помнік | |
Маці Армэнія
Մայր Հայաստան | |
![]() | |
Краіна | Армэнія |
Месцазнаходжаньне | Парк Перамогі, Ерэван |
Каардынаты | 40°11′42.90″ пн. ш. 44°31′29.34″ у. д. / 40.19525° пн. ш. 44.5248167° у. д.Каардынаты: 40°11′42.90″ пн. ш. 44°31′29.34″ у. д. / 40.19525° пн. ш. 44.5248167° у. д. |
Аўтар праекту | Ара Аруцюнян |
Будаўнік | Рафаел Ісраэлян |
Дата заснаваньня | 1967 |
Статус | помнік культурнай спадчыны Армэніі[d][1] |
Маці Армэнія на мапе Армэніі ![]() ![]() Маці Армэнія | |
![]() |
Ма́ці Армэ́нія (па-армянску: Մայր Հայաստան Mayr Hayastan) — жаночае ўвасабленьне Армэніі. Самы знакаміты публічны твор з выявай Маці Армэніі — статуя ў парку Перамогі, якая ўзвышаецца над сталіцай Армэніі Ерэванам.
П’едэстал, на якім цяпер стаіць статуя, пабудаваны ў 1950 року паводле праекту архітэктара Рафаела Ісраэляна. Масіўны п’едэстал з прыступкамі выраблены з граніту, у разьбе па камяні ўжытыя матывы нацыянальнага арнамэнту. Будуючы на шматлікія гады, Ісраэлян стварыў п’едэстал падобным да трохнэфавай армянскай царквы[2]. Унутры ён нагадвае інтэр’ер царквы сьвятой Рыпсымэ ў Эчміядзіне. Там знаходзяцца тры паверхі памяшканьняў з агромністымі залямі[3]. Унутры пастамэнт аздоблены чорным армянскім туфам; ніжняя пляцоўка і прыступкі базальтавыя[4].
29 кастрычніка 1950 року на гэтым п’едэстале адбылося адкрыцьцё помніка Сталіну (архітэктар Сяргей Мяркураў) ў гонар перамогі ў II сусьветнай вайне. Увесну 1962 року статуя Сталіна была дэмантаваная[5]; падчас гэтага працэсу адзін салдат загінуў і шматлікія былі параненыя.
29 лістапада 1967 року адбылося адкрыцьцё на пустым п’едэстале 22-мэтровай статуі «Маці Армэнія» работы скульптара Ары Аруцюняна[6]. Скульптура зробленая з чаканнай медзі. Агульная вышыня манумэнту з п’едэсталам — 51 м. Правобразам Маці стала 17-гадовая дзяўчына Яўгенія Мурадзян, якую Аруцюнян сустрэў у краме ды ўмовіў пазіраваць для скульптуры[7].
У 1970 року ўнутры пастамэнту разьмясьціўся музэй Вялікай Айчыннай вайны[5][6]. У 1995 ён перайменаваны ў вайсковы музэй «Маці Армэнія» і перададзены Міністэрству абароны Армэніі. Цяпер вялікая частка ягонай экспазыцыі прысьвечаная Нагорна-Карабаскай вайне 1988—1994 рокаў[8].
Статуя Маці Армэніі ўяўляе сабою вобраз маці, якая ўкладае меч у похвы. Ля ейных ног ляжыць шчыт. На ілбе — радзімка, пакрытая тонкімі аркушамі золата[5]. Для наведнікаў помнік можа атаясамлівацца з пэўнымі выбітнымі постацямі армянскай гісторыі, прыкладам, Сасэ Майрык ды іншых, хто ўзяў у рукі зброю, каб стаць побач з мужамі ў барацьбе з турэцкімі войскамі і курдзкімі паўстанцамі. Таксама манумэнт падкрэсьлівае важны статус і значэньне, надаванае ў армянскай сям’і сталым жанчынам.
Помнік узвышаецца над Ерэванам, нібыта ахоўваючы армянскую сталіцу. Шторок 9 траўня тысячы армянцаў прыходзяць да манумэнту і ўскладаюць кветкі ў памяць пра палеглых у Другой сусьветнай вайне армянаў.