Першая Аўстрыйская Рэспубліка ням. Republik Österreich | |||||
| |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн: «Deutschösterreich, du herrliches Land» | |||||
Афіцыйная мова | нямецкая | ||||
Сталіца | Вена | ||||
Форма кіраваньня Прэзыдэнт
|
Рэспубліка Карл Зайц (першы) | ||||
Валюта | Аўстрыйская крона (1919-1924), Аўстрыйскі шылінг (1924-1938) | ||||
Незалежнасьць — абвешчаная — пераўтвораная |
21 кастрычніка 1919 1 траўня 1934 |
Пе́ршая Аўстры́йская Рэспу́бліка (па-нямецку: Die Erste Republik, афіцыйная тагачасная назва — Рэспу́бліка А́ўстрыя, ням. Republik Österreich) — гістарыяграфічная назва дзяржавы на тэрыторыі сучаснай Аўстрыі, якая існавала ў пэрыяд між падпісаньнем Сэн-Жэрмэнскай дамовы, паводле якой Нямецкая Аўстрыя зьмяніла афіцыйную назву і тэрыторыю, і ўстанаўленьнем Фэдэрацыйнае дзяржавы Аўстрыя, абвешчанай у 1934 годзе дыктатарскім урадам Энгельбэрта Дольфуса й аб’яднаньня «Фронт Айчыны».
Пэрыяд існаваньня дзяржавы адзначыўся, у прыватнасьці, барацьбой між левымі ды правымі сіламі, што прывяло да Ліпеньскага паўстаньня 1927 году і грамадзянскай вайны ў Аўстрыі.
У 1920 годзе прынятая Канстытуцыя Аўстрыі, якая зазнавала зьмены ў 1929 годзе.
У 1919 годзе Нямецкая Аўстрыя падпісала пасьляваенную Сэн-Жэрмэнскую дамову, чым пагадзілася на зьмену афіцыйнае назвы (прыбіраўся прыметнік «Нямецкая») і на адданьне шэрагу памежных тэрыторыяў, у тым ліку і населеных немцамі, іншым краінам: Судэцкі рэгіён адышоў да Чэхаславаччыны, Тыроль — Італіі, паўднёвыя часткі — Каралеўству Югаславія.
Дамова спрычынілася да незадавальненьня нямецкага насельніцтва Аўстрыі, на думку якіх у дачыненьні да Аўстрыі былі парушаныя ўмовы Ўілсанаўскіх «14 пунктаў», якія прадугледжвалі ў тым ліку й права на самавызначэньне ўсіх народаў.
Тым ня менш, нягледзячы нават на наяўнасьць тэрытарыяльных стратаў, некаторыя памежныя рэгіёны Аўстрыі заставаліся прадметам тэрытарыяльных спрэчак. Так, паўднёвы ўсход зямлі Карынтыя, населены пераважна славенцамі, меў шанец да далучэньня да новай сэрбска-харвацка-славенскае дзяржавы, аднак мясцовы рэфэрэндум, праведзены 20 кастрычніка 1920 году паказаў, што большасьць мясцовага насельніцтва, у тым ліку й мясцовыя славенцы, жадае застацца ў складзе Аўстрыі. Іншай спрэчнай тэрыторыяй стаў Бургенлянд, які, нягледзячы на нямецкую большасьць у насельніцтве, з 1647 году ўваходзіў у склад Вугоршчыны (уваходзячы ў яе склад нават за часамі існаваньня Вугоршчыны як часткі Аўстра-Вугоршчыны) і праз гэта аспрэчваўся Вугоршчынай. Аднак Сэн-Жэрмэнская дамова замацавала гэты рэгіён за Аўстрыяй і ў 1921 годзе ён канчаткова зацьвердзіўся як частка гэтае краіны. Тым ня менш, места Шопран (ням. назва Одэнбург) апынулася ў складзе Вугоршчыны.
Пасьля вайны Аўстрыя кіравалася палітычнай кааліцыяй правых і левых рухаў. Гэтая кааліцыя здолела прыйсьці да стварэньня шэрагу прагрэсіўных на той момант сацыяльна-эканамічных і працоўных пакетаў законаў. У 1920 годзе кааліцыя прыняла Канстытуцыю краіны. Але кіраваньне дзяржавай ускладнялі пераход важных эаканамічных раёнаў у склад іншых дязржаваў і залежнасьць некаторых новых дзяржаваў ад банкаў Вены.
Пасьля 1920 году ва ўрадзе краіны дамінавала хрысьціянска-сацыяльная партыя, якая мела цесныя сувязі з Каталіцкай царквой і выступала супраць інкарпарацыі ў склад Нямеччыны[1]. Канцлер партыі, Ігнац Зайпэль, спрабаваў зладзіць палітычны хаўрус паміж царквой і прамыслоўцамі. Нягледзячы на наяўнасьць палітычнае партыі, якая мела трывалую большасьць пры ўладзе, палітыка дзяржавы была параўнальна жорсткай, а між левымі й правымі партыямі пачаліся ваенізаваныя сутыкненьні. У 1927 годзе левыя партыі распачалі пратэсты супраць правых ваенізаваных фармаваньняў, па віне якіх загінуў адзін чалавек і дзіця. Гэтае паўстаньне было гвалтоўна здушана з дапамогаю паліцыі, у выніку якога загінула некалькі чалавек. Эскаляцыя гвалту ў краіне працягвалася ажно да пачатку 1930-х гадоў, калі канцлерам краіны стаў Энгельбэрт Дольфус.
З прыходам на пасаду канцлера сябра хрысьціянска-сацыяльнае партыі Энгельбэрта Дольфуса ў 1932 годзе ўнутраная палітыка краіны пачала схіляцца да разьвіцьця дыктатуры, цэнтралізацыі і праяваў фашызму. У 1933 годзе Дольфус, скарыстаўшыся памылкай у парлямэнцкім заканапраекце, распусьціў Нацыянальную раду і заявіў пра сканчэньне дзеяньня парлямэнту.
Аднак тагачасны ўрад знаходзіўся ў палітычнай канкурэнцыі з Аўстрыйскай нацысцкай партыяй, якая ставіла на мэце далучэньне Аўстрыі да тагачаснай Нямеччыны. Праграма Аўстрыйскае нацысцкае партыі адрозьнівалася ад палітычнае праграмы Дольфуса, які не жадаў далучэньня краіны да Нямеччыны. Урад Дольфуса, спрабуючы перацягнуць на свой бок палітычную ініцыятыву, пачаў спробы зьвязаць аўстрыйскую гісторыю з Каталіцкай царквой, каб такім чынам паказаць прычыну для неўваходжаньня ў склад Нямеччыны, якая зьяўлялася пераважна пратэстанцкай краінай. Тым ня менш, гвалт у краіне працягваўся і ён перарос у грамадзянскую вайну паміж трыма бакамі: нацыстамі, сацыялістамі і аўстрафашыстамі.
1 траўня 1934 году Дольфус устанавіў у Аўстрыі аднапартыйную сыстэму ўлады, на чале якой стаў Фронт Айчыны, кіраваны Энгельбэртам Дольфусам; у гэты ж дзень была абвешчаная г.зв. травеньская Канстытуцыя. Фэдэрацыйны лад краіны і, адпаведна, паўнамоцтвы фэдэральных органаў улады былі згорнутыя, выбары ў Нацыянальную раду былі скасаваныя, а яе чальцы былі замененыя нявыбарнымі чальцамі новых структураў: Дзяржаўнае рады, Фэдэральнае культурнае рады, Фэдэральнай эканамічнай радай і Зямельнай радай. На практыцы законы прымаліся непасрэдна канцлерам і прэзыдэнтам. Пад поўны кантроль дзяржавы трапілі зносіны паміж работнікамі і працадаўцамі, пачаліся рэпрэсіі супраць нацыстаў і ўвогуле пранацысцкіх рухаў. Своеасаблівай помстай нацыстаў стала забойства Дольфуса 25 ліпеня 1934 году[2].
Гэтае забойства незадаволіла Італію, якая на той час таксама кіравалася фашысцкім урадам. Тагачасная Італія мела добрыя зносіны з Аўстрыяй і абяцала аўстрафашысцкаму ўраду дапамогу ў выпадку ўварваньня Нямеччыны (напрыклад, падтрымка Італіі прадухіліла патэнцыйнае далучэньне Аўстрыі ў 1934 годзе).
Пераемнік Дольфуса, Курт Шушніг, захаваў забарону на дзейнасьць нацысцкае партыі ў Аўстрыі, аднак разам з гэтым наогул забараніў дзейнасьць усіх правых ваенізаваных фармаваньняў у 1936 годзе.
У 1938 годзе Гітлер атрымаў згоду Італіі па пытаньні інкарпарацыі Аўстрыі і даў зразумець пра свае намеры атрымаць кантроль над краінай. Шушніг спрабаваў пазьбегнуць вайны зь Нямеччынай і арганізаваў рэфэрэндум па пытаньні далучэньня да Нямеччыны або незалежнасьці Аўстрыі, пры гэтым Шушніг спрабаваў арганізаваць перамогу пранезалежнага пункту гледзішча. На гэтыя абставіны Гітлер адказаў ультыматумам адстаўкі Шушніга 11 сакавіка і ўварваньня ў выпадку нязгоды, у выніку чаго Шушніг быў вымушаны згадзіцца.
Шушніга зьмяніў на пасадзе лідэр аўстрыйскіх нацыстаў Артур Зайс-Інкварт, на наступны дзень нямецкія войскі ўвайшлі ў Аўстрыю. 13 сакавіка Першая Аўстрыйская Рэспубліка была афіцыйна скасаваная, а яе тэрыторыя стала часткай Нямеччыны паводле канцэпцыі аншлюсу (палітычнага хаўрусу).