Міхайла Старыцкі | |
Михайло Старицький | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | М. Старченко |
Нарадзіўся | 14 сьнежня 1840 Клешчынцы |
Памёр | 27 красавіка 1904 (63 гады) Кіеў |
Пахаваны | |
Сужэнец | Соф’я Старыцкая[d] |
Дзеці | Марыя Старыцкая[d], Людміла Старыцкая-Чарняхоўская і Аксана Сташэнка[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург, празаік, тэатральны і культурны дзяяч |
Кірунак | рэалізм |
Жанр | песьня, раман, п’еса |
Мова | украінская мова |
Міха́йла Пятро́віч Стары́цкі (па-ўкраінску: Михайло Петрович Старицький; 14 сьнежня [ст. ст. 2 сьнежня] 1840, Клешчынцы, Расейская імпэрыя — 27 красавіка [ст. ст. 14 красавіка] 1904, Кіеў, Расейская імпэрыя) — украінскі пісьменьнік (паэт, драматург, празаік), тэатральны і культурны дзяяч.
Міхайла Пятровіч Старыцкі нарадзіўся ў вёсцы Клешчынцы Залатаноскага павету на Палтаўшчыне (цяпер у Чаркаскай вобласьці). Паходзіў са шляхецкага роду. Бацька, Пятро Іванавіч, адстаўны ротмістар, памёр, калі хлопцу было восем гадоў. У 1852 року памерла й маці Настасься Захараўна (у дзявоцтве Лысенка). Застаўшыся сіратою, Міхайла выхоўваўся ў сям’і свайго дзядзькі — Віталя Раманавіча Лысенкі, бацькі кампазытара Міколы Лысенкі.
У 1851—1856 рр. хлопец навучаўся ў Палтаўскай гімназіі, якая была на той час адною з найлепшых. У 1858 року Міхайла Старыцкі разам зь Міколам Лысенкам паступіў у Харкаўскі ўнівэрсытэт, а ў 1860-м перавёўся на фізыка-матэматычны факультэт Кіеўскага ўнівэрсытэту.
У 1861 року вярнуўся ў родную вёску, каб уступіць у валоданьне бацькоўскаю спадчынаю. У наступным року ажаніўся зь сястрою Міколы Лысенкі Соф’яю Вітальеўнаю. У 1864 року вярнуўся ў Кіеўскі ўнівэрсытэт, але ўжо на юрыдычны факультэт, які скончыў у 1865 року. З 1871 року жыў у Кіеве. Увайшоў у творчую супрацу зь Міколаю Лысенкам — яны разам арганізавалі «Таварыства ўкраінскіх сцэнічных актораў». Старыцкі запісваў народныя песьні, якія пасьля выдаваў у апрацоўцы Міколы Лысенкі, пісаў лібрэта да Лысенкавых опэраў («Гаркуша», «Чарнаморцы», «Калядная ноч», «Тарас Бульба», «Утопленая»).
Пад ціскам расейскай улады быў вымушаны ў 1878 року эміграваць. У 1880 року вярнуўся на Ўкраіну і зноў разгарнуў выдавецкую і тэатральную дзейнасьць.
У 1883 стаў кіраўніком і рэжысэрам першай аб’яднанай украінскай прафэсійнай трупы. У 1883—1884 роках выдаваў украінскі альманах «Рада» (выйшлі два выпускі). У 1885 з шэрагу прычынаў пакінуў трупу карыфэяў і заснаваў новую з маладых актораў. У 1895 року пакінуў тэатральную дзейнасьць і цалкам аддаўся літаратурнай творчасьці.
Памёр у Кіеве 27 красавіка 1904 року, пахаваны на Байкавых могілках.
![]() |
Украінскі Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы гэтага артыкула: |
Міхайла Старыцкі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў