Парафія (прыход[1];
грэц. παροικία ад грэц. παρά + οἶκος — каля + дом; лац. paroecia) — базавая арганізацыйная адзінка ў хрысьціянскіх Цэрквах. Згодна з тэалягічнай канцэпцыяй, парафія — гэта акрэсьленая супольнасьць вернікаў, утвораная ў сталы спосаб у япархіі (дыяцэзіі), пастырская апека над якой даручана прасьвітару. Цэнтрам жыцьця парафіі зьяўляецца парафіяльны храм.
За парафію адказвае адзін сьвятар-прасьвітар, які выступае ад яе імя перад царкоўнымі ўладамі. У беларускіх рыма-католікаў яго традыцыйна называюць пробашчам, у грэка-католікаў з часоў Уніі прынята называць парахам, а ў праваслаўных найчасьцей — "настаяцель". У парафіі могуць быць іншыя парафіяльныя супрацоўнікі, якія яму дапамагаюць — вікарыі, капэляны, рэзыдэнты. У дапамогу прасьвітару ў парафіі ствараюцца парафіяльныя рады зь сьвецкіх вернікаў, якія дапамагаюць у вырашэньні пастырскіх і эканамічных справаў.
Інстытут парафіі існуе ў Царкве з IV стагодзьдзя. Яго ўтварэньне зьвязанае з распаўсюджаньнем хрысьціянства ў сельскай мясцовасьці. Значэньне і роля парафіі былі вызначаны ў 1215 г. на Чацьвёртым Латэранскім Саборы. Як правіла, парафія мае тэрытарыяльны характар і ахоплівае вернікаў пэўнай тэрыторыі. У Каталіцкай Царкве, аднак, калі існуе патрэба, епархіяльны біскуп можа ўтвараць асабовыя парафіі: паводле нацыянальнасьці, мовы або нейкага іншага крытэра.
У праваслаўнай Царкве ў Беларусі панятак "парафія" найчасьцей перадаецца словам прыход.
Паводле 73-га артыкула Статуту Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, прыход:
- «будуе ці купляе храм, будуе або купляе будынкі і зямлю для царкоўна-рэлігійных мэтаў;
- даглядае царкоўную маёмасьць, утрымоўвае сьвятарства Прыходу і царкоўны хор;
- арганізуе брацтва, сястрынства, гурткі моладзі ці іншыя зьяданьні дзеля навучаньня Закону Божага»;
- «дбае пра матэрыяльныя сродкі Прыходу праз ладжаньне канцэртаў, дакладаў, зьбіраньне ахвяраў»;
- «арганізуе і даглядае прыхадзкую школу і ў патрэбе, па магчымасьці, дапамагае бедным і нядужым прыхаджанам»[2].
- Сход. Склікаецца штогод (у лютым) паводле сьпісу паўнапраўных прыхаджанаў, «якія аплацілі прыхадзкія складкі і ня маюць запазычанасьці». Паўнамоцны пры наяўнасьці паловы паўнапраўных прыхаджанаў. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў. «На жаданьне 2-х або больш паўнапраўных прыхаджанаў» галасаваньне мае быць тайным. Выбірае Раду «на 2 гады ў складзе: старшыня, заступнік старшыні, сакратар, скарбнік, стараста і заступнік старасты, але ня меней, як 3 асобы». Таксама выбірае на 2 гады Рэвізійную камісію «ў складзе старшыні, сакратара і сябры (і 2 заступнікі)». Зацьвярджае будаўніцтва і перабудову. Вызначае прыхадзкія складкі для выплаты прыхаджанамі. Таксама можа склікацца «на заяву, падпісаную ня менш як 6 паўнапраўнымі прыхаджанамі», на жаданьне кіраўніка (ярэя) Прыходу і Рэвізійнай камісіі. Пастановы лічацца абавязковымі пасьля зацьвярджэньня япіскапам.
- Рада. Акрамя выбраных Сходам, улучае «сьвятарства Прыходу з правам голасу». Старшыня Рады склікае пасяджэньне «не радзей як раз на 2 месяцы». Правамоцная, калі прысутнічае прынамсі палова сябраў, у тым ліку кіраўнік (ярэй) Прыходу і старшыня. Пастановы ўхваляе простай большасьцю галасоў. У выпадку роўнасьці галасоў «голас кіраўніка Прыходу вырашае». Вядзе гаспадарчыя справы і выконвае пастановы Сходу. Прымае новых прыхаджанаў.
- Рэвізійная камісія. Прынамсі штогод правярае гаспадараньне царкоўнай маёмасьцю, грашовы разьлік і кнігаводзтва Рады. Таксама ладзіць праверку «на пісьмовае жаданьне 3-х ці больш паўнапраўных сяброў Прыходу або кіраўніка (ярэя) Прыходу». Вынікі праверкі падпісваюцца «ня менш як 2-ма» сябрамі камісіі, перадаюць кіраўніку Прыходу і Радзе ды зачытваюць на Сходзе.
- Кіраўнік (ярэй). Як сьвятар, прызначаецца япіскапам. Выконвае набажэнствы і выкладае Закон Божы. Вядзе мэтрычныя запісы хросту, шлюбу і сьмерці прыхаджанаў. Зачытвае прыхаджанам пры канцы набажэнства паведамленьне пра час, дзень, месца і парадак Сходу за 2 тыдні да яго правядзеньня[2].
Паўнапраўным прыхаджанінам можа быць паўналетняя асоба хрысьціянскага веравызнаньня, якая падпарадкоўваецца духоўным уладам царквы і выконвае накладзеныя прыходам абавязкі. Паўнапраўны прыхаджанін мае права:
- галасаваць на прыхадзкім Сходзе;
- атрымаць упаўнаважаньне галасаваць ад імя ня больш як 2-х іншых паўнапраўных, але адсутных прыхаджанаў;
- атрымаць зьвесткі пра фінансавы стан Прыходу ад Рэвізійнай камісіі цягам месяца;
- атрымаць належную духоўную апеку царквы;
- быць выбраным сябрам Рады і Рэвізійнай камісіі, на епархіяльны і царкоўны Сабор[2].
- Codex Iuris canonici auctoritate Joannis Pauli PP. II promulgatus, Kodeks prawa kanonicznego.Przekład polski zatwierdzony przez Konferencję Episkopatu. tekst dwujęzyczny, Edward Sztafrowski (tłumaczenie) i komisja naukowa pod redakcją Kazimierza Dynarskiego. Poznań: Pallottinum, 1984.
- Кодекс Канонів Східних Церков. Видавництво ОО. Василіян. — Рим, 1993, с. 181.