Каардынаты: 38°54′7″ пн. ш. 77°2′51″ з. д. / 38.90194° пн. ш. 77.0475° з. д.
Міжнародная фінансавая карпарацыя | |
анг. International Finance Corporation | |
Галаўная сядзіба (2009 г.) | |
Абрэвіятура | МФК |
---|---|
Дэвіз | Ствараем рынкі, ствараем магчымасьці |
Дата ўтварэньня | 20 ліпеня 1956 (68 гадоў таму) |
Тып | міжурадавая |
Юрыдычны статус | міжнародная арганізацыя |
Мэта | заахвочваньне росту плённага прыватнага прадпрымальніцтва ў найменш разьвітых галінах |
Штаб-кватэра | г. Вашынгтон, Паўночна-Заходняя чвэрць, прасп. Пэнсыльваніі, д. 2121[1] |
Месцазнаходжаньне | ЗША |
Сяброўства | 184 дзяржавы (2019 г.) |
Афіцыйныя мовы | ангельская |
Галоўны кіраўнік | Філіп Ле Ўеру |
Выканаўчая кіраўніца | Стэфанія Фрыдбург |
Начальніца пэрсаналу | Алена Бурганская |
Кіраўнік сродкамі | Маркас Бруіс |
Асноўныя асобы | Джыярджына Бэйкер (Эўропа), Джон Гандольфо (скарбнік)[2] |
Кіроўны орган | Рада кіраўнікоў |
Матчына кампанія | Група Сусьветнага банку |
Зьвязаныя кампаніі | Кампанія кіраваньня сродкамі МФК |
Бюджэт | $1,662 млрд (2018 г.)[3] |
Колькасьць супрацоўнікаў | 3400 (2011 г.) |
Сайт | ifc.org |
Міжнаро́дная фіна́нсавая карпара́цыя — міжурадавая ўстанова Групы Сусьветнага банку, заснаваная ў ліпені 1956 году ў Вашынгтоне (ЗША).
На 2019 год мела выдадзеныя пазыкі і парукі на іх 2000 прадпрыемствам у больш як 100 краінах[3].
Паводле 1-га артыкула Пагадненьня «Аб Міжнароднай фінансавай карпарацыі» 1955 году, Карпарацыя мела:
Ад 27 чэрвеня 2012 году статутны капітал Карпарацыі складаў $2,58 млрд, якія падзяляліся на 2,58 млн паёў па $1000 кожны. Паводле 2-га артыкула Пагадненьня «Аб Міжнароднай фінансавай карпарацыі», Рада кіраўнікоў Сусьветнага банку можа павялічыць статутны капітал МФК на больш як 10 000 паёў 4/5 галасоў. Згодна з 3-м артыкулам Пагадненьня Карпарацыя мае валодаць паўнамоцтвамі:
Пагатоў «перш чым адкрыта прадаць свае аблігацыі на рынку ўдзельніка Карпарацыя мае атрымаць ухвалу гэтага ўдзельніка і ўдзельніка, у валюце якога аблігацыі маюць намінавацца». Таксама агульная сума нясплачанай запазычанасьці і парукаў, выдадзеных Карпарацыяй, ня мае павялічвацца, калі тая сума больш як 4-кратна перавышае яе статутны капітал і лішкавыя сродкі[4].
На 30 чэрвеня 2018 году капітал МФК налічваў $26,136 млрд, зь іх 89% складаў накоплены з 1956 году прыбытак. Рэшту статутны капітал. Абавязкі ў выглядзе пазыковых сродкаў налічвалі $68,136 млрд (261% ад капіталу), зь якіх 72,5% прыпадала на непагашаныя аблігацыі, прададзеныя на рынку. Сродкі Карпарацыі складалі $94,272 млрд, зь іх 44,8% прыпадала на ўкладаньні ў выглядзе выдадзеных пазыкаў на $23,6 млрд, доляў у прадпрыемствах на $13 млрд і даўгавых аблігацыяў на $5,6 млрд. Рэшту сродкаў складалі гандлёвыя каштоўныя паперы на $28,9 млрд (30,7%), тэрміновыя ўклады на $13,2 млрд (14%), дэбіторская запазычанасьць на $3,9 млрд, вытворныя сродкі на $2,8 млрд, дамовы продажу без пакрыцьця на $2 млрд і наяўныя грошы на $1,3 млрд[3].
На 2019 год Міжнародная фінансавая карпарацыя выпускала 8 відаў аблігацыяў:
На 13 красавіка 2019 году 6 дзяржавамі-ўдзельніцамі з найбольшым лікам галасоў у Сусьветнага банку, кожная зь якіх прызначала ўласнага прадстаўніка ў Раду дырэктароў, былі: 1) ЗША — 20,98%, 2) Японія — 6,01%, 3) Нямеччына — 4,77%, 4) Францыя — 4,48%, 5) Брытанія — 4,48%, 6) Кітай — 2,3% (галасоў у МФК). Разам гэтыя 6 дзяржаваў мелі 43,02% галасоў. Налічвалася 18 іншых урадаў-удзельнікаў, якія мелі звыш 1% галасоў: Індыя (3,82%), Расея (3,81%), Італія і Канада (3,02%), Нідэрлянды (2,1%), Бразылія (2,08%), Саудаўская Арабія (1,91%), Бэльгія (1,89%), Аўстралія (1,77%), Швайцарыя (1,65%), Аргентына (1,59%), Гішпанія (1,39%), Інданэзія (1,19%), Мэксыка (1,15%), Паўднёвая Карэя (1,07%), Вэнэсуэла і Нігерыя (1,05%), Швэцыя (1,02%). Урад Беларусі меў 0,22% галасоў (6082). Урады 4 іншых сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама мелі менш за 1% галасоў: Украіна — 0,4%, Польшча — 0,31%, Летува — 0,12% і Латвія — 0,11%. Агулам у 184 урадаў-удзельнікаў налічвалася 2 717 494 галасы[13].
Рада дырэктароў улучала 6 прызначэнцаў з адпаведным адсоткам галасоў (разам 43,02%): ад ЗША з 20,98%, ад Японіі з 6,01%, ад Нямеччыны з 4,77% і ад Брытаніі і Францыі па 4,48%, ад Кітаю з 2,3%. Астатнія 19, якія разам атрымлівалі 56,98% галасоў, выбіраліся больш як ад аднаго ўраду (ад 178). Урад Беларусі падтрымліваў выканаўчага дырэктара ад Аўстрыі, які меў найбольшы адсотак галасоў (4,78%) сярод выбраных. Урад Расеі меў уласнага выканаўчага дырэктара (3,85%), якога падтрымліваў урад Сырыі. Украіна падтрымлівала прадстаўніка Нідэрляндаў (3,64%). Латвія і Летува — выканаўчага дырэктара ад Даніі (3,36%). Урад Польшчы — прадстаўніка Швайцарыі (2,28%)[14].
Паводле 9-га артыкула Пагадненьня «Аб Міжнароднай фінансавай карпарацыі» (МФК) 1955 году, «Пагадненьне мае набыць моц, калі яго падпішуць ад імя прынамсі 30 урадаў, чые падпіскі складаюць прынамсі 75 % агульнай падпіскі» на $100 млн статутнага капіталу МФК. 20 ліпеня 1956 году гэтую ўмову выканалі, калі 31 урад з агульнай падпіскай на $75,366 млн далучыўся да Пагадненьня. У выніку дзяржавамі-заснавальніцамі МФК сталі:
23 верасьня 1957 году 50-й дзяржавай-удзельніцай МФК стаў Аўганістан. 20 жніўня 1975 году 100-м удзельнікам стаў урад Буркіна-Фасо. 29 сьнежня 1987 году 132-й дзяржавай-удзельніцай стала Польская Народная Рэспубліка, суседняя зь Беларусьсю. 2 лістапада 1992 году 147-м удзельнікам МФК стаў урад Беларусі. Цягам 1993 году далучыліся 4 астатнія сумежныя зь Беларусьсю дзяржавы. 15 студзеня 150-й стала Летува. 12 красавіка 157-й — Расея. 29 верасьня 160-й — Латвія. 18 кастрычніка 163-й — Украіна. Ад 13 красавіка 2019 году ўдзельнікамі МФК былі ўрады 184 краінаў. Таксама свайго прадстаўніка меў аўтаномны край Сэрбіі — Косава і Мятохія, які знаходзіўся пад пратэктаратам ААН[16].
2 лістапада 1992 году ўрад Беларусі стаў 147-м пайшчыкам Міжнароднай фінансавай карпарацыі. У 2004 годзе ФМК стала пайшчыкам «Дэтроіцка-Беларускай піваварнай кампаніі» (Бабруйск) і вылучыла ёй $10 млн пазыкі на пашырэньне прадпрыемства. У 2005 годзе Карпарацыя выдала $40 млн пазыкі «Прыёрбанку» і $5 млн «Белгазпрамбанку» на крэдытаваньне малых прадпрыемстваў. У 2006 годзе «Дэтроіцкія ўкладаньні» атрымалі ад МФК $37 млн на заснаваньне 1-га прыватнага заводу сокаў і 1-й сеткі з зьніжкавых крамаў у 15 гарадах. У 2008 годзе выдалі $26 млн пазыкі на пабудову 20 буйных крамаў «Рублёўскі» і $6 млн «А1 Групе» на адкрыцьцё 128 зьніжкавых крамаў у 6 гарадах. Яшчэ $12 млн пазычылі ТАА «Стромінвэст» на будоўлю офіснай нерухомасьці ў Менску. У 2009 годзе МФК выдала гандлёвыя парукі на $30 млн «Белпрамбудбанку» і на $10 млн «Менскаму транзытнаму банку» для забесьпячэньня экспарту іх кліентамі. У 2010 годзе «Алютэху» выдалі $22 млн доўгатэрміновай пазыкі на разбудову прадпрыемства, якія ў 2012 годзе дапоўнілі $45 млн для пашырэньня экспарту. Таксама ў 2010 годзе МФК стала пайшчыкам «Беларускага народнага банка», якому пазычыла $13 млн. Адначасна ТАА «Ома» атрымала $7 млн пазыкі на будаўніцтва ў Менску найбольшай будаўнічай крамы ў Беларусі. У 2011 годзе «МТБанк» атрымаў $10 на пазычаньне малым прадпрыемствам аднаўляльнай энэргетыкі. На 2012 год прадстаўніцтва ФМК у Беларусі, якое ўзначальваў Макс Якуб, месьцілася ў Менску па Партызанскім праспэкце, д. 6а. На той час МФК выдала ў Беларусі 36 пазыкаў на $340 млн[17].
У 2013 годзе экспэрты Карпарацыі ўдзельнічалі ў распрацоўцы Закону Рэспублікі Беларусь «Аб інвэстыцыях», што набыў моц у студзені 2014 году[18]. У 2010—2014 гадах Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь і МФК ажыцьцявілі сумесную праграму «Паляпшэньне рэгуляваньня бізнэсу і садзейнічаньне прыцягненьню інвэстыцыяў у Рэспубліцы Беларусь». У рамках праграмы бакі стварылі Адзіны рэестар адмінпрацэдураў у Беларусі, лік якіх скарацілі на 19%, а таксама зьменшылі лік ліцэнзіяў на 60%[19]. 24 красавіка 2019 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Рэспублікі Беларусь і МФК заключылі Пагадненьне «Аб супрацы», што прадугледжвала захады разьвіцьця канкурэнцыі да канца 2021 году. На той час МФК выдаткавала ў Беларусі $760 млн[20]. На 2019 год прадстаўніцтва ў Кіеве (Украіна) працавала і на Беларусь, за мерапрыемствы ў якой адказвала Алена Гармаш[21].
У 1955 годзе ў Вашынгтоне (ЗША) Рада кіраўнікоў Сусьветнага банку ўхваліла артыкулы Пагадненьня «Аб Міжнароднай фінансавай карпарацыі» для заключэньня дзяржавамі-ўдзельніцамі СБ. 20 ліпеня 1956 году Пагадненьне набыло моц праз падпісаньне ад імя 31 ураду з агульнай падпіскай на больш як 3/4 ад $100 млн капіталу МФК. 24 ліпеня 1956 году Рада кіраўнікоў ФМК прызначыла 1-м кіраўніком Робэрта Гарнэра на чале 12 супрацоўнікаў. 20 чэрвеня 1957 году МФК заключыла 1-е пагадненьне зь нямецкім прадпрыемствам «Сымэнс» (Мюнхэн) аб укладаньні ў Бразыліі $2 млн у вытворчасьць трансфарматараў, тэлефонаў і электрарухавікоў[15]. У 1961 годзе ў статут МФК унесьлі папраўку, якая дазволіла ёй уступаць у акцыянэрны капітал прадпрыемстваў, што стала асноўнай крыніцай прыбытку. У 1962 годзе за $500 000 набылі долю ў «Гішпанскай фабрыцы магнэтаў», што вырабляла аўтазапчасткі. У 1971 годзе ў МФК стварылі аддзел рынкаў капіталу, які стаў найбольшым і стаў укладаць у банкі праз фондавы рынак. У 1972 годзе ў Джакарту накіравалі 14 супрацоўнікаў для заснаваньня першага рынку каштоўных папераў у Інданэзіі. Тамсама адчынілі першае прадстаўніцтва Карпарацыі. У 1974 годзе паўднёвакарэйская «Электроніка ЛДжы» атрымала $17,3 млн пазыкі на разбудову вытворчасьці, што зрабіла яе вядучым прадпрыемствам галіны ў разьвіцьцёвых краінах. У 1984 годзе МФК запусьціла на Нью-Ёрскай фондавай біржы (ЗША) Карэйскі фонд, што стаў 1-м датычным разьвіцьцёвага рынку. У 1991 годзе правялі 1-е ў Польшчы разьмяшчэньне акцыяў прадпрыемства, якім стала АТ «Сваржэндзкія мэблевыя фабрыкі» (Велікапольскае ваяводзтва)[22].
У 1992 годзе капітал ФМК павялічылі на $1 млрд. У Ніжнім Ноўгарадзе (Расея) Карпарацыя правяла аўкцыёны прыватызаваньня 2000 прадпрыемстваў. У 2007 годзе доля супрацоўнікаў у прадстаўніцтвах перавысіла палову ад агульнага ліку. У 2009 годзе «Група дваццаці» прызначала МФК сваім дарадцам у справе малога прадпрымальніцтва. Цягам году Карпарацыя выдала банкам Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы звыш $2 млрд пазыкаў. Адначасна заснавалі Кампанію кіраваньня сродкамі МФК, якая да 2016 году прыцягнула звыш $9 млрд[22]. У 2012 годзе МФК выдала гандлёвыя парукі на $2,9 млрд 250 банкам у 90 краінах[23]. У 2014 годзе Карпарацыя ўпершыню разьмясьціла ў Лёндане (Ангельшчына) прыпраўныя аблігацыі ў індыйскіх рупіях.