Павет

Павет — традыцыйная беларуская назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі другога ўзроўню ад часоў Вялікага Княства Літоўскага[1][2], якая адпавядае ўведзенаму за савецкім часам раёну. Кіраўнік — гродавы староста, рэпрэзэнтацыйны орган улады — павятовы соймік. На першым узроўні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу павет традыцыйна ўлучаецца ў склад ваяводзтва, на трэцім узроўні — улучае староствы.

Апроч Вялікага Княства Літоўскага, паветы гістарычна існавалі ў Каралеўстве Польскім і Расейскай імпэрыі. Адна з сучасных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Польшчы.

Паходжаньне старабеларускага слова павет (ужывалася яшчэ ў 1383 годзе), паводле выдадзенай за савецкім часам працы Аляксандра Булыкі, выводзяць з польск. powiat, якое зьвязваюць з словам вітаць[3] (такое ж тлумачэньне — з польскай, але праз украінскае повіт падае для адпаведнага расейскага слова нямецкі лінгвіст Макс Фасмэр[4]). Паводле іншай вэрсіі, слова павет утварылася ад таго ж кораню, што і веча[5].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пячаць Ашмянскага павету з Пагоняй, 1783 г.

Назва «павет» пачала ўжывацца ў старабеларускай мове з другой паловы XIV ст.[a], сьпярша як сынонім рускага тэрміну воласьці. У першай палове XVI ст. пад паветам звычайна разумелі буйную воласьць, цэнтрам якой быў горад (замак), які належаў дзяржаве, у тым ліку скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад паветам разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесьніку, у гэтым сэнсе павет быў сынонімам намесьніцтва[7].

Упершыню статус павета ў Вялікім Княстве Літоўскім афіцыйна акрэсьліўся ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў. Паветы ўваходзілі ў склад ваяводзтваў. Усе намесьніцтвы і воласьці, якія не атрымалі статусу павету, увайшлі ў іх склад у якасьці звычайных маёнткаў. 3 гэтага часу ўсе зямяне на тэрыторыі павету падлягалі юрысдыкцыі павятовых органаў улады: грамадянзкія справы разглядаў земскі суд, крымінальныя — гродзкі (замкавы) суд, справы аб межах маёнткаў — падкаморы, ваенна-мабілізацыйнымі справамі ведаў харунжы. У час вайны шляхецкае рушаньне (харугва) знаходзілася пад камандаю маршалка, а калі цэнтар павета адначасна быў цэнтрам ваяводзтва — пад камандаю кашталяна. Павятовая шляхта зьбіралася на соймікі, дзе абірала дэлегатаў на агульнадзяржаўны Вальны сойм і ў Галоўны літоўскі трыбунал. Структуру павятовага кіраваньня замацавалі Статутамі Вялікага Княства Літоўскага 1566 і 1588 гадоў. Аднак тэрмін «павет» зрэдку ўжываўся ў пачатковым сэнсе, як вызначэньне гістарычнай воласьці з цэнтрам у месьце, якое неабавязкова мела павятовыя ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» ды іншыя)[8].

У розны час у Вялікім Княстве Літоўскім існавалі паветы: Аршанскі, Ашмянскі, Бельскі, Берасьцейскі, Браслаўскі, Брацлаўскі, Ваўкавыскі, Віленскі, Вількамірскі, Віньніцкі, Віцебскі, Гарадзенскі, Дарагічынскі, Жытомірскі, Кіеўскі, Ковенскі, Крэменецкі, Лідзкі, Луцкі, Мазырскі, Мельніцкі, Менскі, Наваградзкі, Оўруцкі, Пінскі, Рэчыцкі, Слонімскі, Смаленскі, Старадубскі, Троцкі, Чаркаскі, Чарнобыльскі, Уладзімераўскі, Упіцкі.

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Расейская імпэрыі паветы ўтварыліся ва Ўкраіне паводле судовай рэформы 1763 году. На паветы падзяляліся казацкія палкі, агулам налічвалася 20 паветаў, якія складаліся з сотняў. У кожным павеце існаваў земскі (павятовы) суд.

Па падзелах Рэчы Паспалітай паветы (рас. уезд, да 1831 году — рас. повет[9]) на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага ўвайшлі ў склад намесьніцтваў, пазьней губэрняў. На падставе «Палажэньня аб установах для кіраваньня губэрняй» 1775 году замест гродзкіх, земскіх і падкаморскіх судоў уводзіліся агульныя павятовыя суды, маршалкі замяняліся «прадвадзіцелямі дваранства». У 1797 годзе аднавіліся земскія і падкаморскія суды, аднак у 1831 годзе іх зноў замянілі павятовымі. Па рэформе 1861 году паветы падзяляліся на воласьці, уводзіліся новыя дзяржаўныя ўстановы: павятовыя паліцыйныя ўправы, вайсковыя начальнікі, зьезды міравых пасярэднікаў ды іншыя. Падзел на паветы ў Беларускай ССР скасавалі 20 чэрвеня 1924 году[10].

Упершыню паветы ў Польшчы зьявіліся ў другой палове XIV ст. Як і ў Вялікім Княстве Літоўскім, яны ўваходзілі ў склад ваяводзтваў. Па падзелах Рэчы Паспалітай улады Расейскай імпэрыі захавалі падзел Царства Польскага на паветы (з 1837 году замест ваяводзтваў уваходзілі ў склад губэрняў).

Улады міжваеннай Польскай Рэспублікі захавалі падзел на паветы, якія падзяляліся на гміны. Паветы на беларускіх землях у 1919 годзе сьпярша ўлучылі ў склад акруг, у 1919—1920 гадох утварыліся новыя паветы, а 4 лютага 1921 году яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Наваградзкага і Палескага ваяводзтваў. Пазьней межы і колькасьць паветаў у Польшчы зьмяняліся. Падзел на паветы ў Заходняй Беларусі скасавалі 15 студзеня 1940 году, па ўлучэньні ў Беларускую ССР[10].

У сучаснай Польшчы кіраўніцтва паветаў займаецца ўсімі лякальнымі пытаньнямі, якія выходзяць за межы гміны, у тым ліку, аховай грамадзкага парадку і агульнай бясьпекай, супрацьпажарнай бясьпекай і аховай ад навадненьняў, прадухіленьнем стыхійных бедзтваў і ліквідацыяй іх наступстваў, утрыманьнем агульных лякарняў, змаганьнем зь беспрацоўем, будаваньнем і ўтрыманьне міжгмінных дарог. Паветам могуць перадавацца правы ваяводзтваў у тых пытаньнях, якія можна разьвязаць на месцы. Гміна і павет разьвязваюць усе адміністрацыйныя пытаньні іх жыхароў. Такім чынам, грамадзянам ня трэба ехаць у ваяводзкі цэнтар дзеля разьвязаньня адміністрацыйных праблемаў. Павет мае асобны бюджэт, а яго даходы не залежаць ад даходаў гмінаў. Павет не ажыцьцяўляе нагляд за дзейнасьцю гмінаў, ня мае права адабраць іх правы і ўмешвацца ў іх фінансавае кіраваньне. Фінансава аўтаномны павет можа праводзіць уласную бюджэтную палітыку. Памер павету выбіраецца з улікам таго, каб уся дзейнасьць яго адміністрацыі магла знаходзіцца пад беспасярэднім кантролем выбарнікаў. Рада павету абіраецца на выбарах самакіраваньня. Начальнік рады кіраваньня — стараста.

  1. ^ Напрыклад, паводле дакумэнту 1383 году: «есма дапусьцілі садзіці сяло Княжую Луку, на сыром корані, у Падольскай зямлі, у Камянецкім павеце, межы рэкамі Марашкамі»[6]
  1. ^ Чайчыц А. Карыснае практыкаваньне ад Зянона Пазьняка, Радыё Свабода, 24 красавіка 2017 г.
  2. ^ Народная Праграма Вольная Беларусь — гэта праект новай Беларусі. — Варшава — Нью-Ёрк — Менск: «Беларускія Ведамасьці», 2017. С. 17.
  3. ^ ЭСБМ. Т. 8. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. С. 89.
  4. ^ Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. Т. III. — М., 1987. С. 293.
  5. ^ Буслаев Ф. О преподавании отечественного языка. — М., 1867. С. 315.
  6. ^ ГСБМ. Вып. 25. — Мн.: Беларуская навука, 2005. С. 41.
  7. ^ Насевіч В. Павет // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 466.
  8. ^ Насевіч В. Павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 381.
  9. ^ Повет // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб.: 1898 Т. XXIV. — С. 18.
  10. ^ а б Насевіч В. Павет // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 364.