Напад АМАПу на мытны пункт у Медніках

Напад АМАПу на мытны пункт у Медніках

Помнік сямі летувіскім пасадаўцам у Медніках, забітым 31 ліпеня 1991
Месца атакі ваколіцы Меднікаў, Летувіская ССР, СССР
Цэль атакі мытны пункт Летувіскай рэспублікі
Дата ноч з 30 на 31 ліпеня 1991
Зброя тры АК74 з глушыцелямі
Колькасьць ахвяраў 7
Колькасьць параненых 1
Падазраваныя
  • Аляксандар Рыжоў
  • Андрэй Лакціёнаў
  • Канстантын Міхайлаў
  • Чэслаў Млыньнік

Напа́д на летуві́скі мы́тны пункт ля Ме́днікаў — адна з самых вядомых атак АМАПу СССР на летувіскія памежныя пункты ў 1991 року. У выніку нападу, які адбыўся ўночы 31 ліпеня, 7 чалавек былі забітыя, адзін цяжка паранены.

11 сакавіка 1990 Вярхоўны савет Летувы абвясьціў незалежнасьць рэспублікі ад СССР. Летувіскія ўлады пачалі стварэньне Дзяржаўнае памежнае службы, якая стала сымбалем умацаваньня незалежнасьці. Мытны пункт «Меднікі» ўяўляў сабою звычайны вагончык на летувіска-беларускай граніцы побач з аднайменнай вёскай. Савецкі ўрад разглядаў пагранічныя і мытныя пасты Летувіскай ССР як незаконныя.

Нагодай для пагранічных канфліктаў стала ўвядзеньне летувіскім урадам у красавіку 1991 року жорсткіх абмежаваньняў на вываз тавараў з рэспублікі. Пасьля гэтага пачаліся напады на летувіскіх памежнікаў, асабліва ўздоўж усходняй мяжы зь Беларусяй. Ужо ў першай палове траўня было спалена некалькі летувіскіх мытных пастоў, а ўлады двух (Салечніцкага і Янаўскага) раёнаў прынялі рашэньні пра спыненьне дзейнасьці мытных службаў на сваёй тэрыторыі.

Увесну-ўлетку 1991 року адбылася сэрыя нападаў на самачынна ўсталяваныя летувіскімі ўладамі посты, у якіх бралі ўдзел воі рыскага і віленскага АМАПу з нашыўкамі «Нашы», падпарадкаванага МУС СССР[1]. Летувіскія мытнікі і паліцыянты ня мелі зброі. Каля 60 афіцэраў падвергліся нападам і былі параненыя, 23 пагранічныя пасты былі спаленыя або разбураныя.

Уночы на 31 ліпеня на мытным посьце пад Меднікамі знаходзіліся 4 мытнікі, 2 супрацоўнікі дарожнай паліцыі і 2 байцы аддзелу хуткага рэагаваньня Дэпартамэнту паліцыі Летувы «Арас»(lt)[2]. Да вагончыка пад’ехаў УАЗ, зь якога выскакнулі людзі ў камуфляжы. На іхні загад усе супрацоўнікі мытнага пункту паслухмяна леглі тварамі ў падлогу. Пасьля гэтага ўсе мытнікі былі забітыя ў патыліцу з аўтаматычнае зброі з глушыцелямі. Былі расстраляныя таксама паліцыянты, якія з вуліцы пачулі стрэлы і намагаліся зашкодзіць.

Агулам загінулі сем чалавек — тры мытнікі і па два паліцыянты з аддзелу «Арас» і дарожнай паліцыі:

  • Альгімантас Мустэйкіс (мытная служба)
  • Станіславас Арлавічус (мытная служба)
  • Рычардас Рабавічус (мытная служба, сканаў 2 жніўня ў шпіталі)
  • Альгімантас Юозакас (Арас)
  • Міндаўгас Балавакас (Арас)
  • Альгірдас Казлаўскас (дарожная паліцыя)
  • Юозас Яноніс (дарожная паліцыя)

Чацьверты мытнік, 28-гадовы Томас Шарнас, атрымаў скразное раненьне ў галаву, аднак здолеў ацалець, хоць і застаўся на ўсё жыцьцё інвалідам. Пасьля дзякуючы ягоным паказаньням летувіскае сьледзтва здолела аднавіць карціну злачынства; таксама ён апазнаў аднаго з нападнікаў, байца рыскага АМАПу Канстанціна Нікуліна.

Усе загінулыя былі пахаваныя на Антокальскіх могілках і пасьмяротна ўзнагароджаныя ордэнамі Крыжа Віціса (6 верасьня 1991) і мэдалём «13 студзеня» (9 студзеня 1992).

Сьледзтва па гэтай справе вялося 18 гадоў. Выснова пра датычнасьць да злачынства ваяроў рыскага АМАПу пры судзеяньні іхніх калегаў зь віленскага аддзелу была зробленая ня толькі на падставе паказаньняў Томаса Шарнаса, але й паводле вынікаў ператрусу на базе рыскага АМАПу, дзе быў выяўлены адзін з трох аўтаматаў калібру 5,45, зь якога былі зьдзейсьненыя стрэлы[2].

Сьледзтва высьветліла, што ў склад групы, якая зьдзейсьніла расстрэл, уваходзілі:

  • Аляксандар Рыжоў
  • Андрэй Лакціёнаў
  • Канстантын Нікулін (пазьней зьмяніў прозьвішча на Міхайлаў)
  • Чэслаў Млыньнік

У 2004 року Нікулін быў асуджаны ў Латвіі на 2,5 году ўмоўна за ўдзел у студзеньскіх падзеях 1991 року. Пасьля таго, як летувіскія ўлады выдалі ордэр на ягоны арышт, 28 лістапада 2007 ён быў затрыманы латвійскай паліцыяй[3]. Падчас сьледзтва знаходзіўся ў Лукіскай турме.

11 траўня 2011 року Канстанцін Нікулін (Міхайлаў) быў прыгавораны ў Летуве да пажыцьцёвага зьняволеньня[4]. Сам Нікулін сябе вінаватым не прызнаў і выказаў меркаваньне, што злачынства ўчыніла невядомая групоўка вайскоўцаў, якая ў гэты час знаходзілася на базе віленскага АМАПу[5].

Астатнія абвінавачаныя ў гэтым злачынстве, у тым ліку колішні кіраўнік рыскага АМАПу Чэслаў Млыньнік, пакуль знаходзяцца на волі, бо Расея не выдае іх Летуве ды нават не дае дазволу на іх допыт. У 2010 року Аляксандар Рыжоў быў асуджаны ў Расеі за арганізацыю злачыннай групоўкі да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]