Масьлянка

Малако (зьлева) і масьлянка (справа)

Масьля́нка — абястлушчаныя вяршкі, пабочны прадукт, які атрымліваецца пры вытворчасьці масла з каровінага малака.

Масьлянка ўтрымлівае да 9% сухіх рэчываў (у тым ліку 4,5—5% малочнага цукру, 3,2—3,5% бялку, 0,5—0,7% мінэральных рэчываў, 0,2—0,5% тлушчу), вітаміны (А, В, D, Е, біятын, РР, халін), фасфатыды (у тым ліку лецытын, які рэгулюе халестэрынавы абмен).

Калярыйнасьць: 30—33 кілякалёрый у 100 грамах.

Ужываецца ў ежу ў натуральным выглядзе ці перапрацоўваецца ў кісьлемалочныя прадукты, напоі, уваходзіць у склад некаторых відаў дыетычных сыроў.

Сухая і згушчаная масьлянка выкарыстоўваецца ў хлебаробнай і кандытарскай прамысловасьці.

Масьлянка — традыцыйны інгрэдыент для ірляндзкага хлеба на содзе, яе часта ўжываюць у выпяканьні кексаў. У вынікі рэакцыі кісьлі з разрыхляльнікам і пітной содай вылучаецца двухвокіс вугляроду, і хлеб уздымаецца, становіцца пульхным.

Масьлянку выкарыстоўваюць пры гатаваньні кашаў, часткова альбо цалкам замяняючы ёю ваду; а таксама для прыгатаваньня кавы і для забельваньня тварагу, яна можа замяніць больш тлустую сьмятану.

Масьлянку скормліваюць маладняку сельскагаспадарчых жывёлаў.

  • Пахта // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. А. М. Прохоров. — 2-е изд., перераб. и доп. — М.: Большая Российская энциклопедия, 1997. — С. 1408. — ISBN 5-7711-0004-8