Панядзе́лкавыя дэманстра́цыі ў Няме́цкай дэмакраты́чнай рэспу́бліцы (па-нямецку: Montagsdemonstrationen) — сэрыя мірных пратэстаў супраць ураду Нямецкай дэмакратычнай рэспублікі, якія адбываліся штопанядзелак у 1989—1990 роках.
У Ляйпцыгу дэманстрацыі распачаліся 4 верасьня 1989 пасьля штотыднёвае малітвы за мір (ням. Friedensgebet), якая ладзілася ў Мікалаеўскім зборы прэсьбітэрам Крыстыянам Фюрэрам і ўрэшце перанеслася на прылеглы пляц Карла Маркса (цяпер Аўгустуспляц). Адчуўшы падтрымку лютэранскай царквы, незадаволеныя грамадзяне Ўсходняй Нямеччыны пачалі зьбірацца да царквы, адкуль і пачаліся негвалтоўныя дэманстрацыі з патрабаваньнямі правоў на свабоду перамяшчэньня і дэмакратычных выбараў.
Пасьля паведамленьняў пра ляйпцыскія падзеі праз заходненямецкую тэлевізію і знаёмых падобныя дэманстрацыі пачалі ладзіцца штопанядзелак і на іншых пляцах у розных местах НДР. Значным крытычным момантам сталі падзеі ў амбасадзе Фэдэратыўнай рэспублікі Нямеччыны ў Празе, у якой зь верасьня хаваліся тысячы ўсходненямецкіх грамадзянаў, жывучы ва ўмовах краінаў трэцяга сьвету. Міністар замежных справаў ФРН Ганс-Дытрых Геншэр дабіўся дазволу перавозкі іх на захад, аднак цягнікі па дарозе мусілі перасякаць тэрыторыю НДР. Геншэрава прамова з балькону была перапыненая эмацыйнымі водгукамі. У пачатку кастрычніка пры праезьдзе цягнікоў па цэнтральным вакзале Дрэздэну паліцыя была вымушаная прадухіляць спробы людзей заскочыць на іх.
Да 9 кастрычніка 1989, неўзабаве па сьвяткаваньні 40-х угодкаў утварэньня НДР, дэманстрацыі, якія пачаліся як сходы некалькіх соцень вернікаў у Мікалаеўскім зборы, вырасьлі да 70-тысячных (з 500 000 жыхароў Ляйпцыгу) мірных супрацьстаяньнях рэжыму. Самым вядомым скандаваньнем было «Мы народ!» (па-нямецку: Wir sind das Volk!) як напамін кіраўнікам пра тое, што дэмакратычная рэспубліка мусіць кіравацца народам, а не недэмакратычнай партыяй, якая нібыта прадстаўляе іхнія інтарэсы.
Некаторыя пратэстоўцы былі арыштаваныя, аднак да шырокіх рэпрэсіяў і разгонаў не дайшло дзякуючы таму, што мясцовыя кіраўнікі (лідэр СПА Гэльмут Гакенбэрг і гэнерал-маёр паліцыі Герхард Штрасэнбург) бяз пэўных загадаў з Усходняга Бэрліну і зьдзіўленыя нечакана вялікай колькасьцю актыўных грамадзянаў устрымаліся ад выкарыстаньня сілы. Пазьней Эган Крэнц казаў, што гэта ён аддаў загад ня ўмешвацца.
16 кастрычніка ў Ляйпцыгу сабраліся ўжо 120 000 чалавек, яшчэ праз тыдзень іх было 320 000. Пад іхнім ціскам 9 лістапада 1989 року быў разбураны Бэрлінскі мур, што стала знакам падзеньня камуністычнага рэжыму ў НДР.
Панядзелкавыя дэманстрацыі доўжыліся да сакавіка 1990, да часу першых шматпартыйных выбараў у Народную палату, якія паклалі пачатак узьяднаньню Нямеччыны.