Нізіна — у фізычнай геаграфіі, шырокая прастора паверхні зь нізкім агульным узроўнем (не вышэй за 200 мэтраў па-над узроўнем мора).
Гэтае паняцьце ўжываецца датычна ўзбярэжных дзялянак схілаў, якія падвышаюцца ад акіянскіх глыбіняў да кантынэнтальных узвышшаў, да нізінаў у атачэньні горных абласьцей, да пляскатасьцяў дэнудацыі (эрозіі), або любой іншай мясцовасьці ў супрацьпастаўленьне ўзвышшу.
Самая вялікая нізіна на Зямлі — Амазонская нізіна (Амазонія)плошчай звыш 5 млн км². Разьмешчаная ў Паўднёвай Амэрыцы.
Па далінах буйнейшых рэчак на тэрыторыі Беларусі сфармаваліся нізіны. Яны займаюць самы нізкі ярус рэльефу і найбольш шырока прадстаўленыя на поўдні Беларусі, дзе разьмешчаныя Палеская і Прыдняпроўская нізіны. У паўночных і цэнтральных раёнах краіны нізіны сустракаюцца радзей. Тут яны чаргуюцца з раўнінамі і ўзвышшамі. Буйнейшымі зьяўляюцца Полацкая, Нёманская і Нарачанска-Вялейская нізіны.