«Ноч до́ўгіх нажо́ў» ( Nacht der langen Messer ), апэрацыя «Калібры», «путч Рэма» (па-нямецку: Röhm-Putsch) — умоўная назва чыстак, зладжаных у нацысцкай Нямеччыне з 30 чэрвеня да 2 ліпеня 1934 р. Асноўная частка забітых належала да SA (па-нямецку: Sturmabteilung), парамілітарнай арганізацыі НСДАП.
Гітлер бачыў у незалежнасьці арганізацыі і схільнасьці яе сябраў да вулічнага гвалту пагрозу асабістай уладзе. Ён таксама прагнуў супакоіць камандаваньне Райхсвэру, якое пабойвалася амбіцыяў кіраўніка SA Эрнста Рэма падпарадкаваць і паглынуць Райхсвэр у ягоную арганізацыю. Таксама Гітлер скарыстаўся чысткамі, каб пазбавіцца праціўнікаў свайго рэжыму, асабліва прыхільнікаў віцэ-канцлера Франца фон Папэна, і паквітацца са старымі ворагамі.
За час правядзеньня апэрацыі было забіта 85 чалавек, аднак выніковая колькасьць загінулых можа сягаць соцень[1][2], болей за тысячу былі арыштаваныя[1]. Большасьць забойстваў зьдзейсьнілі СС (па-нямецку: Schutzstaffel) і гестапа (па-нямецку: Geheime Staatspolizei). Чыстка ўзмацніла і кансалідавала падтрымку Гітлера ў Райхсвэры. Яна таксама забясьпечыла юрыдычныя ўмовы для нацысцкага рэжыму, паколькі суды, у жаданьні дагадзіць і паказаць сваю ляяльнасьць да рэжыму, скасавалі перашкоды пазасудоваму перасьледу.
Пад час плянаваньня апэрацыя мела назву «Калібры» (па-нямецку: Kolibri), як і кодавае слова, якое мела стаць сыгналам пачатку дзеяньняў карных атрадаў[3]. Гэтая назва была абраная выпадкова. Назва «ноч доўгіх нажоў» існавала ў нямецкай мове задоўга да апэрацыі, так называлі акты помсты. У Нямеччыне дагэтуль карыстаюцца назваю «Путч Рэма» (ням. Röhm-Putsch), якою скарыстаўся нацысцкі рэжым дзеля апраўданьня неабходнасьці забойстваў з мэтаю нібыта супрацьстаяньня путчу. Каб падкрэсьліць хібнасьць гэтае аргумэнтацыі, путч называюць «так званым»[4].