Мельнік лац. Mielnik | |||||
польск. Mielnik | |||||
![]() Замкавая гара | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1240 | ||||
Магдэбурскае права: | 1440/1501 | ||||
Мясцовая назва: | Melnik | ||||
Краіна: | Польшча | ||||
Ваяводзтва: | Падляскае | ||||
Павет: | Сямяціцкі | ||||
Гміна: | Мельнік | ||||
Насельніцтва: | 980 чал. | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Паштовы індэкс: | 17-307 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°19′48″ пн. ш. 23°2′55″ у. д. / 52.33° пн. ш. 23.04861° у. д.Каардынаты: 52°19′48″ пн. ш. 23°2′55″ у. д. / 52.33° пн. ш. 23.04861° у. д. | ||||
Мельнік на мапе Польшчы ![]() ![]() Мельнік | |||||
![]() |
Мельнік (польск. Mielnik, падляск.: Mélnik) — вёска ў Польшчы, на рацэ Бугу. Цэнтар сельскай гміны Сямяціцкага павету Падляскага ваяводзтва. Знаходзіцца за 17 км на паўднёвы ўсход ад Сямяцічаў, за 88 км на поўдзень ад Беластоку.
Мельнік — даўняе магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся руіны касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі готыкі і барока, а таксама цэрквы Покрыва Багародзіцы ў стылі традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры і Прачыстай Багародзіцы ў стылі клясыцызму, мастацкае аблічча якіх пацярпела ад маскоўскіх перабудоваў, помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.
Тапонім Мельнік утварыўся ад пакладаў крэйды, якія знаходзяцца пад вёскай.
Першы пісьмовы ўпамін пра Мельнік зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1240 годам. У гэты час ён уваходзіў у склад Галіцка-Валынскага княства. У 1260 годзе князь Васілька Раманавіч маліўся ў тутэйшай царкве Багародзіцы перад паходам на яцьвягаў.
У 1324 годзе Мельнік разам з Дарагічынскай зямлёй далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1378 годзе, паводле хронікі Віганда, крыжакі ўзялі Мельніцкі замак у аблогу. У 1420 годзе вялікі князь Вітаўт заснаваў тут першы касьцёл (Божага Цела, Унебаўзяцьця Божае Маці і Ўсіх Сьвятых). У 1430—1444 гадох Мельнік знаходзіцца ў руках мазавецкіх князёў. У 1440 годзе места атрымала Хэлмінскае права ад князя Баляслава Варшаўскага. 23 кастрычніка 1501 году кароль і вялікі князь Аляксандар падпісаў у тутэйшым замку акт Мельніцкае уніі і неўзабаве надаў месту Магдэбурскае права. У 1520 годзе Мельнік стаў цэнтрам павету Падляскага ваяводзтва. У 1551 годзе тутэйшы замак перабудавалі ў стылі рэнэсансу.
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Мельнік перайшоў да Каралеўства Польскага. У 1657 годзе места зруйнавалі швэдзкія войскі. У 1776 годзе тут збудавалі драўляную Пакроўскую царкву.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) і да падпісаньня Тыльзіцкае дамовы 1807 году тэрыторыяй сучаснага Мельніка праходзіла граніца між прускім, аўстрыйскім і расейскім падзеламі. У 1825 годзе ў месьце збудавалі Прачысьценскую царкву. 16 лютага 1869 году зьявіўся праект расейскага гербу Мельніку: «у зялёным полі залаты вятрак»[1]. У 1871 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі Замкавы Траецкі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі. На 1878 год у месьце было 206 будынкаў. У 1912—1920 гадох тут вялося будаваньне новага касьцёла.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Мельнік занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У гэты ж час Замкавы касьцёл пацярпеў ад ваенных дзеяньняў.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мельнік абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У гэты час тут было 184 будынкі. У 1934 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Мельнік акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень вёску перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Мельнік увайшоў у склад БССР, у Берасьцейскую вобласьць. У 1940 годзе ў час пабудовы Лініі Молатава жыхары мусілі пакінуць вёску. З чэрвеня 1941 да 22 ліпеня 1944 году Мельнік зноў знаходзіўся пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі вёску Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1953 годзе тут заснавалі камбінату па здабычы крэйды.
|