Мастурбацыя (рукаблудзтва[1]; лац. manus + stupro — «рука» + «апаганьваць») — раздражненьне ўласных плоцевых органаў дзеля ненармальнага (без плоцевага чыну)[2] выкліканьня аргазму. Узьнікае ў раньнім і юнацкім узросьце[3]. Іншыя назовы: ананізм (іўр. אוֹנָן — Онан), іпсацыя (лац. ipse «сам»), плоцевае самазадавальненьне (самастымуляваньне) і хейраманія (грэц. χείρ + μᾰνία; «рука» + «шаленства»)[2]. Найчасьцей адзначаецца ў людзей і прыматаў.
У 1759 годзе швайцарскі лекар Самюэль-Агюст Тысо(en) (1728—1797) выдаў кнігу «Ананізм. Дысэртацыя аб хваробах, выкліканых мастурбацыяй» (франц. L'onanisme. Dissertation sur les maladies produites par la masturbation), якую дзясяткі разоў перавыдавалі і пераклалі на асноўныя эўрапейскія мовы. Сярод адпаведных хваробаў аўтар згадаў зьнясіленьне ў выніку страты жыцьцёвай вадкасьці і нэўроз ад лішку плоцевага ўзбуджэньня. Амэрыканскі псыхіятар Бэнджамін Раш(en) (1746—1813) адзначыў у сваіх пацыентаў аслабленьне зроку, страту памяці, узьнікненьне эпілепсіі і сухотаў у выніку дакучлівага рукаблудзтва. У сярэдзіне 19 ст. у якасьці захадаў прадухіленьня рукаблудзтва пачалі прапаноўваць абразаньне, інтэнсіўныя заняткі фізкультурай і сон на цьвёрдым ложку[4].
На пачатку 20 ст. некалькі лекараў наадварот прапанавалі выкарыстоўваць рукаблудзтва ў якасьці заменьніка іншых шкодных звычак і для зьняцьця сымптомаў шэрагу іншых хваробаў: мужчынам, якія карысталіся прастытуткамі, і жанчынам, якія цярпелі ад гістэрычнага разладу асобы(en)[4].
У хрысьціянстве рукаблудзтва прызнаецца за грэх, які супярэчыць чыстасьці[5].