Павал Орсаг Гвездаслаў | |
Pavol Országh Hviezdoslav | |
славацкі пісьменьнік, паэт, драматург, перакладнік, юрыст | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Павал Орсаг |
Нарадзіўся | 2 лютага 1849 Вышні Кубін (цяпер Долны Кубін) |
Памёр | 8 лістапада 1921 (72 гады) Долны Кубін |
Пахаваны | |
Бацькі | Мікулаш Орсаг (1816—1888) Тэрэзія Мэдзыградзкая (1819—1887) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | мовазнавец, паэт, пісьменьнік, перакладнік, драматург, адвакат, палітык, юрыст |
Мова | славацкая[1] |
Павал Орсаг Гвездаслаў (па-славацку: Pavol Országh Hviezdoslav), сапраўднае імя Павал Орсаг (псэўданімы: Hviezdoslav, Jozef Zbranský, Syn ľudu[2][3]; 2 лютага 1849, Вышні Кубін — 8 лістапада 1921, Долны Кубін) — славацкі паэт, драматург, пісьменьнік, перакладнік, юрыст, сябра Рэвалюцыйнага народнага сходу ЧСР (1918) і ганаровы старшыня Маціцы славацкай (1919)[4].
Гвездаслаў — адна з найвыбітнейшых зьяваў у культуры канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя і славацкай літаратуры ў цэлым[5]
Быў трэцім дзіцём у зьбяднелай сялянскай сям’і, меў брата і сястру. Першапачатковую адукацыю атрымаў у роднай Ораве (1854—1859) і ў суседніх вёсках Ясэнава і Лэшціны (1860). Вялікі ўплыў на ягоны сьветапогляд аказаў у гэты час лэшцінскі настаўнік Адольф Мэдзіградзкі, які вучыў іх славацкай мове. Ён жа пераканаў бацькоў накіраваць сына ў вугорскую гімназію ў Мішкальцы, зважаючы на яркі талент хлапца. Адзін рок Павал дапамагаў на фэрме свайму стрыю Яну[6], аднак урэшце сям’я вырашыла адаслаць яго ў Мішкальц да іншага стрыя, адносна заможнага і бязьдзетнага краўца Паўла[3]. Так у 1862 року Павал Орсаг пачаў навучаньне ў тамтэйшай гімназіі, дзе займеў веды вугорскай мовы, а ў дзядзькі прачытаў усю бібліятэку, захапіўшыся паэзіяй і творамі вугорскіх паэтаў. Па сьмерці стрыя ў 1865 року вярнуўся дадому ў Славаччыну і паступіў у эвангельскі ліцэй у Кежмарку, які скончыў у 1870. Пасьля пераехаў у Прэшаў, дзе навучаўся ў Юрыдычнай акадэміі (1870—1872).
Адвакацкую практыку праходзіў у Долным Кубіне, Марціне, Сэніцы. Іспыты на адваката здаў у 1875 року ў Будапэшце[2], адкрыў у Намэставе ўласную адвакацкую кантору. Усё сваё творчае жыцьцё правёў на Ораве, дзе быў таксама чальцом суду і загадчыкам філіі «Татрабанку».
У 1876 року пераехаў у Долны Кубін, дзе стаў судзьдзём, у траўні ажаніўся зь Ілонаю Новакаваю, дачкою мясцовага эвангельскага сэньёра(sk). Іхні шлюб быў бязьдзетны, аднак па сьмерці ягонай маці ў 1887, бацькі ў 1888, а праз год і брата Мікулаша яны з жонкай вырашылі ўсынавіць Мікулашавых дзяцей Яраслава і Сідоню.
У траўні 1918 ўзначальваў славацкую дэлегацыю на сьвяткаваньні 50-рочча заснаваньня Нацыянальнага тэатру ў Празе. У сваім выступе выказаўся за магчымасьць славацкага-чэскага адзінства. І ўжо напрыканцы таго ж году з энтузіязмам вітаў стварэньне Чэхаславаччыны, і зь ім і зьяўленьне рэальных пэрспэктываў для свабоднага разьвіцьця славацкай нацыі.
У 1919 атрымаў званьне ганаровага доктара філязофіі Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе[7].
У 1921 стан здароўя рэзка згоршыўся, прайшоў курс лячэньня ў Празе і Лугачавіцах, сканаў у Долным Кубіне, дзе й пахаваны.
Пісаць вершы пачаў падчас навучаньня па-вугорску і нямецку. Публікавацца пачаз у 60-х роках XIX стагодзьдзя пад псэўданімам Jozef Zbranský. У 1871 разам з Коламанам Баншэлам рэдагаваў альманах «Napred», але гэты зборнік выклікаў у старэйшага пакаленьня (Ёзэф Міласлаў Гурбан, Андрэй Сытнянскі і інш.) такі моцны адпор, што малады паэта ня меў магчымасьці друкавацца ў адзіным славацкім літаратурным месячніку «Orol». Сытуацыя зьмянілася толькі пасьля сыходу Сытнянскага з рэдакцыі «Арла». Публікаваўся, акрамя гэтага, і ў часопісе «Slovenské pohľady».
Псэўданімам Hviezdoslav упершыню скарыстаўся ў 1877 у вершаваным нэкралёгу па Вільяме Паўліні-Тоце, пасьля чаго выкарыстаў яго да канца жыцьця.
Перакладаў творы расейскіх (Аляксандар Пушкін — «Цыганы», «Барыс Гадуноў», «Каўкаскі палонны» і іншыя, Міхаіл Лермантаў — «Дэман»), нямецкіх паэтаў (Ёган Вольфганг Гётэ — «Фаўст», Фрыдрых Шылер — «Песьня пра звон»), польскія творы (Адам Міцкевіч, Юльюш Славацкі). Перакладаў і п’есы з ангельскай (Ўільям Шэксьпір — «Гамлет», «Макбэт», «Сон у летнюю ноч»), з вугорскай пераклаў вершы Шандара Пэтэфі і п’есу Імрэ Мадач «Трагедыя чалавека».
Імем Паўла Орсага названая вёска Гвездаславаў, некалькі плошчаў і вуліцаў, а таксама вадаспад і малая плянэта.