Менскае ваяводзтва лац. Mienskaje vajavodztva | |
![]() | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Менск |
Дата ўтварэньня | 1565 |
Дата скасаваньня | 1793 |
Ваяводы | Ваяводы менскія |
Кашталяны | Кашталяны менскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 55,5 тыс. км² |
Час існаваньня | 1566—1793 |
Месцазнаходжаньне Менскага ваяводзтва | |
![]() | |
![]() |
Ме́нскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў цэнтральнай і паўднёва-ўсходняй частцы Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 55,5 тыс. км² (найбольшае ваяводзтва ў краіне). Сталіца — места Менск. Найбольшыя месты: Бабруйск, Мазыр і Рэчыца.
Утварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў на аснове колішняга Менскае княства. Рэформа таксама ўсталявала межы ваяводзтва і паветаў — Менскага і Рэчыцкага.
У часе складаньня Люблінскай уніі (1569 год) шляхта Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва адмовілася ад пераходу пад юрысдыкцыю Каралеўства Польскага. Павет далучыўся да Менскага ваяводзтва[1].
З 1599 году ў Менску праз рок, паводле чаргі з Наваградкам, пачалі праводзіцца вясновыя сэсіі Галоўнага Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага, кожная зь іх працягвалася 22 тыдні, пачынаючы ад панядзелку па Трох Каралях.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія войскі акупавалі і спустошылі значную частку тэрыторыі ваяводзтва. У 1662 годзе Барысаўскае староства перайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1667 годзе ў склад Рэчыцкага павету ўвайшло Лоеўска-Любецкае староства (8 тыс. км²)[2]. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 годзе войскі караля Швэцыі Карла XII учынілі значныя разбурэньні на абшарах ваяводзтва, асабліва ў Менскім павеце.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Менскага ваяводзтва ліцьвінамі: «…ехал из Менска литвин Корсак» (1601—1602 гады)[3], «литвин из Минска пан Ян Сухопаров», «литвин Менского повету Ондрей» (абодва 1609—1610 гады)[4], «Степанка Борисов… в роспросе сказал: родом де он литвин[b], родился в Белой Руси в Борисове городе… а отец де у него жив в Литве» (1621 год)[7], «…выходец литвин Остафей Каменский в роспросе сказал: отец де ево бывал Минского повету шляхтич» (1629 год)[8], «Крутновский Мартын… литвин, родом из Менского повета» (1632 год)[9], «…взяли в Чичерском повете литвина Матвея Кузминского из Солонины, а Солонина их имение, с женой и с детьми» (1633 год)[10], «Михайлов Левка… литвин из Пропойска» (1635 год)[11], «Лазовский Бронислав… литвин, уроженец Гомеля» (1649 і 1660 гады)[12], «…из Менска торговой человек литвин Тимофей Менченин» (1651 год)[13], «Богушевский Станислав… литвин, шляхтич из Гомеля» (1655 і 1660 гады)[14]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1631 годам значыцца Alexander Stybalcovius, Minscensis Lithuanus[15], пад 1774 годам — Reczynski Boguslaus Jac., Coydanav. Lituan.[16] У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Оламаўцу значацца Athanasius Pietrowsky Lithuanus ex Palatinatu Minscensi (1721—1728 гады), Felicianus Zablocky Litvanus Minscensis (1732—1736 гады)[17]. Апроч таго, у 1743 годзе сярод вернікаў парафіі ў Камені ўпамінаецца старалітва[18], якую крыніцы зьвязваюць з русінамі.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) страціла значную частку Рэчыцкага павету і ўлучыла ў свой склад рэшту Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1775 годзе ў зьвязку з акупацыяй усходніх ваяводзтваў Расейскай імпэрыяй, Менскую сэсію Трыбуналу перанесьлі ў Горадню.
20 сьнежня 1793 году адбылася ліквідацыя ваяводзтва ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, ягоная тэрыторыя ўвайшла ў склад Менскай губэрні Расейскай імпэрыі.
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «у чырвоным полі рыцар у срэбных латах і з срэбным шчытом з залатым шасьціканцовым крыжом, які заносіць над галавой срэбны меч з залатым этэсам і скача на срэбным кані з залатым ўзбраеньнем, збруяй і вачамі; сядло чырвонае з залатой акантоўкай»[19] (паводле іншых зьвестак, «Пагоня цялістага колеру ў белым полі»[20]).
Ваяводзкая харугва была чырвонага («гвазьдзіковага») колеру з выявай гербу Пагоня ў белым полі[21][22][23].
На поўначы межавала з Полацкім і Віцебскім ваяводзтвамі, на ўсходзе — з Амсьціслаўскім ваяводзтвам і Маскоўскай дзяржавай, на поўдні — з Кіеўскім і Берасьцейскім ваяводзтвамі, на захадзе — з Наваградзкім і Віленскім ваяводзтвамі[20]. Частка мяжы з Наваградзкім ваяводзтвам праходзіла ракою Пціч, да яе ўтоку ў Прыпяць. На захадзе, ўздоўж ракі Славесна, ішла мяжа зь Берасьцейскім ваяводзтвам.
Мела форму прастакутніка з нашмат даўжэйшымі заходнім і ўсходнім бакамі. Рака Бярэзіна, якая ад вытоку да вусьця працякала тэрыторыяй ваяводзтва, падзяляла ягоны абшар надвая. У паўночнай частцы брала свой выток рака Вяльля. Гэтая мясцовасьць ўяўляла шырокія, ня вельмі ўрадлівыя раўніны. Паўднёва-заходняя частка ваяводзтва (Мазырскі павет) ляжала ў Палесьсі.
Ваяводзтва падзялялася на тры паветы: Менскі, Мазырскі і Рэчыцкі.
Назва | Цэнтар | Плошча, тыс. км² |
Староствы |
---|---|---|---|
Менскі павет | Менск | 20,8 | Менскае (гродавае) Гайненскае Радашкоўскае Краснасельскае |
Мазырскі павет | Мазыр | 4,7 | Мазырскае (гродавае) Бчыцкае (Пціцкае) |
Рэчыцкі павет | Рэчыца | 30,0 | Рэчыцкае (гродавае) Бабруйскае Гомельскае Лоеўска-Любецкае Прапойскае Рагачоўскае Чачэрскае |
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Менску, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне. У павятовых цэнтрах месьціліся падкаморскія, земскія і гродзкія суды, праходзілі павятовыя соймікі.
Менская, мазырская і і рэчыцкая шляхта абірала шасьцёх паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама шасьцёх дэпутатаў на Галоўны Трыбунал (тры на «рускую» і тры на «літоўскую» кадэнцыю).
У сярэдзіне XVII ст. Менскае ваяводзтва налічвала 35 510 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 248 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 94 тыс. чал.[24]
На 1790 год колькасьць насельніцтва складала каля 307 тыс. чал. (шчыльнасьць 422 чал. на 1 квадратную мілю)[25].
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Менскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569 год) ваявода менскі паводле значнасьці займаў месца па паморскім і перад інфлянцкім, кашталян — па гданскім і перад інфлянцкім[20].
Па ўвядзеньні ў 1776 годзе ваяводзкіх мундзіраў, паслы Менскага і Мазырскага паветаў апраналіся ідэнтычна смаленскім — у малінавыя («кармазыновыя») кунтушы зь цёмна-сінімі («гранатовымі») адваротамі, пад імі насілі цёмна-сінія жупаны. Паслы Рэчыцкага павету насілі белая жупаны і такія ж адвароты.
|