паскарэньне гаспадарчага росту, грамадзкага поступу й культурнага разьвіцьця ў рэгіёне ды забесьпячэньне ўсім асобам магчымасьці жыць з годнасьцю й напоўніцу ажыцьцяўляць свае здольнасьці;
Сустрэча кіраўнікоў урадаў. Склікалася аднойчы на год. Ухваляла пастановы адзінагалосна, як і іншыя ўстановы.
Рада міністраў. Складалася зь міністраў замежных справаў. Склікалася двойчы на год. Ухваляла рашэньні пра новыя галіны супрацы. Пераглядала поступ супрацы. Прызначала галоўнага сакратара на 3 гады без паўторнага тэрміну на прапанову дзяржаваў-удзельніц у азбучным парадку. Вызначала штогадовы бюджэт Сакратарыяту, які ўлучаў заробкі супрацоўнікаў і ўтрыманьне нерухомасьці.
Пастаянны камітэт. Складаўся з замежных сакратароў. Складаў справаздачу перад Радай міністраў. Наглядаў за супрацай і ўзгадняў яе. Ухваляў наказы аб спосабах выдаткоўваньня на задумы. Вызначаў галіновыя перавагі й прыцягваў ўнутраныя й староньнія сродкі. Акрэсьліваў новыя галіны супрацы на падставе даследаваньняў[2].
Сакратарыят ПААРС у Катманду (Нэпал, 2012 год)
Сакратарыят. Месьціўся ў Катманду (Нэпал). Складаўся з галоўнага сакратара ў дыпляматычным рангу амбасадара, прафэсійнага й абслуговага пэрсаналу, прызначанага ім на прапанову дзяржаваў-удзельніц. Кожная дзяржава прызначала на 3 гады па кіраўніку ў рангу дарадцы, кожнага зь якіх галоўны сакратар разьмяркоўваў па аддзелах. Кіраўнік найвышэйшага рангу замяшчаў галоўнага сакратара пры ягонай нябытнасьці з чаргаваньнем у азбучным парадку. Працоўнай мовай была анґельская[6].
Сярод іншага, працавалі 5 краёвых асяродкаў ПААРС, якімі кіравалі Ўправы з прадстаўнікоў усіх дзяржаваў-удзельніц пад наглядам Праґрамнага камітэту ПААРС: 1) земляробчы (Дака, Банглядэш; 1988), 2) энэргетыкі (Ісламабад, Пакістан; 2006), 3) культурны (Каломба, Шры-Ланка; 2009), 4) сухотаў, ВІЧ і СНІД (Катманду, Нэпал; 1994), 5) адольваньня бедзтваў (Новы Дэлі, Індыя; 2016)[9]. Урэшце, прызнаньне ПААРС мелі 18 грамадзкіх аб’яднаньняў[10].
Ахмэд Салім — 11-ы галоўны сакратар ПААРС (2012—2014)
4 лістапада 1987 году ў Катманду міністры замежных справаў 7 дзяржаваў падпісалі Рэгіянальнае пагадненьне ПААРС «Аб здушэньні тэрарызму»[12] й Пагадненьне «Аб заснаваньні Запасу харчовае бясьпекі ПААРС», які меў складацца з пшаніцы й рысу. Паводле 10-га артыкулу, 2-е Пагадненьне набыло моц пасьля назапашваньня 125 000 тонаў збожжа. Агулам сярод 199 800 тонаў доля Індыі мела складаць 76 % (153 200 тонаў), Банглядэшу 10 % (21 000 тонаў), а Пакістану — 9 % (19 000 тонаў)[13]. 27 ліпеня 1988 году ўрад Нэпалу й Сакратарыят ПААРС заключылі Пагадненьне «Аб галаўной сядзібе», якую вызвалілі ад падаткаў і магчымасьці арышту разам з пэрсаналам[14]. 23 лістапада 1990 году ў Мале (Мальдывы) міністры заключылі Пагадненьне «Аб дурманлівых сродках і псыхатропных рэчывах»[15]. 11 красавіка 1993 году міністры падпісалі Пагадненьне «Аб пераважных гандлёвых захадах»[16]. 5 студзеня 2002 году міністры падпісалі Пагадненьне «Аб рэгіянальных захадах прасоўваньня дзіцячага дабрабыту ў Паўднёвай Азіі»[17] й Пагадненьне «Аб папярэджаньні й змаганьні супраць гандлю жанчынамі й дзецьмі для прастытуцыі»[18].
12-я сустрэча кіраўнікоў урадаў ПААРС у Ісламабадзе (Пакістан, 6 студзеня 2004 г.)
4 студзеня 2004 году ў Ісламабадзе міністры замежных справаў 7 дзяржаваў падпісалі Грамадзкую хартыю ПААРС, якая прадугледжвала адказ на безадкладныя патрэбы найбольш закранутых бедзтвамі[19]. 6 студзеня 2004 году тамсама міністры падпісалі Пагадненьне «Аб Паўднёваазіяцкай прасторы вольнага гандлю» (ПАПВГ), якое набыло моц 1 студзеня 2006 году. Паводле 7-га артыкулу Пагадненьня, дамоўныя дзяржавы мелі скараціць мыты да 20 % за 2 гады ад набыцьця моцы Пагадненьнем. Найменш разьвітыя дзяржавы мелі скараціць мыты да 30 %. Ад 3-га году з набыцьця моцы Пагадненьнем цягам наступных 5 гадоў мыты мелі скараціць з 20 да 5 %, а найменш разьвітыя краіны — з 30 да 5 % цягам 8 гадоў. Таксама дамоўныя старонкі мелі скасаваць колькасныя абмежаваньні гандлю, за выняткам дазволеных Агульным пагадненьнем аб мытах і гандлі 1994 году. Згодна зь 10-м артыкулам старонкі засноўвалі Міністарскую раду ПАПВГ зь міністраў гандлю, якая мела склікацца штогод для нагляду за выкананьнем Пагадненьня. Таксама ўтваралі Камітэт экспэртаў з старэйшых гаспадарчых ураднікаў, які выступаў у якасьці Органа ўладжаньня спрэчак і склікаўся кожныя 6 месяцаў для складаньня справаздачы перад Міністарскай радай ПАПВГ[5]. Сярод іншага, міністры адначасна падпісалі Дадатковы пратакол да Рэгіянальнага пагадненьня ПААРС «Аб здушэньні тэрарызму»[20].
15-я сустрэча кіраўнікоў урадаў ПААРС у Каломба (Шры-Ланка, 2 жніўня 2008 г.)
13 лістапада 2005 году ў Дацы міністры заключылі Пагадненьне «Аб узаемнай выканаўчай дапамозе ў мытных справах», якая набыла моц 1 студзеня 2006 году[21]. Таксама падпісалі Абмежаванае шматбаковае пагадненьне ПААРС «Аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня й узаемнай выканаўчай дапамозе ў падатковых справах»[22]. Урэшце, міністры заключылі Пагадненьне «Аб заснаваньні Трацейскае рады ПААРС»[23]. 3 красавіка 2007 году ў Новым Дэлі (Індыя) аўганскі прэзыдэнт Гамід Карзай падпісаў разам з кіраўнікамі 7 дзяржаваў Сумесную дэклярацыю «Аб прыняцьці Ісламскае Рэспублікі Аўганістан у ПААРС»[24]. Адначасна міністры замежных справаў 8 дзяржаваў падпісалі Пагадненьне «Аб заснаваньні Харчовага банку ПААРС», якое замяніла Пагадненьне «Аб заснаваньні Запасу харчовае бясьпекі ПААРС». Паводле Пагадненьня, запас збожжа меў скласьці 241 580 тонаў, зь іх Індыя забясьпечвала 63 % (153 200 тоны), а Банглядэш і Пакістан — па 16 % (40 000 тонаў)[25]. 4 красавіка 2007 году міністры падпісалі Пагадненьне «Аб заснаваньні Паўднёваазіяцкага ўнівэрсытэту», які вырашылі разьмясьціць у Індыі (Новы Дэлі). Паводле 4-га артыкулу, гэты ўнівэрсытэт вызвалілі ад усіх падаткаў і мытаў[26].
16-я сустрэча кіраўнікоў урадаў ПААРС у Тхімпху (Бутан, 28 красавіка 2010 г.)
3 жніўня 2008 году ў Каломба (Шры-Ланка) міністры замежных справаў 8 дзяржаваў падпісалі Пагадненьне «Аб узаемадапамозе ў крымінальных справах»[27] і Пагадненьне «Аб заснаваньні Паўднёваазіяцкае арґанізацыі рэгіянальных стандартаў», якую мелі разьмясьціць у Дацы[28]. Таксама падпісалі Статут Фонду разьвіцьця ПААРС[29]. Урэшце, тамсама аўганскі міністар замежных справаў Рангін Спанта падпісаў зь 7-ю іншымі міністрамі Пратакол далучэньня Аўганістану да Пагадненьня «Аб Паўднёваазіяцкай прасторы вольнага гандлю» (ПАПВГ)[30]. 29 красавіка 2010 году ў Тхімпху (Бутан) міністры заключылі Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне навакольнага асяродзьдзя»[31] й Пагадненьне «Аб гандлі паслугамі»[32]. 11 лістапада 2011 году ў Аду (Мальдывы) міністры падпісалі Пагадненьне «Аб шматбаковых захадах прызнаньня ацэнкі адпаведнасьці»[33] й Пагадненьне «Аб увядзеньні рэгіянальных стандартаў»[34]. Таксама заключылі Пагадненьне «Аб заснаваньні Банку насеньня ПААРС», які меў утрымліваць запас насеньня рысу, пшаніцы, кукурузы, бабовых і алейных культураў[35]. У лістападзе 2014 году заключылі Пагадненьне «Аб супрацы ў электраэнэргетыцы». За 1985—2014 гады прайшло 18 сустрэчаў кіраўнікоў урадаў[4].