Падва́л, сутарэ́ньне ці склеп — ніжняя, звычайная падземная частка збудаваньня. Служыць для размяшчэння рознага абсталявання, харчоў. Характарызуецца стабільнасьцю тэмпэратураў цягам содняў і году за кошт цеплаізалюючых уласьцівасьцяў зямлі і адсутнасьці натуральнага сонечнага асьвятленьня.
Вышыня падвалаў большых за два мэтры, пры меншай вышыні прастору называюць тэхнічным падпольлем, якое фактычна ўжо ня лічыцца памяшканьнем. У высотных будынках падвалы звычайна большыя дзеля ўстойлівасьці будынка і часам нават улучаюць некалькі паверхаў. У малапавярховых будынках часьцей мае невялікую глыбіню. У апошняй траціне XX стагодзьдзя колькасьць жылых будынкаў з падвалам стала скарачацца ў сувязі з распаўсюдам цэнтральнага цеплазабесьпячэньня і з заканчэньнем практыкі абсталяваньня ў іх бамбасховішчаў. Пры ўзьвядзеньні будынкаў без падвалаў значна памяншаецца кошт падземнай часткі. Вонкавыя падвальныя сьцены разьлічваюць на ўспрыняцьцё актыўнага ціску грунту, а таксама на часовыя нагрузкі, як то дадатковы ціск ад вежавых кранаў і грузавых аўтамашынаў, які перадакцца на сьцены праз грунт. Каб пазьбегнуць затапленьня падвалаў пры будаўніцтве пракладваецца дрэнажная сыстэма, вырабляецца гідраізаляцыя вонкавых сьценаў і падлогі, а дзеля зьмяншэньня вільготнасьці паветра ўладкоўваецца вэнтыляцыя.
Невялікія падвалы звычайна выкарыстоўваюцца дзеля гаспадарчых патрэбаў і разьмяшчэньня часткі абсталяваньня і камунікацыяў будынка, у больш прасторных часта разьмяшчаюцца склады, невялікія офісы, невялікія вытворчасьці і крамы, у вялікіх комплексах падвалы часта выкарыстоўваюцца дзеля разьмяшчэньня месцаў падземнага аўтамабільнага паркаваньня. Падвалы і гарышчы, якія не выкарыстоўваюцца, часта становяцца прытулкам валацугаў.