«Плю́шавы дэса́нт» — падзея, зьвязаная з групай швэдзкіх лётчыкаў, якія паводле паведамленьняў некаторых інфармацыйных агенцтваў[1][2][3][4][5][6] 4 ліпеня 2012 году выляцелі з аэрадрому ў Пацюнах (Летува, Ковенскі раён), перасяклі межы беларускае паветранае прасторы ў раёне Дзевянішак (побач з Салечнікамі ды Іўем), праляцелі на Івянцом[7] і, па некаторых меркаваньнях, ляталі нават над Менскам[8]. Паводле сьцьверджаньняў імаверных удзельнікаў інцыдэнту, яны скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацкі ў выглядзе мядзьведзяў з улёткамі, што заклікалі да выкананьня свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь. Пілёты заўляюць, што ў выпадку затрыманьня беларускімі ўладамі яны плянавалі знайсьці прытулак у амбасадзе Швэцыі і што акцыя плянавалася цэлы год, таксама ў раёне Менску іх выклікалі дыспэтчары менскага аэрапорту. У мэтах пілётаў спачатку быў намер скінуць цацкі на рэзыдэнцыю прэзыдэнта Беларусі, але потым пілёты пабаяліся гэта рабіць[9].
Прадстаўнікі вайскова-паветраных сілаў Летувы паведамлялі выданьню Lietuvos rytas аб факце парушэньня паветранае прасторы[10].
Паводле словаў пілётаў, што прымалі ўдзел у акцыі[11], яны прабылі на тэрыторыі паветранае прасторы Рэспублікі Беларусь прыкладна 1—1,5 гадзіны і бязь цяжкасьцяў вярнуліся ў Летуву.
На фота[12] і відэа[13][14] ўпэўнена бачныя сьведчаньні палёту неідэнтыфікаванага самалёту над беларускай мясцовасьцю: у відэа бачная частка івянецкага краявіду й панарама аднаго зь мікрараёнаў, які некаторыя чытачы беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў ідэнтыфікуюць як мікрараён Малінаўка альбо Сухарава. Іншыя чытачы лічаць інцыдэнт грубай фальсыфікацыяй, зробленай у палітычных мэтах.
Палёт швэдзкага самалёта над Беларусьсю быў неаднаразова параўнаны зь пералётам і прызямленьнем на Чырвонай плошчы ў Маскве Матыяса Руста, нямецкага спартоўца-пілёта, 28 траўня 1987 году[15].
Жыхары Івянцу сьведчаць аб тым, што бачылі[7] пралёт самалёта над пасёлкам і скідваньне цацак на зямлю. Таксама некаторыя сьведкі інцыдэнту адзначаюць, што мясцовая міліцыя апэратыўна сабрала скінутыя на Івянец цацкі[16]. Мясцовыя жыхары баяліся таго, што цацкі могуць быць атручанымі і ўвогуле баяліся рэакцыі ўладаў, якія маглі даведацца пра тое, што жыхары зьяўляліся звычайнымі сьведкамі інцыдэнту[17]. Паводле інфармацыі газэты Наша Ніва, знайшоўся жыхар мікрараёну Сухарава, які здолеў атрымаць адну з цацак, што прызямлілася ў мікрараёне[18].
Гэты разьдзел ўтрымлівае застарэлыя зьвесткі.
|
Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь лічыць сам факт пранікненьня замежнага самалёта ў беларускую паветраную прастору, парушэньне яе цэласнасьці і скіданьне цацак з заклікамі да выкананьня свабоды слова фальсыфікацыяй[19]. У міністэрстве заяўляюць, што «фактаў, якія пацьвярджаюць перасячэньне замежным транспартным сродкам беларускае паветранае прасторы, няма».
Паводле інфармацыі некаторых інфармацыйных агенцтваў і бацькоў КДБ Беларусі арыштавала Антона Сурапіна — чалавека, які фатаграфаваў плюшавых мядзьведзікаў[20].
26 ліпеня 2012 году кіраўнік беларускай дзяржавы прызнаў факт парушэньня мяжы[21], а 31 ліпеня адправіў у адстаўку старшыню беларускага памежнага камітэту генэрал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага войскамі СПА Беларусі генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна[22]. Да таго ж Лукашэнка пазбавіў пасады й віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса[23].
7 жніўня фігурантам справы — Антону Сурапіну й Сяргею Башарымаву — прад’яўленыя афіцыйныя абвінавачваньні[24][25][26].