Паставы лац. Pastavy | |||||
Даўнія камяніцы на Рынку | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1552 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Пастаўскі | ||||
Вышыня: | 140 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 19 881 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2155 | ||||
Паштовы індэкс: | 211840 | ||||
СААТА: | 2240501000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°7′0″ пн. ш. 26°50′0″ у. д. / 55.11667° пн. ш. 26.83333° у. д.Каардынаты: 55°7′0″ пн. ш. 26°50′0″ у. д. / 55.11667° пн. ш. 26.83333° у. д. | ||||
± Паставы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://postavy.vitebsk-region.gov.by/ |
Паста́вы — места ў Беларусі, на рацэ Мядзелцы. Адміністрацыйны цэнтар Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 19 881 чалавек[1]. Знаходзяцца за 250 км на захад ад Віцебску. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Вільня. Вузел аўтамабільных дарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркоўшчыну, Мядзел, Кабыльнік і іншыя.
Паставы — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Адна з рэзыдэнцыяў шляхецкага роду Тызэнгаўзаў, якія зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё паселішча. Да нашага часу тут захаваліся клясыцыстычны палац Тызэнгаўзаў і барокавы ансамбль гістарычнага Рынку, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў стылі клясыцызму царква і гандлёвыя рады, помнікі архітэктуры XIX стагодзьдзя, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Паставы. Звычайна назва места тлумачыцца ад слова «стаў», што азначае 'запруда'[2]. Існуюць зьвесткі, што ў ХІІІ стагодзьдзі жыхары Пасадніка збудавалі на рацэ плаціну і вадзяны млын і такім спосабам утварылі стаў вады. Згодна зь іншай вэрсіяй, тапонім паходзіць ад слова «постаў», якое азначае 'пара жорнаў у млыне для памолу збожжа'. Паводле гістарычных крыніцаў пастаўскі млын меў два поставы. Трэба зазначыць і тое, што ў беларускай мове паставом завецца кавалак (рулён) палатна або якогасьці іншага матэрыялу[3][a].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Postawy (26 студзеня 1516 году)[5].
Паводле археалягічных зьвестак, старажытнае паселішча на месцы Паставаў існавала яшчэ ў канцы 3-га — пачатку 2-га тысячагодзьдзя да н. э. на паўночным беразе Задзеўскага возера. У часе раскопак тут знайшлі крамянёвыя скрабкі, наканечнікі стрэлаў, нажы, часткі керамічных вырабаў. Першы меркаваны пісьмовы ўпамін пра Паставы (пад назвай Пасаднік[6]) датуецца 996 годам. Расейскі гісторык С. Фёдараў у сваёй працы «Поселения Северо-Западного края Великого княжества Литовского», выдадзенай у Пецярбургу, пісаў: «Селение возникло в 996 году. Деспот Зенович, приезжий магнат, облюбовал это место и основался в 1005 году». Імаверна, у 1409 годзе вялікі князь Вітаўт перавёў Пасаднік у шэрагі мястэчак.
Аднак паводле сучасных энцыкляпэдычных даведнікаў[7][8], першы пісьмовы ўпамін пра Паставы як мястэчка Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва датуецца 1552 годам. Мястэчка знаходзілася ў валоданьні магнатаў Дэспат-Зяновічаў, якія збудавалі тут драўляны касьцёл Маці Божай. У Інфлянцкую вайну вялікі князь Стэфан Баторы накіроўваў з Паставаў плыты з артылерыяй да Полацку. На 1628 год у цэнтры Паставаў быў Рынак. На ім стаялі касьцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў рамесьнікаў і гандляроў. На вуліцах-дарогах, што вялі на Мядзел, Глыбокае і Друю, было 26 двароў. За ракой Мядзелкай разьмяшчалася прадмесьце Зарэчча, якое мела 17 двароў. Існавалі таксама 2 пасады (8 і 9 двароў). Агулам у Паставах было 66 двароў. За межамі мястэчка знаходзіўся сядзібны комплекс. У 1640 годзе на паўночны захад ад цэнтру Паставаў, на высьпе, утворанай ракой Мядзелкай і каналам, збудавалі касьцёл і кляштар францішканаў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай мястэчка спустошылі маскоўскія захопнікі, засталося толькі 5 двароў[7]. На 1692 год колькасьць двароў узрасла да 142.
У 2-й палове XVІІI ст. Паставы перайшлі ў валоданьне Тызэнгаўзаў. З ініцыятывы Антонія Тызэнгаўза тут пачалі працаваць фабрыкі (папяровая — заснаваная ў 1728 годзе, палатняная, паясоў), некалькі млыноў, гарбарня. Апроч таго, ён правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка паводле рэгулярнага пляну. Цэнтрам стаў Рынак. У яе плянаваньні браў удзел італьянскі архітэктар Дж. Сака. На паўднёвай ускраіне Паставаў, на левым беразе Мядзелкі, узьвялі палац, на ўсход ад якога разьбілі пэйзажны парк. На Рынку ўтварыўся ансамбль з мураваных дамоў рамесьнікаў, лекара, аўстэрыі, гандлёвых радоў. Ад пляцу ў радыяльных кірунках адыходзілі 4 вуліцы — Віленская (на поўдзень), Браслаўская (на поўнач), Зарэчная (на ўсход), Задзьвейская (на захад). Кварталы пэрыфэрыі забудавалі драўлянымі дамамі, на захадзе й поўдні знаходзіліся гумны. У 1775 годзе зь Мядзелу ў Паставы перавялі гродзкі суд. У 1782—1785 гадох у мястэчку дзеяла тэатральная школа Тызэнгаўза, перавезеная з Горадні. У 1791 годзе Паставы атрымалі статус места і сталі цэнтрам Завілейскага павету.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Паставы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету. 22 студзеня 1796 году новыя ўлады даравалі месту герб: «у блакітным полі рыбацкая мярэжа, уверсе тры залатыя рыбы, накіраваныя галовамі да долу»[9]. Неўзабаве статус паселішча панізілі да мястэчка і цэнтру воласьці Дзісьненскага павету. У 1814—1853 гадох Паставы знаходзіліся ў валоданьні К. Тызэнгаўза, які заснаваў тут арніталягічны музэй і мастацкую галерэю, дзе на 1840 год налічвалася больш за 60 твораў малярства. У 1-й палове ХІХ ст. працавалі папяровая фабрыка, 2 млыны, сукнавальня, было 111 двароў; штогод праводзіліся 7 кірмашоў.
У 1842 годзе Паставы зноў сталі цэнтрам павету. У 1880 годзе маёнтак перайшоў у валоданьне Пшазьдзецкіх. У 1880—1987 гадох у мястэчку збудавалі мураваны касьцёл. У 1897 годзе адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя на лініі Каралеўшчына — Пабродзьдзе.
За часамі Першай сусьветнай вайны у лютым 1918 году Паставы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Паставы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[10].
Згодна з умовамі Рыскай мірнай дамовы 1921 году Паставы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам павету і зноў атрымалі статус места. У канцы 1920-х гадоў у месьце працавалі 2 лесапільныя заводы (належалі Пэргамэнту й Зінгеру) і цагельня (належала Райхелям), паравы млын, бровар, пякарня і інш.
У 1939 годзе Паставы ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам раёну Вялейскай, з 1944 году Маладэчанскай, з 1960 году Віцебскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 6 ліпеня 1941 да 5 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У Паставах працуюць прафэсійна-тэхнічны каледж, 5 сярэдніх, мастацкая школы, гімназія.
Дзеюць краязнаўчы музэй, раённы і мескі дамы культуры, 4 бібліятэкі, кінатэатар.
Выдаецца раённая газэта «Пастаўскі край» (да 1991 году — «Звязда»).
Рака падзяляе места на 2 раёны: заходні і ўсходні. Першы паваенны генэральны плян Паставаў зьявіўся ў 1962 годзе. Забудоўваецца места паводле генэральнага пляну 1976 году і праекту дэталёвага плянаваньня Ўсходняга жылога раёну, распрацаванага ў 1978 годзе. Адміністрацыйны, грамадзкі і культурны цэнтар гістарычна склаўся ў заходнім раёне. 2—3-павярховыя жылыя дамы будуюць у паўночна-заходняй частцы. Прамысловая зона разьмяшчаецца ўва ўсходнім раёне. Паводле карэктаваньня генэральнага пляну 1994 году ў сучасным месьце перавага аддаецца малапавярховай забудове.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня вуліца | Задзеўская вуліца[17] | |
Гагарына вуліца | Зарэчная вуліца[18] | |
Камсамольская плошча | Рынак Задзеўскі пляц | |
Кляра вуліца | Канстантына Тызэнгаўза вуліца | |
Крупскай вуліца (часткова) | Сасновая вуліца Школьная вуліца |
|
Леніна плошча | Рынак Стары пляц | |
Ленінская вуліца | Браслаўская вуліца | |
Максіма Горкага вуліца | Базылянская вуліца[19] | |
Паўліка Марозава вуліца | Юрысдыка вуліца | |
Піянэрская вуліца | Тапалёвая вуліца | |
Савецкая вуліца | Віленская вуліца | |
Трудавая вуліца | Кляновая вуліца Школьная вуліца |
|
Чырвонаармейская вуліца | Лучайская вуліца[20] | Браніслава Перацкага вуліца |
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці, друкарня.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Паставаў |
---|
|
Праз Паставы праходзяць аўтамабільныя дарогі Р27 (Браслаў — Мядзел) і Р110 (Глыбокае — Лынтупы).
У месьце працуе Пастаўскі краязнаўчы музэй, праводзіцца фэст народнай музыкі «Зьвіняць цымбалы і гармонік». Спыніцца можна ў мескім гатэлі. Дзее дом паляўнічага[21].
На паўднёвай ускраіне Паставаў, на паўночным беразе возера Задзеўскага (на краі першай надгюймавай тэрасы) захавалася старажытнае паселішча — помнік археалёгіі. Даўжыня 50—70 м, шырыня каля 20 м. Адкрыў і дасьледаваў у 1980 годзе Э. Зайкоўскі (ускрыў 112 м² плошчы; культурны пласт каля 0,5 м; сярод знаходак крамянёвыя скрабкі, нажы, наканечнікі стрэлаў, праколкі, кераміка нарвенскай і паўночнабеларускай культураў і культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі). Паселішча належыць да эпохі позьняга нэаліту і раньняга бронзавага веку, датуецца канцом 3 — пачаткам 2-га тысячагодзьдзя да н. э.
Пералік местаў-сяброў Паставаў |
---|
|