Марыя Дулемба | |
Імя пры нараджэньні | Maria Dulęba, Maria Dulębianka |
---|---|
Дата нараджэньня | 21 кастрычніка 1861[1] |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 7 сакавіка 1919[2][1] (57 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | тыф[d] |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | малярка, грамадзкая дзяячка, публіцыстка, пісьменьніца |
Навуковая сфэра | жаночыя правы[d] |
Працы | Сіроцкая доля (1889), Партрэт Марыі Канапніцкай (1902) |
Узнагароды | |
Марыя Дулéмба (па-польску: Maria Dulęba, Maria Dulębianka; 21 кастрычніка 1861, Кракаў, Аўстра-Вугоршчына ― 7 сакавіка 1919, Львоў, Польшча) ― польская грамадзкая дзяячка, публіцыстка, пісьменьніца, мастачка, фэміністка[3].
Паходзіла з памешчыцкай сям’і. Ейная маці ― Марыя Дулембіна, у дзявоцтве Вычулкоўская, бацька — Генрык Дулемба. Прыкладна да 1872 году яна жыла ў Кракаве, дзе навучалася ў пансыянаце Малішэўскай і вучылася жывапісу ў Яна Матэйкі. Яна не магла вучыцца ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве, якая прымала ў свае шэрагі толькі студэнтаў мужчынскага полу[4].
1880—1885 гады — навучалася ў Школе маляваньня ў Варшаве.
1885—1886 гады ― навучалася ў Акадэміі Жуліяна ў Парыжы.
1887–1889 гады ― навучалася ў Вене ў Гаравіца.
Пасьля падарожжа ў Італію і Крым у 1896 г. яна назаўсёды пасялілася ў Львове[4].
З 1915 году рацавала галоўнай захавальніцай Мастацка-прамысловага музэя (1915)[4].
Ейная праца была адзначаная на Парыскай выставе 1900 году. З 1903 г. — удзельніца мастацкіх выставаў у Львове. У 1919 г. адбылася пэрсанальная выстава мастачкі (пасьмяротна). Творы мастачкі захоўваюцца ў Львове (Львоўская мастацкая галерэя) і ў Польшчы. Пасьля 1889 году большасьць карцінаў належала Марыі Канапніцкай. Яна была найбліжэйшай сяброўкай і партнэркай польскай пісьменьніцы Марыі Канапніцкай[5].
Марыя Дулемба памерла ад тыфу 7 сакавіка 1919 году. Пахаваньне Дулембы было адной з самых маштабных жалобных дэманстрацыяў у Львове. Удзел у ім прынялі многія жанчыны, у тым ліку маці-адзіночкі і беспрытульныя дзеці, прадстаўнікі гарадзкіх уладаў, многія палякі і ўкраінцы[6].
Прыкметнае месца ў творчасьці Марыі Дулембы займаў партрэт. Мастачка адлюстроўвала пераважна жанчынаў, у прыватнасьці стварыла шмат вобразаў блізкай сяброўкі М. Канапніцкай. Асаблівае месца займаюць аўтапартрэты мастачкі (захоўваюцца ў калекцыі Львоўскай нацыянальнай галерэі мастацтваў), характэрнымі рысамі якіх зьяўляюцца аскетызм выявы і малы фармат[3].
М. Дулемба вядомая сваімі фэмінісцкімі поглядамі і перакананьнямі. Прымала актыўны ўдзел у жаночых рухах Галічыны. Разам з паплечніцамі заснавала ў Львове жаночую гімназію і жаночую выбарчую камісію[7].
У 1885 годзе яна пачала змагацца за прыймо жанчынаў у Кракаўскую школу прыгожых мастацтваў. У 1897 г. далучылася да фэмінісцкага асяродку Львова. Рэгулярна друкавалася ў фэмінісцкім часопісе «Ster», які выдаваўся ў Львове Паўлінай Кучальскай-Рэйншміт[8].
У 1899 г. у Закапанэ прачытала лекцыю пад назвай «Dlaczego ruch kobiecy rozwija się tak powoli?» (Чаму жаночы рух так марудна разьвіваецца?). У 1902 г. прачытала ў Кракаве лекцыю аб мастацкай творчасьці жанчынаў, на аснове якой у 1903 годзе апублікавала тэкст «O twórczości kobiet» (Аб творчасьці кабетаў)[9].
У 1908 годзе заснавала ў Львове Хаўрус правоў жанчынаў і стала ягонай прэзыдэнткай. Заснавала Жаночы выбарчы камітэт Львоўскай гарадзкой рады (1911) і Жаночы грамадзянскі працоўны камітэт (1912). У 1913 годзе яна заснавала ў Львове Мужчынскую лігу абароны правоў жанчынаў, да якой першымі далучыліся Вітольд Левіцкі і сэнатар Максыміліян Тулье. У 1918 годзе, пасьля таго як польскія суфражысткі атрымалі выбарчыя правы для жанчынаў у Польшчы, яна была абраная старшынёй Галоўнай рады Жаночай лігі. Яна была чаліцай жаночай дэлегацыі, ад імя якой выступала на аўдыенцыі з Юзэфам Пілсудзкім[10].
Першая сустрэча з Марыяй Канапніцкай адбылася каля 1886 году[11]. У 1889 годзе М. Дулемба ўпершыню згадваецца ў лісьце Канапніцкай. Пад ейным уплывам яна стала больш актыўна ўдзельнічаць у змаганьні за правы жанчынаў. На працягу наступных дваццаці гадоў былі спадарожніцамі жыцьця. Разам езьдзілі ў Аўстрыю, Францыю, Нямеччыну, Італію і Швайцарыю, клімат якіх спрыяў здароўю М. Канапніцкай[12].
Марыя Дулемба так і не выйшла замуж, бо зьяўлялася лесьбійкай: заўсёды коратка падстрыжаная, пераважна насіла сурдут і пэнснэ, палявала і езьдзіла конна. Прымала актыўны ўдзел у сямейным жыцьці пісьменьніцы і паэткі М. Канапніцкай. У Жарноўцы, дзе знаходзілася сядзіба Канапніцкай, захавалася памяць пра яе як пра сяброўку паэткі, якая «апраналася па-мужчынску, а валасы стрыгла даволі коратка». Канапніцкая называла яе «Пётрэк» або «Пётрэк з пацёртымі локцямі»[13].