Міжнародны саюз электрасувязі | |
анг. International Telecommunication Union | |
Галоўная сядзіба ў Жэнэве | |
Абрэвіятура | МСЭ |
---|---|
Дэвіз | Адданы злучэньню сьвету |
Дата ўтварэньня | 17 траўня 1865 (159 гадоў таму) |
Тып | Міжурадавая |
Юрыдычны статус | Міжнародная арганізацыя |
Мэта | Пашырэньне даступнасьці сувязі |
Месцазнаходжаньне | Жэнэва, Швайцарыя |
Дзейнічае ў рэгіёнах | 90 краінаў (2018 г.) |
Сяброўства | 193 дзяржавы (2018 г.) |
Афіцыйныя мовы | ангельская, арабская, гішпанская, кітайская, расейская, француская |
Генэральны сакратар | Хоўлінь Чжао(en) |
Кіроўны орган | Рада |
Матчына кампанія | Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў |
Бюджэт | 150,229 млн швайцарскіх франкаў[1] (2016 г.; $152,517 млн)[2] |
Колькасьць супрацоўнікаў | 700 (2018 г.) |
Сайт | itu.int |
Колішняя назва | Міжнародны тэлеграфны саюз (да 1 студзеня 1934 г.) |
Міжнаро́дны зьвя́з электрасу́вязі — міжнародная арганізацыя, заснаваная 17 траўня 1865 году ў Парыжы (Францыя) 20 дзяржавамі мацерыковай Эўропы пад назовам Міжнародны тэлеграфны саюз[3] для забесьпячэньня хутчэйшай перадачы паведамленьняў[4]. З 1934 г. мае сучасны назоў[5]. З 1948 г. галаўная сядзіба месьціцца ў Жэнэве (Швайцарыя). Выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасьці 6 службовых моваў (ангельскую, арабскую, гішпанскую, кітайскую, расейскую і францускую).
На 2018 год Міжнародны саюз электрасувязі ўлучаў:
Паводле 2-га Пункта 1-га Артыкула Статута, на МСЭ ўскладаліся абавязкі:
Першапачаткова Саюз заснавалі ўрады 20 дзяржаваў Эўропы: Асманская імпэрыя, Аўстрыйская імпэрыя, Баварыя, Бадэн(de), Бэльгія, Вюртэмбэрг, Гамбург, Гановэр, Гішпанія, Грэцыя, Данія, Італія, Нідэрлянды, Партугалія, Расейская імпэрыя, Швайцарыя, Швэдзка-нарвэская ўнія, Прусія, Саксонія і Францыя[4]. У 1868 г. далучыліся тэлеграфныя службы Ангельшчыны (Брытанскай Індыі), Люксэмбургу, Пэрсіі і Сэрбіі[9]. У 1906 г. лік урадаў-удзельнікаў вырас да 27: далучыліся Аргентына, Баўгарыя, Бразылія, ЗША, Манака, Мэксыка, Румынія, Уругвай, Чылі і Японія[10]. На 1932 г. колькасьць дзяржаваў-удзельніцаў дасягнула 57[5]. У 1947 г. лік урадаў-удзельнікаў вырас да 64, у тым ліку далучыўся ўрад Беларускай ССР[11]. На 1982 г. лік урадаў-удзельнікаў дасягнуў 132[12]. На 2015 г. МСЭ налічваў 193 урады-ўдзельнікі.
У 1947 г. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала дзяржавай-удзельніцай МСЭ. 2 кастрычніка 1947 г. ў Атлантык-Сіці(en) (штат Нью-Джэрзі, ЗША) Міжнароднае пагадненьне аб электрасувязі падпісаў ад БССР Леанард Касьцюшка[11]. 30 кастрычніка 2002 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь Пастановай № 1504 «Аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь зь міжнароднымі арганізацыямі» прызначыў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь галоўным ведамствам для супрацы з МСЭ[13].
17 траўня 1865 г. ў Парыжы, пасьля 2,5 месяцаў перамоваў, прадстаўнікі 20 дзяржаваў мацерыковай Эўропы падпісалі Міжнароднае тэлеграфнае пагадненьне. Артыкул 2 Пагадненьня прадпісваў пастаянную, кругласутачную і безупынную перадачу паведамленьняў між сталіцамі. Звычайныя аддзяленьні мелі штодня падаваць паслугі сувязі цягам 13 гадзінаў (8:00—21:00 паводле мясцовага часу). Артыкул 3 прадугледжваў выкарыстаньне азбукі Морзэ для перадачы паведамленьняў. Арт. 11 згадваў першачарговасьць перасылкі паведамленьня: 1) дзяржаўнае, 2) службовае, 3) прыватнае. Арт. 18 прадугледжваў зьнішчэньне паведамленьня пры адсутнасьці атрымальніка звыш 6 тыдняў. Арт. 21 прадпісваў захоўваць перасланыя паведамленьні цягам году. Арт. 27 дапускаў перасылку паведамленьня ў адразу некалькі месцаў і некалькім асобам. Артыкул 62 прадугледжваў набыцьцё моцы Пагадненьнем 1 студзеня 1866 году[4].
21 ліпеня 1868 г. ў Вене (Аўстра-Вугоршчына) Міжнародная тэлеграфная нарада, што пачалася 12 чэрвеня, пастанавіла ўтварыць да 1 студзеня 1869 г. Міжнароднае бюро тэлеграфных кіраўніцтваў[9], якое заснавалі з трох асобаў у Бэрне (Швайцарыя). Кіраўнік Бюро прызначаўся ўрадам Швайцарыі (да канца 1947 г.). У 1885 г. ў Бэрліне (Нямецкая імпэрыя) Міжнародная тэлеграфная нарада абмежавала ў Тэлеграфных правілах працягласьць тэлефанаваньня 10 хвілінамі пры наяўнасьці іншых запытаў на выкарыстаньне тэлефоннай лініі. 3 лістапада 1906 г. ў Бэрліне (Нямецкая імпэрыя) прадстаўнікі 27 дзяржаваў падпісалі Міжнароднае радыётэлеграфнае пагадненьне[10]. Таксама нарада зацьвердзіла «СОС» (лац. SOS) у якасьці міжнароднага марскога знака бедзтва для сувязі пры здарэньні. 1 траўня 1907 г. пачаў працу Радыётэлеграфны аддзел Бюро.
5 ліпеня 1912 г. ў Лёндане (Ангельшчына) Міжнародная радыётэлеграфная нарада зацьвердзіла агульную даўжыню радыёхвалі для знака бедзтва ад караблёў. Артыкул 21 папраўленага Пагадненьня, якое набыло моц 1 ліпеня 1913 г., забавязаў найперш перадаваць знак бедзтва і нават спыняць для таго ўсе іншыя паведамленьні[14]. 27 лістапада 1927 г. ў Вашынгтоне (ЗША) Нарада разьмеркавала палосы радыёчастасьцяў між наземнымі, марскімі, паветранымі, вяшчальнымі, аматарскімі і досьледнымі службамі[15]. 9 сьнежня 1932 г. ў Мадрыдзе (Гішпанія) прадстаўнікі 57 дзяржаваў падпісалі Міжнароднае пагадненьне аб электрасувязі, што набыло моц 1 студзеня 1934 году і зьмяніла назоў арганізацыі на Міжнародны саюз электрасувязі. Артыкул 21 Пагадненьня дапусьціў выкарыстаньне ангельскай мовы пры абмеркаваньні поруч з францускай[5].
У жніўні 1947 г. ў вёсцы Лэйк-Саксэс(en) (акруга Насаў(en), шт. Нью-Ёрк, ЗША) МСЭ падпісаў пагадненьне аб ператварэньні ва ўстанову ААН, што набыло моц 1 студзеня 1949 году. 2 кастрычніка 1947 г. ў Атлантык-Сіці(en) (штат Нью-Джэрзі, ЗША) 64 дзяржавы-ўдзельніцы, у тым ліку Беларуская ССР, ухвалілі папраўленае Міжнароднае пагадненьне аб электрасувязі, што набыло моц 1 студзеня 1949 году. Бюро стала называцца Сакратарыятам, а яго кіраўнік генэральным сакратаром, якога цяпер мела выбіраць Нарада. Артыкул 2 Пагадненьня вызначыў Жэнэву ў якасьці сядзібы Саюза. Артыкул 4 дадаў да ўстановаў Саюза: Раду (з 18 абраных Нарадай прадстаўнікоў), Частасьце-ўліковую ўправу і 3 дарадчыя камітэты (радыё, тэлефон і тэлеграф). Артыкул 10 прадугледжваў скліканьне Нарады аднойчы на 5 гадоў. Артыкул 15 дазволіў абмеркаваньне на 3 мовах (ангельскай, гішпанскай і францускай) з апорай на францускі тэкст у спрэчцы. Пастановы Нарады і службовыя паперы мелі выдавацца Сакратарыятам на 5 мовах: ангельскай, гішпанскай, кітайскай, расейскай і францускай[11]. У 1948 г. сядзібу перанесьлі ў Жэнэву. У 1949 г. ўхваляюцца першыя правілы перадачы тэлебачаньня. У 1963 г. Нарада МСЭ разьмеркавала радыёчастасьці ў космасе. У наступным пачалося разьмеркаваньне арбітальнай прасторы для спадарожнікаў. 6 лістапада 1982 г. ў Найробі (Кенія) Нарада 132 дзяржаваў-удзельніцаў МСЭ папраўкай у Пагадненьне дадала 6-й мовай абмеркаваньня і выданьня пастановаў арабскую (Арт. 16)[12]. У 1983 г. Нацыянальная акадэмія тэлевізійных мастацтваў і навук ЗША(en) (НАТМН ЗША; Нью-Ёрк) упершыню надала МСЭ Тэхналягічна-інжынэрную ўзнагароду «Эмі» за спрыяньне міжнароднаму вяшчаньню (наступныя ў 2008 і 2012 гг.).
22 сьнежня 1992 г. ў Жэнэве падпісалі новы Статут МСЭ і Пагадненьне аб МСЭ. Таксама ў 1992 г. разьмеркавалі частасьці для спадарожнікавай мабільнай тэлефаніі. У 1993 г. Нарада МСЭ разьмеркавала радыёчастасьці для сотавай сувязі 2-га пакаленьня (2G). У 1994, 1998, 2002, 2006 і 2010 гг. Нарада МСЭ ўхваліла папраўкі да Статута і Пагадненьня[16]. У 2000 г. Нарада МСЭ ўхваліла патрабаваньні да сотавай сувязі 3-га пакаленьня (3G) пад назовам Міжнародная рухомая сувязь 2000 (МРС-2000), што дазволіла забясьпечыць адзіны парадак перадачы зьвестак між сотавымі сеткамі і Сецівам. У 2012 г. Сход МСЭ па радыёсувязі зацьвердзіў патрабаваньні да сотавай сувязі 4-га пакаленьня пад назовам Перадавая міжнародная рухомая сувязь (Перадавая МРС), што дазволіла аказваць узаемадзейныя сотавыя паслугі. У 2014 годзе каштарыс МСЭ склаў 166,311 млн швайцарскіх франкаў[17] (2014; $181,701 млн[18]).