Нёман Горадня

Нёман Горадня
Поўная назва Футбольны клюб «Нёман Горадня»
Заснаваны 1964
Горад Горадня, Беларусь
Стадыён ЦСК «Нёман»
Умяшчальнасьць: 8479[1]
Старшыня Іван Варсовіч[2]
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Найвышэйшая ліга
 · 2023 2 месца
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Афіцыйны сайт

«Нёман» — беларускі футбольны клюб з гораду Горадні, заснаваны ў 1964 годзе. З 1992 году ўдзельнічае ў Найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Двухразовы ўладальнік Кубка Беларусі (1993, 2024). Колеры клюбу: жоўты і зялёны.

Клюб быў заснаваны ў 1964 годзе, калі «Нёман» быў заяўлены ў чэмпіянат СССР клясы «Б», якая на той час была трэцім дывізіёнам у сыстэме футбольных ліг СССР. Ужо ў 1967 годзе каманда, ачоленая трэнэрам Вадзімам Радзішэўскім, паднялася ў дывізіён вышэй, дзе затрымалася на два гады. Пасьля рэфармаваньня сыстэмы ліг у СССР «Нёман» быў вымушаны павярнуцца ў трэці дывізіён, дзе хутка зьмяніў назву на «Хімік». Наступныя сэзоны гарадзенцы працягвалі гуляць у трэцім дывізіёне. У канцы 1980-х здарыўся прарыў у розыгрышу Кубка СССР. Пад кіраўніцтвам трэнэра Вячаслава Сівакова «Хімік» прарваўся да 1/8 фіналу, дзе ў гасьцёх у сімфэропальскай «Таўрыі» саступіў зь лікам 4:3.

Пасьля здабыцьця незалежнасьці ў Беларусі пачалі ладзіць уласны чэмпіянат. Улічваючы, што да гэтага «Хімік» гуляў на саюзным узроўні, гарадзенцы былі запрошаныя ў першую лігу, якая на той момант была наймацнейшым дывізіёнам у краіне. У дэбютным сэзоне айчыннага першынства каманда скончыла чэмпіянат на 5 месцы не зважаючы на вялікую колькасьць паразаў. Добры сэзон, але ўжо не дэбютны, правёў малады абаронца Сяргей Гурэнка, які пазьней будзе прыцягвацца да матчаў зборнай Беларусі і пяройдзе ў расейскі «Лякаматыў» у 1995 годзе. На наступны сэзон у каманды пасьля двух гадоў адсутнасьці з польскай «Ягелёніі» вярнуўся бамбардзір Сяргей Саладоўнікаў, які быў абраны капітанам каманды. У тым ліку дзякуючы і яны «Нёман», які зьмяніў назва на арыгінальную, здабыў першы трафэй у сваёй гісторыі — Кубак Беларусі. Яшчэ ў чвэрцьфінале гарадзенцы адолілі моцны магілёўскі «Дняпро», а ў паўфінале толькі дзякуючы правілу выязнога голу было скаранае менскае «Дынама». У фінале, які ладзіўся ў Менску, зь лікам 2:1 быў пераможаны рэчацкі «Ведрыч». Галы на свой рахунак запісалі Алег Сысоеў і Юры Мазурчык. Трэнэрам на той час быў Станіслаў Уласевіч. У розыгрышы чэмпіянату, які на пэўны час перайшоў на сыстэму восень-вясна, «Нёман» падвысіў сваю пазыцыю да 4 месца. У наступныя гады гарадзенцы фінішавалі ў сярэдзіне табліцы ці крыху ніжэй за яе. У 1999 годзе «Нёман» аб’яднаўся зь іншым гарадзенскім футбольным клюбам «Белкард», дадаўшы ягонае імя да свайго. З новай назвай «Нёман-Белкард», каманда праіснавала некалькі гадоў, а потым зноўку вярнулася да свайго звыклага назова — «Нёман». Шыкоўным стаў сэзон 2002 году, калі нёманцы ўвесь чэмпіянат месьціліся ў групе лідэраў і скончылі сэзон на першым радку з аднолькавай колькасьцю пунктаў разам з БАТЭ. «Залаты» матч, які мусіў выявіць чэмпіёна, ладзіўся ў лістападаўскі дзень і скончыўся ў дадатковы час, а «залаты» гол забіў абаронца барысаўчан Валеры Тарасенка[3]. У тым сэзоне зьзялі зоркі такіх футбалістаў «Нёмна» як то, Аляксандра Сулімы, Дзьмітра Раўнейка, Віталя Надзіеўскага, Аляксея Сучкова і Дзьмітра Кавалёнка, апошні зь якіх стаў найлепшым бамбардзірам дружыны. У тым жа сэзоне гарадзенскі клюб меў найвышэйшую наведвальнасьць сярод усіх клюбаў, то бок ягоныя матчы глядзелі на трыбунах стадыёну ў сярэднім блізу 6,4 тысячаў заўзятараў. Нажаль, па сканчэньні сэзону шмат лідэраў атрымалі прапановы ад іншых клюбаў і сышлі. Суліма зьехаў у тальяцінскую «Ладу», Раўнейка далучыўся да маскавіцкага «Тарпэда», а Сучкоў стаў футбалістам львоўскіх «Карпатаў».

У наступныя гады клюб ня меў добрых вынікаў, але і здолеў захоўваць месца ў Найвышэйшай лізе. У 2011 і 2014 гадах «Нёман» дасягаў фіналаў Кубка Беларусі, але спачатку прагуляў «Гомлю» зь лікам 0:2 на сталічным стадыёне Трактар, а потым у 2014 годзе на новапабудуванай Барысаў-Арэне саступіў салігорскаму «Шахцёру». У тым 2014 годзе галоўным трэнэрам клюбу быў некалі выдатны гарадзенскі футбаліст і капітан клюбу Сяргей Саладоўнікаў. На полі тады вылучаўся малады гулец Павал Савіцкі, які ў тым жа годзе быў аддадзены ў арэнду польскай «Ягелёніі». За год да таго ў сэзоне 2013 году «Нёман» фінішаваў на чацьвертым месцы ў чэмпіянаце. Акрамя Савіцкага добра гулялі брамнік Сяргей Чэрнік, абаронцы Павал Рыбак і Максім Вітус, а таксама паўабаронца Яўген Савасьцьянаў. У 2016 годзе галоўным трэнэрам на доўгія гады стаў Ігар Кавалевіч. «Нёман» пачаў выступаць больш стабільна, але ў сэзонах 2021 і 2022 гадоў вынікі пагоршыліся. Цікава, што ў 2022 годзе каманда, якая гуляла ў добры футбол, але ёй стала няшчасьціла, скончыла розыгрыш на 9 месцы, маючы на сваім рахунку ажно 13 нічыйных вынікаў.

Яшчэ да пачатку сэзону каманда правяла неблагую падрыхтоўку да першынства, амаль ня страціўшы галоўных футбалістаў[4]. У выніку «Нёман» пачаў разглядацца як адзін з прэтэндэнтаў на мэдалі. Акрамя таго, адбылося узмацненьне дружыны, як то паўабаронцамі Юрыем Панцям і Міхаілам Казловым. Клюб, аднак адразу вылецеў з розыгрышу кубка краіны. Пагатоў, выявілася праблема з выступамі Яўгена Ляшко, Рамана Пасевіча, Валера Жукоўскага і Сяргея Курганскага[5], якім забаранілі гуляць, як мяркуецца, праз палітычныя чыньнікі. Тым ня менш, «Нёман» хутка ўладкаваўся ў верхняй частцы табліцы. Напрыканцы красавіка Кавалевіч правёў 200-ы матч на чале каманды ў Найвышэйшай лізе[6]. Улетку выявілася, што «Нёман» мусіць прадстаўляць Беларусь у розыгрышы Лігі канфэрэнцыяў 2023—2024 гадоў. Гэта сталася магчымым, бо «Шахцёр» і «Энэргетык-БДУ» былі пазбаўленыя сваіх мэдалёў папярэдняга розыгрышу, «Іслач» была адхіленая ЎЭФА праз колішнюю дыскваліфікацыю за дамоўныя матчы, а «Менск» і «Гомель» ня здолелі атрымаць ліцэнзію ЎЭФА. Дружына аўтобусам выправілася ў Эўропу і некалькі тыдняў праводзілся матчы ў эўракубку, выбіўшы з розыгрышу ліхтэнштайнскі «Вадуц» і мальтыйскі «Бальцан». Толькі славеніскі «Цэле» здолеў спыніць гарадзенцаў у далейшым прасоўваньні. У айчыннай лізе «Нёман» здолеў адарвацца ад «Тарпэда-БелАЗ», які страціў шмат пунктаў, усьцяж гуляючы ўнічыю, але ўсё яшчэ працягваў пагоню за сталічным «Дынама». У 19-м туры «нёманцы» здолелі дагнаць «дынамаўцаў», але ў матчы з сваім галоўным супернікам праз тур зьведалі ў Менску паразу зь лікам 2:1. Пасьля гэтага дружына дакрочыла да срэбных мэдалёў айчыннага першынства.

  • «Нёман» (1964—1971)
  • «Хімік» (1972—1992)
  • «Нёман» (1993—1998)
  • «Нёман-Белкард» (1999—2001)
  • «Нёман» (з 2002 году)
Актуальны на 13 верасьня 2024 году
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
1 Нацыянальны сьцяг Беларусі Бр Артур Маліеўскі 2001
4 Сьцяг Расеі Аб Андрэй Васільеў 1992
5 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Ягор Пархоменка 2003
7 Сьцяг Камэруну Нап Леанар Гвэт 2002
8 Сьцяг Украіны Аб Юры Панця 1990
9 Сьцяг Малдовы ПА Ігар Кастроў 1987
10 Сьцяг Кыргыстану Нап Гулжыгіт Алыкулаў 2000
11 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Ільля Кухарчык 1997
12 Нацыянальны сьцяг Беларусі Бр Максім Бялоў 1999
13 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Аляксей Дайнека 2006
14 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Аляксандар Анюкевіч 1992
15 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Алег Еўдакімаў 1994
17 Нацыянальны сьцяг Беларусі Нап Ягор Зубовіч 1989
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
18 Нацыянальны сьцяг Беларусі Нап Максім Краўцоў 2002
20 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Іван Садоўнічы (капітан) 1987
24 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Андрэй Якімаў 1989
32 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Юры Паўлюкавец 1994
33 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Сяргей Карповіч 1994
35 Нацыянальны сьцяг Беларусі Бр Кірыл Вейдыгер 2002
46 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Аляксей Лягчылін 1992
47 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Міхаіл Казлоў 1990
55 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Аляксей Лаўрык 2000
78 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Максім Яблонскі 1996
87 Сьцяг Ірану ПА Мэгдзі Агмадзі 2002
88 Нацыянальны сьцяг Беларусі Нап Павал Савіцкі 1994
90 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Уладзіслаў Касмынін 1990

Чэмпіянат і Кубак Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сэзон Ліга Месца Г В Н П РМ Пкт Кубак
2012 Найвышэйшая 5 30 10 11 9 43–36 41 1/8
2013 Найвышэйшая 4 32 13 8 11 34–30 47 Ф 2Фіналіст
2014 Найвышэйшая 8 32 11 9 12 41–36 42 1/4
2015 Найвышэйшая 8 26 8 8 10 21–32 32 1/8
2016 Найвышэйшая 14 30 7 8 15 21–36 29 1/8
2017 Найвышэйшая 6 30 14 7 9 42–32 49 1/2
2018 Найвышэйшая 7 30 12 7 11 31–32 43 1/16
2019 Найвышэйшая 10 30 10 6 14 28–37 36 1/16
2020 Найвышэйшая 5 30 16 5 9 41–29 53 1/4
2021 Найвышэйшая 11 30 9 7 14 36–36 34 1/2
2022 Найвышэйшая 9 30 9 13 8 39–36 40 1/2
2023 Найвышэйшая 2 28 19 5 4 60–22 62 Ул 1Уладальнік

Удзел у эўракубках

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кубак Г В Н П М
Кубак УЭФА/Ліга Эўропы 4 0 3 1 2—4
Ліга канфэрэнцыяў 8 2 3 3 6—12
Кубак уладальнікаў кубкаў 2 1 0 1 2—6
Кубак Інтэртота 2 0 1 1 0—1
Усяго 16 3 7 6 10—23
Сэзон Кубак Раўнд Клюб Дома У гасьцях
1993—1994 Кубак кубкаў к/р Сьцяг Швайцарыі Люгана 2:1 0:5
2004—2004 Кубак УЭФА к/р Сьцяг Румыніі Сьцяўа 1:1 0:0
2005 Кубак Інтэртота к/р Сьцяг Чэхіі Тэскама 0:1 0:0
2014—2015 Ліга Эўропы 2 к/р Сьцяг Ісьляндыі Габнарф’ёрдур 1:1 0:2
2023—2024 Ліга канфэрэнцыяў 1 к/р Сьцяг Ліхтэнштайну Вадуц 1:1 2:1
2 к/р Сьцяг Мальты Бальцан 2:0 0:0
3 к/р Сьцяг Славеніі Цэле 1:4 0:1
2024—2025 Ліга канфэрэнцыяў 2 к/р Сьцяг Румыніі ЧФР Клуж 0:5 0:0

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]