзеньне; паслугі электрасувязі і паштовай сувязі агульнага карыстаньня; паслугі чыгуначнага транспарту агульнага карыстаньня, якія аказваюцца з выкарыстаньнем інфраструктуры чыгуначнага транспарту агульнага карыстаньня, чыгуначныя перавозкі; паслугі транспартных тэрміналаў, аэрапортаў; аэранавігацыйныя паслугі». Згодна з 6-м артыкулам Закону, натуральныя манаполіі «ня маюць права: ажыцьцяўляць дзеяньні, якія прыводзяць або могуць прывесьці да немагчымасьці аказаньня паслугаў… або да замены іх іншымі паслугамі; адмаўляцца ад заключэньня дамовы з асобнымі спажыўцамі на аказаньне паслугаў… пры наяўнасьці ў іх тэхнічнай магчымасьці аказаць такія паслугі; спаганяць за аказваныя паслугі плату, што перавышае памер, усталяваны органам рэгуляваньня дзейнасьці суб’ектаў натуральных манаполіяў». Паводле 10-га артыкула, Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Рэспублікі Беларусь (МАРГ Беларусі) «утварае і вядзе Дзяржаўны рэестар суб’ектаў натуральных манаполіяў»[4]. На 10 ліпеня 2018 году ў Дзяржрэестар уваходзіла 196 прадпрыемстваў у 4 галінах:
12 сьнежня 2013 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб процідзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі». Паводле 6-га артыкула Закону, «Паноўным прызнаецца становішча гаспадарчага суб’екта, доля якога на таварным рынку складае 35 і болей адсоткаў». Таксама «Паноўным прызнаецца становішча кожнага зь некалькіх гаспадарчых суб’ектаў» (алігаполія), калі «цягам прынамсі аднаго году… сукупная доля ня больш як 3-х гаспадарчых суб’ектаў, доля кожнага зь якіх болей за долі іншых гаспадарчых суб’ектаў на адпаведным таварным рынку, перавышае 50% або сукупная доля ня больш як 5 (найбольшых) гаспадарчых суб’ектаў… перавышае 75%». Пагатоў «Ня можа быць прызнана паноўным становішча гаспадарчага суб’екта, доля якога на таварным рынку не перавышае 15%». Адпаведна «Усталяваньне паноўнага становішча гаспадарчага суб’екта цягне за сабой улучэньне ў Дзяржаўны рэестар гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць паноўнае становішча на таварных рынках», які вядзе МАРГ Беларусі. Згодна з 18-м артыкулам Закону, паноўным прадпрыемствам пад пагрозай судовага падзелу (артыкул 50) забараняліся 10 дзеяньняў:
На 10 ліпеня 2018 году ў Дзяржаўны рэестар гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць паноўнае становішча на таварных рынках, уваходзіла 176 прадпрыемстваў на рэспубліканскім узроўні і звыш 400 на мясцовым (абласным) узроўні[7]. Паводле 33-га артыкула Закону «Аб процідзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі», згода МАРГ Беларусі патрабавалася на гаспадарчую канцэнтрацыю (зьліцьцё і паглынаньне, стварэньне холдынга і камэрцыйнай арганізацыі), калі балянсавы кошт актываў перавышаў 200 000 базавых велічыняў, а выручка за папярэдні год перавышала 400 000 базавых велічыняў[8].