Паліна Смолава | |
Дата нараджэньня | 3 верасьня 1980 (44 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | Менск, БССР |
Грамадзянства | Беларусь |
Месца вучобы | |
Прафэсія | сьпявачка |
Жанры | поп |
Інструмэнты | голас[d] |
Сайт | www.polinasmolova.ru |
Палі́на Смо́лава (нарадзілася 3 верасьня 1980 году ў Менску) — беларуская сьпявачка, прадстаўніца Беларусі на конкурсе Эўрабачаньне-2006 зь песьняй Mum (Мама).
Паліна Смолава нарадзілася 3 верасьня 1980 году ў Менску. Яе кар'ера пачалася з удзелу ў дзіцячых фальклёрных калектывах. Паліна сьпявала ў дзіцячым фальклёрным тэатры «Госьціца», у ансамблі беларускай народнай песьні «Жавараначкі». Сьпявачка скончыла музычную школу па клясе фартэпіяна, музычнае вучылішча імя Глінкі, аддзяленьне сольнага народнага сьпеву Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў. Была кіраўнічкай дзіцячага ансамблю беларускай народнай песьні «Цернічка». Артыстка Моладзевага тэатру эстрады, салістка аркестру ГУУС Мінгарвыканкаму. Мае званьне прапаршчыка.
У 2006 брала актыўны ўдзел у агітацыйнай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах, выступаючы на канцэртах «За Беларусь!».
У 2005 годзе атрымала ганаровае званьне «Мінчанка году». Па выніках галасаваньня «Тэлепартацыі-2005» (Першай музычнай прэміі рэспублікі) Паліна Смолава названа «Экспрэсіяй году».
10 лютага 2006 года былі названыя імёны трох фіналістаў рэспуліканскага адборачнага туру міжнароднага конкурсу песьні «Эўрабачаньне-2006». Імі сталі Паліна Смолава зь песьняй «Мама», Алена Грышанава з кампазыцыяй «You Can't Stop This Dance» і гурт «Лявоны» зь песьняй «Come back». Фінал беларускага туру «Эўрабачаньня-2006» прайшоў 24 лютага 2006 году. У гэты дзень журы вызначыла афіцыйнага прадстаўніка ад Беларусі на песенным форуме. На «Эўрабачаньні-2006» выступіла Паліна Смолава. Песьня, зь якой яна выступала, была напісана адмыслова для эўрапейскага конкурсу кампазытарам Сяргеем Сухамліным і паэтам Андрэем Касьцюгавым. Суправаджаў выступ Паліны танцавальны балет Сяргея Епіхава. Конкурсныя строі для артысткі распрацаваў беларускі дызайнэр Іван Айплатаў.
Смолава не прайшла ў фінал Эўрабачаньня, заняўшы 22 месца з 23.
Папярэднік Анжаліка Агурбаш |
Беларусь на конкурсе песьні Эўрабачаньне 2006 |
Наступнік Дзьмітры Калдун |