Мандарыны (фільм)

Мандарыны
Mandariinid
Жанр драматычны фільм і ваенны фільм[d]
Рэжысэр Заза Ўрушадзэ
Сцэнарыст Заза Ўрушадзэ
Прадусар Іва Фэльт, Заза Ўрушадзэ
У ролях
Кампазытар Ніяз Дыясамідзэ
Апэратар Рэйн Котаў
Вытворчасьць Allfilm[d]
Распаўсюд Allfilm[d], Hulu[d] і iTunes[d]
Дата выхаду 15 кастрычніка 2013
Працягласьць 87 хв.
Краіна
Мова эстонская, расейская
Бюджэт 650 000 €
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Мандары́ны» (па-грузінску: მანდარინები, па-эстонску: Mandariinid) — эстонска-грузінскі фільм 2013 року грузінскага рэжысэра Зазы Ўрушадзэ. Падзеі фільму разгортваюцца падчас вайны ў Абхазіі. У 2014 року фільм быў намінаваны на прэмію Акадэміі і Залаты Глёбус за найлепшы фільм на замежнай мове.

Прапусьціць
Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Падзеі адбываюцца ў вёсачцы ў Абхазіі ў часе вайны ў Грузіяй. У вёсачцы эстонскія фэрмэры гадуюць мандарыны на продаж. З выбухам вайны большасьць эстонцаў зьяжджаюць на гістарычную радзіму, і ў вёсцы застаюцца толькі два мужчыны — стары Іва (Лембіт Ульфсак) і Маргус (Эльма Нюганэн) — на якіх лягае абавязак пасьпець сабраць ураджай. Тым часам ля іхняй вёскі адбываецца страляніна паміж абхаскімі апалчэнцамі і грузінамі, у якой выжываюць па адным чалавеку з кожнага боку. Ахмэд (Гіоргі Накашыдзэ) — чачэнскі найміт абхазцаў, а Ніка (Міхеіл Мэшхі) — грузін; абодва цяжка параненыя, але эстонцы з дапамогай знаёмага лекара выратоўваюць іх.

Акрыяўшы, абодва жаўнеры клянуцца пазабіваць адзін аднаго, аднак Іва вымагае кожнага зь іх паклясьціся, што пад ягоным дахам крывапраліцьця ня будзе. Ваяры застаюцца выздароўліваць у ягонай хаце, хоць працягваюць звады адзін з адным. Паступова яны пачынаюць выказваць ўзаемную спагаду і ўсьведамляюць, што чалавечнасьць пазнаецца праз раны і пакуты ворага. Неспадзявана ля хаты Іва спыняецца аўтамабіль расейскіх жаўнераў; Ніка застаецца ўнутры, а Ахмэд спрабуе патлумачыць, што ён свой, чачэнец, аднак расейцы ўважаюць яго за ворага і вырашаюць расстраляць на месцы. Ніка расстрэльвае іх з вакна, каб выратаваць Ахмэда. У страляніне ад шалёнае кулі гіне невінаваты Маргус, а Ніку забівае паранены афіцэр, якога яны палічылі забітым. Ахмэд прыкончвае расейца, аднак Ніка ўжо не ўратаваць[1].

Іва і Ахмэд хаваюць Маргуса і Ніка. На Нікавай магіле Ахмэд прызнае, што Іва меў рацыю, выказвае яму вялікую пашану, называючы ці ня бацькам. Іва кажа, што Ніка будзе пахаваны побач зь ягоным сынам, які загінуў у пачатку вайны. Іва, які застаўся ў вёсцы адзіны, вырашае вярнуцца ў Эстонію, а Ахмэд вяртаецца дадому на вайсковым джыпе, на якім ён упершыню наведаўся ў вёску.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.
  • Лембіт Ульфсак — Іва, стары эстонскі фэрмэр, які жыве ў Абхазіі
  • Эльма Нюганэн — Маргус, сябар Іва, таксама эстонскі фэрмэр
  • Гіоргі Накашыдзэ — Ахмэд, чачэнскі найміт
  • Міхеіл Мэшхі — Ніка, грузінскі жаўнер
Узнагарода Дата цырымоніі Катэгорыя Атрымальнік(і) Вынік Зн
Прэмія Акадэміі 22 лютага 2015 Найлепшы фільм на замежнай мове «Мандарыны» Намінацыя [2]
Міжнародны кінафэстываль у Бары 12 красавіка 2014 Найлепшы фільм «Мандарыны» Перамога [3]
Міжнародны кінафэстываль у Фаджры 4 лютага 2014 Крышталёвы сыморг за найлепшы сцэнар Заза Ўрушадзэ Перамога
Крышталёвы фінікс за найлепшы фільм Заза Ўрушадзэ і Іва Фэльт Перамога
Залаты Глёбус 11 студзеня 2015 Найлепшы фільм на замежнай мове «Мандарыны» Намінацыя [4]
Міжнародны кінафэстываль Мангайм — Гайдэльбэрг 10 лістапада 2013 Прэмія публікі «Мандарыны» Перамога
Адмысловая прэмія Мангайму — Гайдэльбэргу «Мандарыны» Перамога
Ерусалімскі кінафэстываль 19 ліпеня 2014 Прэмія «Ў духу свабоды» памяці Ўіма ван Лэера Заза Ўрушадзэ і «Мандарыны» Ганаровая згадка [5]
Спадарожнік 15 лютага 2015 Найлепшы фільм на замежнай мове «Мандарыны» Перамога [6]
Талінскі кінафэстываль «Чорныя ночы» 30 лістапада 2013 Найлепшы эстонскі фільм «Мандарыны» Перамога [7]
Вайна на экране 5 кастрычніка 2014 Гран-пры журы «Мандарыны» Перамога [8]
Варшаўскі міжнародны кінафэстываль 20 лістапада 2013 Прэмія аўдыторыі: найлепшы поўнамэтражны фільм «Мандарыны» Перамога [9]
Прэмія найлепшаму рэжысэру Заза Ўрушадзэ Перамога

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Фільм прысьвечаны Лявану Абашыдзэ, грузінскаму актору, які загінуў у Абхаскую вайну.
  • Гіоргі Накашыдзэ, які грае ролю чачэнскага баявіка, паводле нацыянальнасьці грузін.
  1. ^ Farber, Stephen (24 лістапада 2014) Oscar submission from Estonia focuses on the civil wars that wracked Eastern Europe after the breakup of the Soviet empire (анг.). The Hollywood reporter. Праверана 8 чэрвеня 2015 г.
  2. ^ Oscars 2015: Winners list (анг.) Entertainment & Arts. BBC News (23 лютага 2015). Праверана 8 чэрвеня 2015 г.
  3. ^ «Tangerines» from Bif&st 2014 to the Academy Awards. And Pif, winner in Bari, obtains the European Award (анг.) Bari International Film Festival Праверана 8 чэрвеня 2015 г.
  4. ^ Tangerines (анг.) Golden Globe Awards Праверана 8 чэрвеня 2015 г.
  5. ^ 2014 JFF Winners Announced (анг.) News 2014. Jerusalem Film Festival. Праверана 8 чэрвеня 2015 г.
  6. ^ Current Nominees | Categories | International Press Academy (анг.). International Press Academy. Праверана 8 чэрвеня 2015 г.
  7. ^ Selgusid PÖFFi võitjad (эст.) Uudised. ERR (30 лістапада 2013). Праверана 8 чэрвеня 2015 г.
  8. ^ The 2014 Prize list | Feature length international competition (анг.) War on screen Праверана 8 чэрвеня 2015 г.
  9. ^ Awards at the 29th Warsaw Film Festival (анг.) Warsaw Film Festival Праверана 8 чэрвеня 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]