Матлакі́т (па-ангельску: matlockite) — рэдкі галагенідавы мінэрал, фторхлярыд сьвінцу ланцужковай будовы. Названы паводле места Мэтлак у Дэрбішыры, Ангельшчына, у ваколіцах якога ён упершыню быў знойдзены[1]. Да матлакітаў адносяць таксама групу рэдкіх мінэралаў падобнай структуры.
Хімічная формула: PbFCl.
Склад: Pb — 79,19%; F — 7,26%; Cl — 13,55%.
Сынгонія тэтраганальная. Дытэтраганальна-дыпірамідальная сымэтрыя. Утварае таблеткавыя крышталі або грубаплястынкавыя агрэгаты, тонкія спаяныя пласьцінкі. Спайнасьць па базапінакоідзе.
Шчыльнасьць 7,12[2]. Цьвёрдасьць 3,0-3,5.
Колер ад крэмава-жоўтага[2] да зеленаватага. Бляск ад алмазнага да пэрлямутравага.
Крохкі. Залом няроўны, да наздраватага.
Прадукт зьмены галеніту або сьвінцовых шлакаў. Сустракаецца ў зоне атляненьня сьвінцовых рудных радовішчаў.
Быў адкрыты ў пачатку 1800-х ў шахце непадалёк ад Мэтлаку разам з асобнікамі фасгеніту і англезыту. Магчыма, ён быў апісаны ў 1802 року Джонам Моў (анг. John Mawe) ў кнізе «Мінэралёгія Дэрбішыру»[3], у якой ён падае падрабязную характарыстыку фасгеніту, пасьля чаго згадвае мінэрал, які называе «шкляным сьвінцом» — азначэньне, якое вельмі адпавядае выгляду матлакіта.
Тым ня меней, новы мінэрал не заўважалі цягам наступных пяцідзесяці рокаў. Толькі ў 1851 ён атрымаў сваю назву[4].
Асобнік вялікага памеру, 10 см у папярэчыне, знойдзены ў Дэрбішыры, захоўваецца ў калекцыі Амэрыканскага музэю прыродазнаўства[5]. 7-сантымэтровы экзэмпляр знаходзіцца ў зборах музэю й мастацкай галерэі Дэрбі[6].
Пасьля гэтага матлакіт быў знойдзены ў Арызоне (ЗША), Грэцыі, Італіі і Нямеччыне. Асобныя экзэмпляры сустракаліся таксама ў Аўстраліі, Аўстрыі, Паўднёвай Афрыцы, Пэру, Францыі, Чылі[1][2].
Групу матлакітаў складаюць некалькі мінэралаў падобнай крышталічнай структуры. Сярод іх бісмутавыя, сьвінцовыя і ка́льцавыя галагеніды: вісмакліт (BiO)Cl, daubréeite (BiO)(OH,Cl), ляўрыяніт PbCl(OH), параляўрыяніт PbCl(OH), рарызыт CaFCl і заварытскіт (BiO)F[2].