Пакеха (маары: Pākehā) — назва, якая была ўтвораная карэнным насельніцтвам маары для першых эўрапейскіх перасяленцаў у Новай Зэляндыі. Этымалягічна слова паходзіць з мовы маары і ўваходзіць ў сучасную новазэляндзкую ангельскую мову як неад'емная лексычная адзінка. Ужываецца распаўсюджана і па сёньняшні дзень, але інтэрпрэтуецца ў Новай Зэляндыі па-рознаму. У залежнасьці ад пункту гледжаньня пры выкарыстаньні паняцьця гаворка ідзе аб новазэляндцах з выключна брытанскім паходжаньнем, зь пераважна эўрапейскім паходжаньнем альбо аб той частцы насельніцтва Новай Зэляндыі, хто не зьяўляецца маары альбо палінэзійцам. Некаторыя новазэляндцы ўспрымаюць слова ў нэгатыўным, непрыемным адценьні.
Дакладныя этымалягічныя зьвесткі слова канчаткова ня высьветленыя. Верагодней за ўсё, пакеха паходзіць ад Pākehakeha альбо Pakepakehā, паняцьці якімі маары называлі містычных, беласкурых марскіх істот. Адметна таксама і тое, што да зьяўлення эўрапейцаў паняцьця, якім бы называлі сябе маары, не існавала. Абодва словы ўзьніклі толькі пасьля ўсталяваньня ўзаемаадносін туземцаў з эўрапейцамі.