Морган Гібс-Ўайт | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 27 студзеня 2000[1] (25 гадоў) | |
Рост | 171 см[2] | |
Вага | 70 кг | |
Пазыцыя | атакуючы паўабаронца | |
Клюбная інфармацыя | ||
Клюб | Нотынггэм Форэст | |
Нумар | 10 | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
2017—2022 | Ўулвэргэмптан Ўандэрэрз | 68 (1) |
2020—2021 | → Сўонсі Сіці | 5 (1) |
2021—2022 | → Шэфілд Юнайтэд | 35 (11) |
2022— | Нотынггэм Форэст | 106 (17) |
Зборныя | ||
2016 | Ангельшчына (да 16)[d] | 1 (1) |
2018 | Ангельшчына (да 18)[d] | 2 (0) |
2024— | Ангельшчына | 4 (0) |
¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі |
Морган Гібс-Ўайт (па-ангельску: Morgan Gibbs-White; нар. 27 студзеня 2000 году) — ангельскі футбаліст, атакуючы паўабаронца клюбу «Нотынггэм Форэст» і нацыянальнай зборнай Ангельшчыны.
Прайшоў праз акадэмію «Ўулвэргэмптан Ўандэрэрз», далучыўшыся да яе ў веку 8 гадоў. Дэбютаваў у першай камандзе 7 студзені 2017 ў 16-гадовым веку, зьявіўшыся на замену на 62-й хвіліне замест Джо Мэйсана ў матчы Кубка Ангельшчыны супраць «Сток Сіці»[3][4]. Ужо ў наступным месяцы згуляў першы матч у Чэмпіёншыпе ў хатнім матчы супраць «Ўіган Атлетыку». У студзені 2018 году было абвешчана, што Гібс-Ўайт склаў з клюбам новы кантракт, паводле якога ён мусіць заставацца ў клюбе да лета 2022 году[5]. У сэзоне 2018—2019 гадоў замацаваўся ў складзе каманды, гэта пры тым, што «Ўулвэргэмптан Ўандэрэрз» у гэтым сэзоне спаборнічаў у Прэм’ер-лізе. У наступным сэзоне зьяўляўся на полі ўжо менш.
Сэзоны 2020—2021 гадоў быў у арэндзе ў «Сўонсі Сіці», а ў наступным годзе таксама на правах арэнды далучыўся да «Шэфілд Юнайтэду». 19 жніўня 2022 году Гібс-Ўайт падпісаў пяцігадовы кантракт з «Нотынггэм Форэст»[6] за рэкордную трансфэрную суму ў памеры 25 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў з патэнцыйнымі 17 мільёнамі фунтаў стэрлінгаў у якасьці дадаткаў[7]. Цягам сэзону Прэм’ер-лігі 2023—2024 гадоў гулец зрабіў дзесяць галявых перадачаў і забіў пяць галоў, у тым ліку пераможны гол у хатнім матчы супраць «Манчэстэр Юнайтэд»[8].
29 жніўня 2024 году Гібс-Ўайт быў выкліканы ў нацыянальную зборную Ангельшчыны часовым галоўным трэнэрам Лі Карсьлі дзеля ўдзелу ў матчах Лігі нацыяў супраць зборных Ірляндыі і Фінляндыі[9]. Запачаткаваў кар’еру ў асноўным складзе зборнай 7 верасьня, выйшаўшы з лаўкі на 76-й хвіліне ў пераможным матчы супраць зборнай Ірляндыі зь лікам 2:0[10].