Пагадненьне аб радыёэлектроннай выведцы | |
Дзяржавы-ўдзельніцы | |
Тып дамовы | міжведамасная |
---|---|
Падпісаная | 5 сакавіка 1946 (78 гадоў таму) |
Набыла моц | 27 сакавіка 1946 (78 гадоў таму)[1] |
· умовы | абмен перахопамі замежнай сувязі, іх расшыфроўкамі і перакладамі, узаеміны зь іншымі выведкамі па ўзгадненьні, адзіныя правілы распаўсюду таямніцаў |
Тэрмін дзеяньня | бестэрміновы |
Падпісанты | Патрык Мар-Джонсан, Хойт Вандэрбэрг |
Бакі | Вялікабрытанія, ЗША; з 1948 году + Канада, Аўстралія і Новая Зэляндыя |
Статус | дзейны |
Мова | ангельская |
nsa.gov (pdf) |
Пагадненьне аб радыёэлектроннай выведцы (анг. Communication intelligence agreement) — міжведамаснае пагадненьне, заключанае ў сакавіку 1946 году між выведкамі Вялікабрытаніі і ЗША датычна абмену перахопамі замежнай сувязі.
Налічвае 12 артыкулаў. У ліпені 1948 году зацьвердзілі 14 тэхнічных Дадаткаў для выкананьня Пагадненьня. Паводле аднаго з Дадаткаў, да Пагадненьня далучыліся 3 брытанскія дамініёны: Канада, Аўстралія і Новая Зэляндыя. У 1951 і 1956 гадах Дадаткі да Пагадненьня дапоўнілі. У тым ліку ў чэрвені 1951 году акрэсьлілі супрацу з хаўрусьнікамі па Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (Брусэль, Бэльгія). 25 чэрвеня 2010 году Штаб урадавай сувязі Вялікабрытаніі і Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША абнародавалі тэкст Пагадненьня[2].
На 2019 год 5 ведамствамі-ўдзельнікамі Пагадненьня былі: Штаб урадавай сувязі Вялікабрытаніі (Чэлтэнэм, графства Глостэршыр, Ангельшчына), Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША (форт Мід, штат Мэрылэнд), Установа бясьпекі сувязі Канады (Атава, правінцыя Антарыё), Аўстралійскае радыётэхнічнае кіраўніцтва (Канбэра) і Бюро бясьпекі ўрадавай сувязі Новай Зэляндыі (Вэлінгтан).
5 сакавіка 1946 году палкоўнік Галоўнага штаба Брытанскага войска Патрык Мар-Джонсан і генэрал-лейтэнант Галоўнага штаба ЗША Хойт Вандэрбэрг падпісалі брытанска-амэрыканскае Пагадненьне «Аб радыёэлектроннай выведцы». Пагадненьне заключылі між Лёнданскай управай радыёэлектроннай выведкі і Дзяржаўна-армейска-флёцкай управай радыёэлектроннай выведкі (ДАФУРЭВ). Паводле 3-га артыкула Пагадненьня, «бакі пагаджаюцца на абмен вынікамі наступных дзеяньняў датычна замежнай сувязі: 1) збор перадачы, 2) набыцьцё запісаў і сродкаў сувязі, 3) агляд перадачы, 4) крыптааналіз, 5) расшыфроўка і пераклад, 6) набыцьцё зьвестак датычна ўстановаў, спосабаў, парадкаў і сродкаў сувязі». Згодна з 4-м артыкулам «бакі пагаджаюцца на абмен зьвесткамі датычна спосабаў і прыладаў, зьвязаных зь дзеяньнямі» бакоў. У 5-м артыкуле згадвалася, што «гэтаму Пагадненьню будзе супярэчыць раскрыцьцё яго існаваньня ўсялякаму трэцяму боку». Прадугледжвалася, што «кожны бок будзе шукаць згоды другога бока на ўсялякае ўзаемадзеяньне з трэцім бокам і не прадпрыме такога дзеяньня, пакуль яго пажаданасьць ня будзе ўзгодненая». Паводле 6-га артыкула, «хоць (брытанскія) дамініёны ня ёсьць бакамі гэтага Пагадненьня, іх ня будуць разглядаць у якасьці трэціх бакоў». Прадугледжвалася, што амэрыканская «ДАФУРЭВ не прадпрымацьме ніякіх захадаў са службай ніякага дамініёну, акрамя Канадзкага, толькі як празь Лёнданскую ўправу РЭВ або зь яе папярэдняй ухвалы». Згадвалася, што «ўмовай супрацы са службамі ўсялякага дамініёну будзе іх прытрымліваньне ўмоваў ... гэтага Пагадненьня»[3].
У 7-м артыкуле Пагадненьня бакі дамовіліся прадпрымаць захады са службамі дзяржаваў адзін аднаго ў радыёэлектроннай выведцы толькі праз адно аднаго або з папярэдняй ухвалы адно аднаго. Паводле 8-га артыкула, «радыёэлектронная выведка і таямніца або зьвязаныя з гэтым вышэйзгаданыя тэхнічныя матэрыялы будуць распаўсюджвацца ў адпаведнасьці з аднолькавымі правіламі бясьпекі, якія будуць акрэсьлівацца і пераглядацца ў супрацы ДАФУРЭВ і Лёнданскай управай РЭВ. Паводле ўмоваў гэтых правілаў кожным бокам будзе ажыцьцяўляцца распаўсюд да атрымальнікаў ЗША толькі пры ўхвале ДАФУРЭВ; да атрымальнікаў Брытанскай імпэрыі і дамініёнаў, акрамя Канадзкага, толькі пры ўхвале Лёнданскай управай РЭВ; да Канадзкіх атрымальнікаў толькі пры ўхвале ДАФУРЭВ або Лёнданскай управы РЭВ; да атрымальнікаў трэцяга боку толькі пры сумеснай ухвале ДАФУРЭВ і Лёнданскай управай РЭВ». Згодна з 9-м артыкулам «ДАФУРЭВ і Лёнданская ўправа РЭВ забясьпечаць, каб распаўсюд зьвестак, атрыманых з крыніцаў радыёэлектроннай выведкі, не ажыцьцяўляўся без папярэдняга апавяшчэньня і згоды іншага боку ў кожным выпадку да ўрадавай або іншай асобы або службы, якая скарыстае іх дзеля камэрцыйнай мэты»[3].
15-26 ліпеня 1948 году прайшла Тэхнічнай нарадзе па выкананьні амэрыканска-брытанскага Пагадненьня «Аб радыёэлектроннай выведцы». На ёй зацьвердзілі 14 Дадаткаў да Пагадненьня: 1) Паняткі для выкарыстаньня, 2) Правілы бясьпекі і распаўсюду, 3) Найменьне мэтаў перахопу, 4) Узгадненьне агляду перадачы і абмен яго матэрыяламі, 5) Узгадненьне зьвестак пра крыптааналіз і зьвязаныя прылады ды абмен імі, 6) Абмен радыёэлектроннай выведкай і ўзгадненьне перакладу, 7) Абмен пабочнага матэрыялу, 8) Зносіны, 9) Сувязны і спосабы абмену, 10) Тлумачэньне пэўных умоваў амэрыканска-брытанскага Пагадненьня аб РЭВ (датычна дамініёнаў Канады, Аўстраліі і Новай Зэляндыі), 11) Супраца ў галіне ... (заклеена), 12) Абмен зьвесткамі пра абсталяваньне, збудаваньні, вытворчасьць, дасьледаваньні і распрацоўку перахопу; 13) Абмен сырым матэрыялам і стандартызаваньне яго выгляду; 14) Часовы надзвычайны плян[4].
1 чэрвеня 1951 году зацьвердзілі 3-е выданьне Дадаткаў да Пагадненьня. У ім зьявілася яшчэ 2 Дадаткі, другі зь якіх называўся «Дачыненьні РЭВ з трэцімі бакамі, што ўплываюць на брыт.-амэр. ўзаеміны». Другі Дадатак тычыўся Вярхоўных саюзных камандаваньняў у Эўропе (в. Касто, правінцыя Эно, Бэльгія) і Атлянтыцы[5] (Норфалк, штат Вірджынія, ЗША), што дзеілі ў рамках АПАД. 18 кастрычніка 1956 году бакі ўзгаднілі Папраўку № 4 у Дадаткі да Пагадненьня, паводле якой увялі Дадатак «Супраца РЭВ у вайне»[6].