Палімэра́зная ланцуговая рэа́кцыя (ПЛР) — заснаваны на прынцыпе рэплікацыі нуклійных кісьляў мэтад малекулярнай біялёгіі, які дазваляе хутка дабіцца значнага павелічэньня канцэнтрацыі пэўных фрагмэнтаў ДНК у біялягічным матэрыяле (пробе). ПЛР прымяняецца для атрыманьня мільёнаў і нават мільярдаў дакладных копій узорнага фрагмэнту ДНК максымальнай даўжынёй да 10 тысячаў нуклеатыдаў, што дазваляе атрымаць аналіз ДНК зь вельмі невялікай пробы. Мэтад вынайшаў у 1983 року амэрыканскі біяхімік Кэры Муліс.
Найчасьцей для сынтэзу новага ланцужку ДНК прымяняецца тэрмаўстойлівая ДНК-палімэраза бактэрыі Thermus aquaticus, якая атрымала назву Taq-палімэраза. ПЛР праводзіцца ў прыладзе пад назвай тэрмацыклер, здольнай на працягу некалькіх сэкундаў павышаць ці паніжаць тэмпэратуру на некалькі дзясяткаў градусаў Цэльсія. Фрагмэнты ДНК, якія падлягаюць ампліфікацыі, мусяць быць абмежаваныя ў пачатку і ў канцы гэтак званымі праймэрамі (кароткімі алігануклеатыдамі ДНК). На першым этапе ПЛР дзьве ніткі двайной сьпіралі ДНК фізычна разьдзяляюцца пры высокай тэмпэратуры (дэнатурацыя нуклійнай кісьлі). На другім этапе тэмпэратура зьніжаецца, і праймэры прывязваюцца да камплемэнтарнай пасьлядоўнасьці ДНК. Пасьля гэтага дзьве ніткі ДНК становяцца шаблёнамі для ДНК-палімэразы, якая фэрмэнтацыйным шляхам зьбірае новыя ніткі ДНК з свабодных нуклеатыдаў. У ходзе рэакцыі створаныя фрагмэнты ДНК самі становяцца шаблёнамі для рэплікацыі, запускаючы ланцуговую рэакцыю, у якой узорны ДНК павялічваецца экспанэнтна.
Цяпер ПЛР стала звычайнай і часта незаменнай тэхнікай дасьледаваньняў у мэдычных лябараторыях, дазваляючы рабіць, апрача ампліфікацыі ДНК, мноства іншых маніпуляцыяў з нукляінавымі кісьлямі (увядзеньне мутацыяў, зрошчваньне фрагмэнтаў ДНК). Мэтад выкарыстоўваецца ня толькі ў навуковых патрэбах, але, напрыклад, і дзеля дыягнаставаньня захворваньняў (спадчынных, інфэкцыйных), дзеля высьвятленьня бацькоўства, дзеля клянаваньня генаў, выдзяленьня новых генаў, выяўленьня ў прадуктах генэтычна мадыфікаваных арганізмаў.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |